Выбрать главу

Пётар Яршоў

Канёк-гарбунок

Частка першая. Пачынаем баяць казку

За гарамі, за лясамі, За шырокімі марамі У сяле жыў-быў адзін Стараваты селянін. Тры сыны былі ў старога, Большы розуму меў многа, Быў сярэдні сяк і так, Меншы - дурань ці прастак. Разам сеялі пшаніцу І вывозілі ў сталіцу, Бо ад горада сяло Як рукой дастаць было. Там пшаніцу прадавалі, Трохі грошай выручалі, Палічыўшы шмат разоў, Кіраваліся дамоў. Ды заўважылі аднойчы - Стаў прыходзіць нехта ўночы І ўчыняць з пшаніцы здзек. Ды страшэнны - мо за век Не зазналі горшай шкоды. Шкоднік хто? З такой нягоды Сталі думаць, меркаваць, Як падгледзець, як пазнаць. Дакумекалі, што варта Выстаўляць у полі варту. Кожны па чарзе ўначы Будзе поле сцерагчы. Толькі пачало змяркацца, Стаў старэйшы брат збірацца. «Дзе сякера? Дзе сахор?» - І пайшоў у свой дазор. Непагадзь якраз настала, На яго жуда напала. З віламі наперавес У гумно на сена ўзлез. І прахроп там да світанку! Развіднела - ён да ганку. На сябе вядро вады Шух! - і грукае тады. «Гэй вы, сонныя цяцеры! Адчыняйце брату дзверы! Як сабака, сёння змок З галавы да самых ног».
Ну, браты ўпусцілі брата. «Дык расказвай... Як там варта? - Падступаюць да яго. - Ці не бачыў ты каго?» Вартавы наш памаліўся, На два бокі пакланіўся, Кашлянуў ён і сказаў: «Я ўсю ноч, браткі, не спаў. Бура з громам бушавала. Так ліло! Не дождж - навала! Я ж трымаўся да канца, Хоць і вымак да рубца, Ды паводзіўся харобра, І ўсё скончылася добра». Бацька сына пахваліў: «Ты, Даніла... Каб я жыў!.. Паказаў ты двум астатнім Добры прыклад, прыклад братні. Каб, як той казаў, у час Быў вось гэткім кожны з вас».
Толькі пачало змяркацца, Стаў Гаўрыла ўжо збірацца. Ён сякеру ўзяў, сахор І пайшоў у свой дазор. Ноч халодная настала. Службу ён пачаў нядбала, Бо як выйшаў за сяло, Трэсці хлопца пачало. Дзёру даў назад хлапчына І пад плотам у дзяўчыны Да світанку прахадзіў, Потым хлопцаў разбудзіў: «Гэй вы, соні! Уставайце, Брату дзверы адчыняйце! Ноччу страшны быў мароз, Да пячонак я прамёрз». Дзверы брату адчынілі, У цяпло яго ўпусцілі. «Дык расказвай жа хутчэй, Хто пшаніцу нам таўчэ!» Вартавы перахрысціўся, На два бокі пакланіўся, Неахвотна працадзіў: «Я ўсю ночку прахадзіў... Не прысеў ні на хвілінку: Холад! Бегаў без спачынку, Нібы той у жыце драч... Не шанцуе мне, хоць плач. А ў пшаніцы было ціха, Абмінула сёння ліха». Бацька сына пахваліў, І Гаўрылу сон зваліў.
Пачало ўжо зноў змяркацца, Трэба меншаму збірацца. «А Іван падзеўся дзе?» Ваня ж вухам не вядзе. Шум у хаце стаў вялікі, Сварка, лаянка і крыкі. Ваня ў цёпленькім кутку Спіну гладзіць вуркатку, З печы песні распявае, Пра сваю чаргу не дбае. Бацька з ласкай падышоў: «Дам гароху і бабкоў! Павартуй схадзі ў ахвоту, Хіба ж цяжкая работа?» Злез Іван нарэшце з печы, Малахай[1] уздзеў на плечы. Хлеб за пазуху кладзе, У паход-дазор ідзе. Вось і месяц узыходзіць, Поле наш Іван абходзіць. Азіраецца кругом І садзіцца пад кустом: Чэрствы хлеб грызе са смакам, Лічыць зоркі - драбней маку!
Заіржаў у поўнач конь, Ваня глянуў пад далонь. Што такое? Мо памылка? Не! Чароўная кабылка! Белая, як свежы снег, Тут знайшла сабе начлег. Не кабыла - проста дзіва, Грыва - золата, не грыва. «Вось хто топча... Ай-яй-яй!.. Хто б падумаць мог... Чакай! Гэта ўжо зусім не жарты. Дакажу, чаго я варты! Падбяруся і цішком Ёй адпомшчу за пагром!» Да кабылкі падбягае, За даўжэзны хвост хапае, І на спіну спрытна - скок, Толькі тварам не ў той бок. А кабылка падбрыкнула, Шыю, як змяя, сагнула, Потым стала дубала І памчала, як страла, Круг за кругам над палямі, Завісала над равамі. А як трэсла па гарах, Самы большы меў ён страх. Ды Іван не паддаваўся І за хвост мацней трымаўся. Вось апошні ўжо віток, І галоп шалёны, скок Замарудзіла і стала. «Ну, Іван, - яму сказала, - Я звалюся хутка з ног. Раз на мне ўтрымацца змог, Так і быць, валодай мною. Толькі месца для спакою Мне знайдзі і даглядай, І тры дні гуляць пускай. Гэтак хочацца на волі Паскакаць па чыстым полі! А як скончацца тры дні, Два народзяцца кані. Гэткіх коней ты не бачыў. Дый ніхто! Яшчэ ў прыдачу Я малога нараджу... Будзе ён не прыгажун - Той канёк з двума гарбамі Ды з аршыннымі вушамі. Калі хочаш, тых прадай, А канька не аддавай Ні за пояс, ні за шапку, Ці якую, можа, бабку. На зямлі і пад зямлёй Ён таварыш будзе твой; Ён зімой цябе сагрэе, Летам ветрыкам абвее, Хлебам зможа накарміць, Смагу мёдам дасць запіць. І тады я зноў на полі Набяруся сілы-волі».
вернуться

1

Малахай - доўгая шырокая вопратка без пояса.