— Такімі нават дупу падціраць, прабачце, сорамна... — прамовіў лысы і засмяяўся. Астатнія напружана маўчалі. Няёмкую паўзу перапыніла дзяўчына. Падняўшыся і паўстаўшы перад прысутнымі ва ўсёй сваёй красе, яна элегантна падышла да маладога чалавека і стукнула яго кулаком па твары. Галава яго, нібы паветраны шарык, тузанулася направа. Пакуль дзяўчына пацірала кулак, хлопец праглынуў згустак крыві і, падняўшы галаву, паглядзеў ёй прама ў вочы. Твар яго асвяціўся крывавай усмешкай.
— Не бачу нагод для ўсмешак, юнак! — пасля гэтых слоў, дзяўчына села назад за стол і, зрабіўшы выгляд, што нікога акрамя членаў камісіі тут няма, прамовіла:
— Што будзем рабіць з гэтым лайном?
Лысы, які відавочна сімпатызаваў маладой удзельніцы зачыненых працэсаў, выказаўся першым:
— Наша камісія створана не проста так. Годных аўтараў вялікіх твораў мы ўзнагароджваем ганаровым расстрэлам у склепе. Ну а гэта, гэта проста абраза нашага вялікага грамадзянскага грамадства, нашай вялікай думкі асуджанай волі...
Лысага перапыніў сваёй гаворкай удзельнік камісіі, які вёў пратакол:
— Увогуле, я запісваю, што !ванова Сяргея Сцяпанавіча мы пазбаўляем грамадзянства, а таксама права пражывання ў дзяржаве, — зрабіўшы некалькі простых запісаў і паставіўшы кропку ў пратаколе, усе чацвёра пачулі жаласны ўсхліп прыкаванага маладога чалавека.
— Гэта ж якое нахабства трэба мець, каб несці на разгляд камісіі такое... — абурана прамовіла пажылая жанчына. Яна ўстала і, накінуўшы на сябе чорнае скураное паліто, якое хавала яе грузную постаць, засунула крэсла.
— Часы такія пайшлі, самі разумееце. Ды і прысудзілі мы многіх па заслугах. А гэта... — дзяўчына кіўнула на юнака, які плакаў. — Гэта наогул выраджэнцы.
Неўзабаве ўсе чатыры чалавекі пакінулі камісійнае паседжанне. Замест іх зайшоў добра складзены салдат і, з пагардай паглядзеўшы на !ванова, вызваліў яго ад кайданкоў. Iваноў жа нечакана падхапіўся і, сціснуўшы рукі ў кулакі, прыняўся выць, нібы пакрыўджаны старэйшымі дзетсадавец. Салдат моўчкі стукнуў яго прыкладам вінтоўкі ў грудзі. !ваноў з грукатам зваліўся, пакідаючы на падлозе яркія кроплі крыві.
— Вяроўку i мыла. Ну, ці лёзы...Карацей, забярэш на КПП. Там дасведчаныя, — напаследак салдат штурхнуў берцам у бок апальнага паэта. Перш чым сысці з памяшкання, салдат паглядзеў на партрэт Патрыярха і перахрысціўся.
Салдат зачыніў дзверы. Iваноў працягваў ляжаць, напэўна, так да канца i не ўсвядоміўшы сваёй ганебнай долі.
«12 студзеня 2021. Шэсць гадоў як мяне саслалі ў Бійск...»
Кірыла пісаў у сваім дзённіку кожны дзень, як прыехаў у гэты сібірскі горад разам са сваёй каханай. Была раніца. Каханая дзве гадзіны як працавала на заводзе, а Кірыла працягваў пісаць.
«Змушанае маё знаходжанне ў гэтай творчай клаацы павінна падысці да свайго фіналу».
Паставіўшы апошняе шматкроп'е, ён загарнуў сшытак і запаліў. Стрэсваючы попел у бляшаны слоік з-пад кавы, Кірыла разважаў пра тое, якія творы ён панясе на разгляд строгай камісіі і што яму лепш потым зрабіць: павесіцца ці парэзаць сабе вены ў лесе. Ці проста замерзнуць.
— Гэта Алтай, мілы. Тут па начах -52° бывае, — казала яму Сняжанна, калі яны ўпершыню заехалі ў запляснелую хрушчоўку і сядзелі побач з ледзь ледзь цёплай батарэяй.
Калісьці Бійск быў навукаградам, і ў сценах сакрэтных лабараторый вядучыя розумы даўно забытай краіны праектавалі ракеты ў падарунак далёкаму і страшнаму ворагу. Потым апынулася, што краіна поўная ворагамі ўнутранымі, а не знешнімі, і Бійск зрабілі горадам для людзей, што словамі сваімі маглі данесці ноты пратэсту ў аморфныя масы.
Да канца тэрміна заставалася некалькі дзён. Калі ён нічога не падасць, то яго могуць спісаць як «непатрэбны чалавечы матэрыял» з ганебным штампам «западозраны ў паэтычных справах».
Быць поўным ізгоем ён не жадаў, а свае паэтычныя творы прадставіць на суд рыцараў грамадскасці не асмельваўся.
— Не хадзі туды.... Давай уцячэм... — казала Сняжанна, калі, лежачы ў ложку, яны глядзелі ў столь і слухалі, як вецер лютаваў за акном, перасоўваючы штосекундна тоны снегу па гарыстай мясцовасці неабсяжнай Сібіры. Але ім не схавацца ад пільных камер і ўсюдыісных спадарожнікаў. Кожны ў полі зроку сістэмы.
Кірыла быццам адчуваў сваё прызначэнне. Таму ён сабраў спісаныя лісты ў касую лінейку і акуратна склаў іх у канверт.
Праз некалькі гадзін Сняжанна прыедзе на абед. Магчыма, што да гэтага часу Кірылы ўжо не будзе ў жывых.