Выбрать главу
Новы ранак наступае, Цар-дзяўчына падплывае. Толькі сонцава сястра Не спяшае да шатра. Покуль шлюпка стала толкам, Зноў валтузілася доўга. Потым з гуслямі ў шацёр І адразу за прыбор... А як дзіўна заіграла І салодка заспявала, Зноў прыйшоў аднекуль сон, Ледзь не ўзяў яго ў палон. Але Ванька не паддаўся, На дзяўчыну раззлаваўся: «Ах ты, дрэнь! Мяне дурыць?! Хочаш зноў заваражыць?» - І ў шацёр ён убягае, За касу яе хапае. «Эй, канёк, хутчэй бяжы! Гарбуночак, памажы!» - «Ну, Іван, ты малайчына! Дык мацней трымай дзяўчыну. Што ў яе цяпер наўме, Мы не знаем. На мяне Трэба вам хутчэй садзіцца, І паскачам у сталіцу». Толькі селі - і канёк Прыпусціўся з усіх ног...
Ля палаца бег спынілі. Тут іх зразу акружылі... Да царэўны выбег цар: «О, які цудоўны дар!» І, ступаючы няпэўна, У палац вядзе царэўну. Вочы ў вочы ёй глядзіць, Ад кахання аж дрыжыць. Пасадзіў за стол дубовы. Галасочак стаў мядовы: «Як не бачыў - уздыхаў, А пабачыў - пакахаў! Сэрца ты майго зарніца! Пагаджайся быць царыцай! Зноў я стаў, як малады, Зноў жаніх я хоць куды! Чары-дзівы твае вочы Не дадуць мне спаць уночы, Не дадуць забыцца ўдзень, Хоць трубі, як той алень. Скажаш ласкавае слова - Да вяселля ўсё гатова, -
Заўтра ж пойдзем возьмем шлюб! Не маўчы... Табе я люб?» Ні паўслова не сказала, Бы цара не існавала, Адвярнулася ў куток - Мо такі дала зарок? Цар ніколькі не ўзлаваўся, Яшчэ болей закахаўся. На адно калена стаў, Ручкі ёй абцалаваў. Як дурыў, зноў дурыць голаў: «Ці табе я не пад нораў? Хіба ёсць мая віна, Што я п'яны без віна?» І адказвае царэўна Ціха, ласкава, не гнеўна: «Калі хочаш заняволіць, Трэба просьбу задаволіць. Трэба за тры дні дастаць - Хопіць там яму ляжаць - Мой пярсцёнак з акіяна». - «Гэй! Падаць сюды Івана!» - Цар адразу закрычаў І ледзь сам не паімчаў.
Да цара Іван прыходзіць, Думае: «Эх, зноў нашкодзіць! Ну - не цар стаў, а тыран!» - «Едзь хутчэй на акіян! - Царскі голас грозны, гнеўны. - Персцень з дна дастань царэўнін! А дастанеш мне яго, Надару табе ўсяго». - «Я ледзь-ледзь цягаю ногі Яшчэ з першай той дарогі. А ты зноў на акіян...» - Кажа так цару Іван. «Як ты, шэльма, мог забыцца?! Я ж хачу з ёй ажаніцца! Мо глухі ты? Чуў загад? Каб з пярсцёнкам ты назад За тры дні вярнуўся. Ясна? Яшчэ лепш, калі дачасна». Тут Іван хацеў пайсці, Каб пустое не чаўпці. «Ваня, слухай! Ты ж разумны... Ты ў мой церам ізумрудны Па дарозе завітай. Мамачцы паклон аддай, - Так сказала Цар-дзяўчына. - А як знойдзецца хвіліна, Далікатна распытай... Толькі, цур, не папракай! Скажаш: дочка ведаць хоча, Чаму маці па тры ночы Ад яе хавае твар? Днём такі ж гняткі цяжар, Бо і братка мой харошы Стаў таксама многа горшы. Хоць бы промнік мне паслаў! Хоць бы вестачку падаў! Як захутаецца ў хмары - Быццам адбывае кару». - «А хто маці і хто брат? Не казаць жа мне наўгад». - «Слухай! Месяц - мая маці. Сонца - мой капрызны брацік». - «Зразумела. Я пайшоў!» - «Праз тры дні - назад! Дамоў!» - Цар яму крычыць у спіну. Ваня хутка іх пакінуў. І ў адрыну да дружка Ён пайшоў, да гарбунка.
«Зноў Іванка невясёлы... А не босы ж і не голы, Шмат усякае яды...» - «Каб жа толькі той бяды! Бач, надумаў цар жаніцца, Робіць дзеўчыну царыцай. Ім пярсцёнак падавай, З акіяна даставай. Церам трэба нам знайсці, К сонцу, к месяцу зайсці. Месяц ясны - яе маці, Сонца - большы яе брацік. Ды не проста завітаць - Пра яе ўсё расказаць, Распытаць пра сёе-тое, Вось заданне, брат, якое... Гарбуночак, выручай, Бо мяне бярэ адчай!» - «Я скажу табе па дружбе: Гэта ўсё яшчэ не служба. Служба ўперадзе, Ванёк. Цяжкі будзе твой хлябок! Заўтра ўстанем вельмі рана, Паімчым да акіяна. Сёння ж не перажывай, Спаць лажыся, спачывай».