Парадак правядзення выбараў Прэзiдэнта вызначаецца законам Рэспублiкi Беларусь.
Артыкул 99. Прэзiдэнт заступае на пасаду пасля прынясення Прысягi наступнага зместу:
"Заступаючы на пасаду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, урачыста клянуся служыць народу Рэспублiкi Беларусь, выконваць Канстытуцыю i законы Рэспублiкi Беларусь, добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокiя абавязкi".
Прысяга прыносiцца ва ўрачыстай абстаноўцы на спецыяльным пасяджэннi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь не пазней двух месяцаў з дня выбрання Прэзiдэнта. З моманту прынясення Прысягi нававыбраным Прэзiдэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзiдэнта спыняюцца.
Артыкул 100. Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь:
1) прымае меры па ахове суверэнiтэту, нацыянальнай бяспекi i тэрытарыяльнай цэласнасцi Рэспублiкi Беларусь, забеспячэнню палiтычнай i эканамiчнай стабiльнасцi, захоўванню правоў i свабод грамадзян;
2) кiруе сiстэмай органаў выканаўчай улады i забяспечвае iх узаемадзеянне з прадстаўнiчымi органамi;
3) стварае i скасоўвае мiнiстэрствы, дзяржаўныя камiтэты i iншыя цэнтральныя органы кiравання Рэспублiкi Беларусь;
4) са згоды Вярхоўнага Савета назначае i вызваляе ад пасады Прэм'ер-мiнiстра, яго намеснiкаў, мiнiстраў замежных спраў, фiнансаў, абароны, унутраных спраў, Старшыню Камiтэта дзяржаўнай бяспекi; назначае i вызваляе ад пасады iншых членаў Кабiнета Мiнiстраў; прымае адстаўку ўказаных у гэтым пункце асоб;
5) прадстаўляе Вярхоўнаму Савету кандыдатуры для выбрання на пасады Старшынi Канстытуцыйнага Суда, Старшынi Вярхоўнага Суда, Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшынi Праўлення Нацыянальнага банка;
6) штогод прадстаўляе Вярхоўнаму Савету даклады аб становiшчы дзяржавы, па ўласнай iнiцыятыве або па прапанове Вярхоўнага Савета iнфармуе Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь аб рэалiзацыi ўнутранай i знешняй палiтыкi Рэспублiкi Беларусь;
7) звяртаецца з пасланнямi да народа Рэспублiкi Беларусь i Вярхоўнага Савета;
8) паведамляе Вярхоўнаму Савету аб Праграме дзейнасцi Кабiнета Мiнiстраў;
9) мае права ўдзельнiчаць у рабоце Вярхоўнага Савета i яго органаў, выступаць перад iмi ў любы час з прамовай або паведамленнем;
10) назначае суддзяў Рэспублiкi Беларусь, акрамя тых, выбранне якiх аднесена да кампетэнцыi Вярхоўнага Савета;
11) назначае iншых службовых асоб, пасады якiх вызначаны ў адпаведнасцi з законам, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй;
12) вырашае пытаннi аб прыёме ў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, яго спыненнi i прадастаўленнi прытулку;
13) узнагароджвае дзяржаўнымi ўзнагародамi, прысвойвае класныя чыны i званнi;
14) ажыццяўляе памiлаванне асуджаных грамадзян;
15) прадстаўляе дзяржаву ў адносiнах з iншымi краiнамi i мiжнароднымi арганiзацыямi;
16) вядзе перагаворы i падпiсвае мiжнародныя дагаворы, назначае i адклiкае дыпламатычных прадстаўнiкоў Рэспублiкi Беларусь у замежных дзяржавах i пры мiжнародных арганiзацыях;
17) прымае даверчыя i адзыўныя граматы акрэдытаваных пры iм дыпламатычных прадстаўнiкоў замежных дзяржаў;
18) у выпадку стыхiйнага бедства, катастрофы, а таксама беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам цi пагрозай гвалту з боку групы асоб i арганiзацый, у вынiку якiх узнiкае небяспека жыццю i здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасцi i iснаванню дзяржавы, уводзiць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становiшча з унясеннем у трохдзённы тэрмiн прынятага рашэння на зацвярджэнне Вярхоўнага Савета;
19) у выпадках, прадугледжаных законам, мае права адкласцi правядзенне забастоўкi або прыпынiць яе не больш чым на двухмесячны тэрмiн;
20) падпiсвае законы, мае права не пазней чым у дзесяцiдзённы тэрмiн з дня атрымання закона вярнуць яго са сваiмi пярэчаннямi ў Вярхоўны Савет для паўторнага абмеркавання i галасавання. Калi Вярхоўны Савет большасцю не менш як дзве трэцi ад выбраных дэпутатаў пацвердзiць раней прынятае iм рашэнне, Прэзiдэнт абавязаны падпiсаць закон у трохдзённы тэрмiн; нявернуты ва ўказаны тэрмiн закон лiчыцца падпiсаным;
21) мае права адмяняць акты падведамных яму органаў выканаўчай улады;
22) прыпыняе рашэннi мясцовых Саветаў дэпутатаў у выпадку неадпаведнасцi iх закону;
23) узначальвае Савет Бяспекi Рэспублiкi Беларусь;
24) з'яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымi Сiламi Рэспублiкi Беларусь;
25) уводзiць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становiшча, аб'яўляе поўную або частковую мабiлiзацыю;
26) ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй i законамi.
Прэзiдэнт не мае права дэлегаваць якiм-небудзь органам цi службовым асобам свае паўнамоцтвы як кiраўнiка дзяржавы.
Артыкул 101. Прэзiдэнт выдае ў межах сваiх паўнамоцтваў указы i распараджэннi, арганiзуе i кантралюе iх выкананне.
Артыкул 102. Прэзiдэнт не можа займаць iншыя пасады, атрымлiваць апрача заработнай платы грашовыя ўзнагароджаннi, за выключэннем ганарараў за творы навукi, лiтаратуры i мастацтва.
Прэзiдэнт прыпыняе членства ў палiтычных партыях i iншых грамадскiх аб'яднаннях, якiя дамагаюцца палiтычных мэт, на ўвесь тэрмiн паўнамоцтваў.
Артыкул 103. Прэзiдэнт можа ў любы час падаць у адстаўку. Адстаўка Прэзiдэнта прымаецца Вярхоўным Саветам.
Артыкул 104. Прэзiдэнт можа быць зняты з пасады ў выпадку парушэння Канстытуцыi або ўчынення iм злачынства, а таксама датэрмiнова вызвалены ад пасады пры немагчымасцi выканання iм сваiх абавязкаў па стану здароўя пастановай Вярхоўнага Савета, прынятай большасцю не менш як дзве трэцi ад выбраных дэпутатаў Вярхоўнага Савета.
Пытанне аб зняццi Прэзiдэнта можа быць пастаўлена па прапанове не менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Заключэнне аб парушэннi Прэзiдэнтам Канстытуцыi даецца Канстытуцыйным Судом, аб учыненнi злачынства - спецыяльнай камiсiяй Вярхоўнага Савета. З моманту вынясення заключэння Канстытуцыйнага Суда аб парушэннi Канстытуцыi цi заключэння спецыяльнай камiсii аб учыненнi злачынства Прэзiдэнт не можа выконваць свае абавязкi да вынясення Вярхоўным Саветам адпаведнага рашэння.
У выпадку зняцця Прэзiдэнта ў сувязi з учыненнем злачынства справа па сутнасцi абвiнавачання разглядаецца Вярхоўным Судом.
Артыкул 105. У выпадку вакансii пасады Прэзiдэнта або немагчымасцi выканання iм сваiх абавязкаў яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягi нававыбраным Прэзiдэнтам пераходзяць да Старшынi Вярхоўнага Савета.
У гэтым выпадку абавязкi Старшынi Вярхоўнага Савета пераходзяць да Першага намеснiка Старшынi Вярхоўнага Савета.
Артыкул 106. Для рэалiзацыi паўнамоцтваў выканаўчай улады ў галiнах эканомiкi, знешняй палiтыкi, абароны, нацыянальнай бяспекi, аховы грамадскага парадку i iншых сферах дзяржаўнага кiраўнiцтва пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь ствараецца Кабiнет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.
Артыкул 107. Кабiнет Мiнiстраў складае свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзiдэнтам.
Члены Кабiнета Мiнiстраў назначаюцца i вызваляюцца ад пасады Прэзiдэнтам. Прэм'ер-мiнiстр, яго намеснiкi, мiнiстры замежных спраў, фiнансаў, абароны, унутраных спраў, Старшыня Камiтэта дзяржаўнай бяспекi назначаюцца i вызваляюцца ад пасады Прэзiдэнтам са згоды Вярхоўнага Савета.
Прэм'ер-мiнiстр ажыццяўляе непасрэднае кiраўнiцтва дзейнасцю Кабiнета Мiнiстраў, падпiсвае акты Кабiнета Мiнiстраў, якiя маюць абавязковую сiлу на ўсёй тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, выконвае iншыя ўскладзеныя на яго функцыi.
Вярхоўны Савет мае права заслухаць справаздачу любога члена Кабiнета Мiнiстраў па пытаннях выканання законаў. У выпадку парушэння членам Кабiнета Мiнiстраў Канстытуцыi i законаў Вярхоўны Савет мае права паставiць перад Прэзiдэнтам пытанне аб датэрмiновым вызваленнi яго ад пасады.
Артыкул 108. Кампетэнцыя Кабiнета Мiнiстраў, парадак яго дзейнасцi вызначаюцца на аснове Канстытуцыi Законам аб Кабiнеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.
ГЛАВА 5.
СУД
Артыкул 109. Судовая ўлада ў Рэспублiцы Беларусь належыць судам.