Выбрать главу

– З’ездзі ў Гомель, унуку яблыкаў і журавін завязі. А я ўжо сама тут карову і парсючка дагледжу.

Дзед прывёз поўную торбу розных вясковых ласункаў. Як толькі данёс? У яго ж, у дзеда, няма адной рукі – з вайны вярнуўся з пустым рукавом.

Усе абрадаваліся дарагому госцю. А найбольш – Максімка.

Назаўтра тата з мамай пайшлі на працу, а яны, малы і стары, засталіся ўдвух. Чыталі казкі, глядзелі кінафільм. Максімка і заснуў перад тэлевізарам у крэсле, а дзед патупаў на кухню. «Пакуль унучак спіць, – падумаў, – памыю посуд. Прачнецца ён, а талеркі і лыжкі будуць чысценькія – можна і абедаць».

Нязручна мыць посуд адной рукой, але дзед сяк-так прылаўчыўся. І раптам адна талерка выслізнула з рукі і разбілася. Прысеў дзед на табурэцік, шкадуе: такая прыгожая талерка была.

Тут Максімка прачнуўся, прыбег на кухню, суцяшае:

– Не бядуй, дзядуля. Тата казаў калі б’ецца посуд, то гэта на шчасце.

– Шчасця, канечне, у тым мала, што я талерку разбіў, але ж і бедаваць надта не трэба, – пагадзіўся дзед і пагладзіў унука па галаве. – Няёмка мне, канфуз атрымаўся.

Максімка паднёс да ракавіны табурэцік, ускараскаўся на яго і пачаў мыць посуд.

– А ты, дзядуля, пасядзі, – сказаў ён. – Табе цяжка. Каб у цябе было дзве рукі, як у мяне, тады б і ты мне дапамог... А такі канфуз з кожным можа здарыцца.

Дзед назіраў за унукам і суцешна ўсміхаўся.

ПІСЬМО

Мікола захварэў. І так сур’ёзна, што палажылі яго ў бальніцу: з хваробай не жартуюць. Ляжыць хлопчык у пакойчыку пад бялюткай коўдрай, сяброў успамінае і дужа шкадуе, што не ходзіць, як яны, у школу.

Думаў, думаў пра аднакласнікаў Мікола і заснуў. А ў гэты самы час і сябры прыбеглі праведаць яго.

– Нельга будзіць, – строга сказала медсястра. – Няхай больш спіць, тады хутчэй паправіцца.

Прыціхлі хлопчыкі і дзяўчынкі. Разважаюць: Новы ж год заўтра, павіншаваць трэба Міколку. А як? Паштоўкі няма.

І яны прыдумалі.

Прачнуўся хлопчык, падышоў да акна, і на ягоным твары ўспыхнула шчаслівая ўсмешка. На снезе было вытаптана: «Міколка! З Новым годам! Папраўляйся! Чакаем!»

І хоць подпісу пад гэтым незвычайным пісьмом не было, хлопчык здагадаўся, хто павіншаваў яго са святам.

ЗАДЗІРЫ

Юраська сядзеў у пакоі і назіраў, як на двары, пад клёнікам, разгараецца бойка: два чубаценькія вераб’і счапіліся, ажно пер’е ляціць.

«Можа, дурэюць? – падумаў хлопчык. – Але быццам не, не падобна. Сапраўдная бойка».

Юраська ніколі не бачыў, каб так біліся вераб’і. Пэўні – дык гэта іншая справа. Нездарма ў народзе кажуць: «Счапіліся, як пеўні ўсё роўна».

«Што ж яны не падзялілі?» – зацікавіўся Юраська і яшчэ пільней пачаў прыглядацца да задзіраў. “Ага, вось з-за чаго бойка ўсчалася! –зразумеў хлопчык. – Адзін верабей знайшоў недзе хлебную скарыначку, а другі, відаць, дужэйшы і больш нахабны, рашыў адабраць”.

Вераб’і заўзята дзяўбалі адзін аднаго.

«Не, самі яны не памірацца, – упэўніўся Юраська. – Трэба ім дапамагчы».

Ён адчыніў кухонную шафку, набраў поўную жменю круп і сыпануў праз акно задзірам. Вераб’і мігам разляцеліся ў бакі, потым агледзеліся, пасямлелі, сышліся і дружна пачалі сілкавацца. Ды так, што адно хвосцікі ўпрысядкі захадзілі.

Юраська глядзеў на іх і радаваўся: ён не толькі памірыў птушак, а і крыху дапамог ім у такую халодную зіму. “Добра было б кармашку зрабіць”, – падумаў хлопчык і вырашыў, што пра гэта пагаворыць з тамам увечары.

ДЫКТАНТ

Алесь дрэнна піша дыктанты: памылка на памылцы. Каб хлопчык трохі падцягнуўся, настаўніца параіла часцей пісаць дыктанты дома.

Вечарам Алесь прынёс тату падручнік і сказаў:

– Дыктуй, тата. Буду вучыцца пісаць без памылак.

Тата ахвотна дыктуе, Алесь старанна піша. І так некалькі дзён запар. А потым тата адклаў падручнік убок.

– Садзіся, сынок, пішы,– сказаў ён.– Сёння буду дыктаваць на памяць.

Алесь выводзіць сказ за сказам: «На дварэ адліга. Радасна свеціць сонейка. На вуліцы з’явіліся лужыны. Я не магу прайсці міма, абавязкова ўлезу ў ваду...»

Алесь глянуў на тату:

– Ты пра каго гэта так?

– Пішы, сынок, пішы...

Алесь працягвае пісаць: « Прыйдзеш дадому ўвесь брудны, мокры –вось маці і работа. А яна хацела адпачыць...»

–Дрэнны дыктант ты, тата, прыдумаў, – пачырванеў да вушэй Алесь.

– Нічога я не прыдумаў, – сказаў тата.

Вечарам, зрабіўшы ўрокі, Алесь вырашыў, што заўтра ён напіша зусім іншы дыктант.