Васіль Ткачоў
КАНФУЗ
Падрыхтаванае на падставе: Васіль Ткачоў, Канфуз. Апавяданні, — Мазыр: Мазырская узбуйненая друкарня, 2001.
Рэдактар: В. Ардашава
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
МІХАСЬКА – СУСЕД ГЕНЕРАЛА
Яшчэ адзін дом-прыгажун вырас у нашым горадзе. Цагляны, шматпавярховы, з вялікі вокнамі! Навасёлы рады: будуць жыць амаль у самым цэнтры сталіцы.
Радуецца і Міхаська: на адной лесвічнай пляцоўцы з ім жыве генерал. Гэта дзякуючы яму, генералу, Міхаська апынуўся ў цэнтры ўвагі хлапчукоў усяго двара.
Хлапчукі падыходзяць да Міхаські, па чарзе вітаюцца з ім за руку, цікавяцца:
–Дома генерал?
– Не прыехаў яшчэ, – важна адказвае Міхаська, нібыта і на самай справе ведае, куды паехаў генерал, у колькі гадзін вернецца. Можна нават падумаць, што Міхаська ў яго ад’ютант.
– Сёння на “Волзе” паехаў?
Міхаська спаў, калі па генерала прыехала легкавушка. Аднак з выглядам дасведчанага чалавека адказвае:
– На “Волзе”!
Хлапчукі пэўны час маўчаць.
Байчэйшы, Петрык, нарэшце пытае:
– А ці праўда, Міхаська, што твой сусед з пісталета страляе, як алімпійскі чэмпіён?
– Генарал усё ўмее рабіць, – кажа Мітхаська.– Ён нават дывізію можа ў бой павесці, во!
– А роту? – дапытваецца Петрык.
– І роту, – адказвае Міхаська, а сам думае: “Што больш – дывізія ці рота?”
Хлапчукі, як тыя вераб’і, доўга шчабяталі перад акном генеральскай кватэры. Іх усё цікавіла: і што на службе робіць генерал, і як ён жыве. Рашылі ў акно заглянуць.
Акно высока ад зямлі, так проста не заглянеш.
Петрык прыгнуўся, загадаў самаму маленькаму хлапчуку:
– Станавіся, Сяргейка, мне на спіну. Ты лёгкі.
Сяргейка спрытна залез на Петрыкаву спіну, прыпаў да шыбіны.
– Кажы, што бачыш, – прыспешвалі Сяргейку.– Ці вочы ад усяго разбягаюцца? Там ёсць на што паглядзець?
Сяргейка пачаў пералічваць:
– Стол стаіць. У куце ложак. Яшчэ бачу канапу, тры крэслы…
Не злазячы з Петрыкавай спіны, Сяргейка з дакорам глянуў на Міхаську:
– А ты казаў: жыве – цар! Усё, я і ў нас.
Ён саскочыў на зямлю, заявіў:
– Хлус ты, Міхаська, хоць і сусед генералаў.
Хлапчукі таксама накінуліся на Міхаську:
– А яшчэ хваліўся, што за руку з генералам вітаешся.
– Дома ў яго бываеш, чай п’еш.
–Эх ты!
І хлапчукі разбрыліся па двары.
…Міхаська пачуў, як за спіной зарыпела тармазамі легкавушка. Ён азірнуўся. З машыны выйшаў генерал. Але чамусьці ў цывільным адзенні, пры гальштуку, на галаве – капялюш. “Калі ў цывільным, дык такі, як усе, – здзівіўся Міхаська. – Як і мой тата”.
І яшчэ Міхаську было прыкра, што хлапчукі назвалі яго хлусам. Ён жа сапраўды думаў, што генералы не такія, як усе. І вось што выйшла з гэтым суседствам…
Пачакайце – Міхаська, можа, яшчэ будзе чай піць з генералам. Пэўна, будзе, раз яны – суседзі.
САКРАТАРКА
Дзынкнуў тэлефон. Алеся адразу ж падбегла да палічкі, на якой ён стаіць, зняла трубку, спытала:
– Алё! Вам каго?
– Мне, Алеська, пакліч, калі ласка, бабулю. Але спярша – добрай раніцы табе!
– Добрай раніцы, – адказвае дзяўчынка і кліча бабулю.
Бабуля размаўляе па тэлефоне, а малая гуляе з лялькамі.
Потым зноў зазваніў тэлефон. Алеся зняла трубку, паслухала і паўшэптам сказала:
– Бабулю паклікаць не магу: яна спіць. На канапе. А тата з мамай на працы...
І паклала трубку.
Бабуля ўсміхнулася, узнялася з канапы, падыйшла да Алесі, лёгенька абняла яе за плечы:
– Сакратарка ты мая. Пайшлі, пайшлі палуднаваць. Пачастую я цябе варэнікамі: пакуль ты дзяжурыла каля тэлефона, я і прыгатавала іх. Без цябе аніяк не справілася б.
НЕПАСЛУХМЯНАЕ МЫЛА
Максімка мыецца ў ваннай . Адзін. Як дарослы. Але больш займаецца ён тым, што ловіць мыла, якое зусім не слухаецца – выслізвае з рук, нібы забаўляецца з хлопчыкам:
– А-га, паспрабуй злаві! А вось і не зловіш!
Максімка такіх жартачкаў не разумее, на вочках выкругліліся слязінкі. Неўзабаве ён пачынае румзаць. Падыходзіць мама: бяда ж! Яна глядзіць на малога і нічога не разумее.
– Што з табой, сынку? – пытае.
– Мыла... не слухаецца, – паказвае хлопчык на кавалачак мыла, які плавае на вадзе.
Ён апускае руку ў ваду і…ловіць мыла! Максімка моцна заціскае яго ў кулачку і шчасліва ўсміхаецца: калі мама побач, то і мыла слухаецца.
КАНФУЗ
Максімкаў дзед жыве ў вёсцы. Ранняй вясной, калі яшчэ не было работы на агародзе, бабуля сказала яму: