Выбрать главу
А пакуль гулялі хвалі, Караблі з вачэй прапалі. Радуецца рыба-кіт: Скончыўся яго нябыт! Гулка б'е хвастом па хвалі: «Можа, перлаў на каралі? Можа, ракавін сабраць, Што вясёлкай зіхацяць? Дно абшару акіяна! - Радасна крычыць Івану, - Рыбак залатых злаўлю! Я цябе, Іван, люблю!» - «Дзякуй, кіт, за ўсе турботы. Лепш зрабі адну работу. Цар нам даў такі загад: Каб вярнуўся я назад З перстнем нашай Цар-дзяўчыны. Кіт, ты будзеш малайчына, Як уручыш яго мне, - Пашукай яго на дне». - «Дзеля нашай шчырай дружбы Саслужу любую службу! А для вас, маіх сяброў, Рад старацца! Я гатоў! Як на захад сонца гляне, Персцень будзе, мы дастанем!» - Кіт сказаў, нырнуў на дно, Быў вось тут - і не відно.
Пад вадою ён сабраў Асятроў і так сказаў: «Дзесь пярсцёнак Цар-дзяўчыны Тут, на дне. Усе сцяжыны Ў акіяне абшукаць І пярсцёнак з дна дастаць. Хто пярсцёнак мне здабудзе, Новы чын хутчэй набудзе. Калі ж вы на мой загад Нуль увагі, то назад... Карацей: шукаць шукайце, Пра загад не забывайце!» - «Кіт не зможа дараваць, Трэба плысці і шукаць», - Асятры сабе сказалі І з вачэй ураз прапалі. Працавалі шмат гадзін, Не зважалі на спачын. Раптам двое асятроў Падплылі: «О цар цароў! Пуста тут, у гэтым моры. Трэба новыя прасторы.
Трэба па ярша паслаць І яму заданне даць. Па ўсіх морах ён гуляе, Многа бачыў, многа знае. Ды калючку, як на зло, Дзесьці сёння занясло». - «Што ж, то будзем аб'яўляць Росшук і загад пісаць!» Асятры паклон адбілі І пабеглі за тры мілі Ў земскі суд пісаць указ, Каб не марнавалі час, Каб ганцоў хутчэй паслалі І калючку адшукалі. Канцылярыя скрыпіць... Ды нічога не рабіць Немагчыма і мяможна. Лешч надрапаў асцярожна Той кітоў загад-указ. Сом-дарадца быў якраз, Колькі слоў яшчэ дабавіў, Знізу подпіс свой паставіў. Чорны рак пакінуў гразь І пячатку з маху - плясь! Двум дэльфінам тэкст указу Аддалі, каб тыя зразу Прыпусціліся шукаць, Пра ярша ва ўсіх пытаць. Моры ўсе і акіяны Абшукалі так старанна, Што, здаецца, з-пад зямлі Здабылі б і прывялі. Ды што рэкі там ці моры, Нават сажалкі, азёры Перагледзелі. Няма! Намаганні ўсе дарма! Ёрш, гуляка-забіяка, Не пакінуў нават знаку. У дэльфінаў скруха, сум. Як вяртацца? Раптам шум З нейкай сажалкі нясецца... Можа, проста ім здаецца? Хоць і мала ў ёй вады, Трэба заглянуць туды. Два дэльфіны завярнулі І хутчэй на дно нырнулі. Бачаць: валтузня ў трысці, Як дабрацца, як дайсці? Трэба лезці ў каламуту, Як у нейкую атруту. Ды палезлі. Ну і што ж? Карася кулдыча ёрш! «Смірна! Каб вас чэрці дралі! - Так дэльфіны закрычалі. - Перастаньце ў той жа міг!» І карась у твань - шмыг, шмыг... Ёрш маленькі, але злючка, Наяршыў свае калючкі. Злосны, аж трасецца ўвесь: «Дзе два б'юцца - там не лезь! Трэцяму якая справа? Бо кароткая расправа Будзе з вамі. Пракалю! Жартачкаў я не люблю!» Усміхаюцца дэльфіны: «Тут размова насур'ёз, Хоць смяшыш ты нас да слёз. Твае словы, забіяка, Ведае даўно і ўсякі». - «Ой, трымайце вы мяне, Бо як дам, дык хвост загне! Хто не верыць, хай праверыць! Дзе карась? Пачну зноў перыць!» - «Сціхні! Вось цароў указ: Да яго з'явіцца ўраз!» - І задзіру за шчаціну Пацяглі к кіту дэльфіны. Як убачыў цар ярша, Вылаяў яго спярша: «Дзе, шайтан, дасюль бадзяўся? Доўга дома не стыкаўся...» - «Цар! Або даруй грахі, Або вырві патрахі!..» - «Так адразу і сурова? Да цябе такое слова: Грэх твой можа дараваць Бог. Але адпрацаваць Трэба шчыра і сумленна». Ёрш схіліўся на калена: «Слухаюся, рыба-кіт! Пакажу я ўвесь свой спрыт!» - «Ёсць пярсцёнак недзе ў моры Цар-дзяўчынін. Па прасторы Ты гуляеш тут і там, Дно даўно праверыў сам. Каб ты ўспомніў, пастараўся, Мо дзе бачыў, натыкаўся...» - «Бачыў! Ведаю! Чакай!» - «То бяжы хутчэй, давай!»