Выбрать главу
Заірдзелася зарніца, А яны ўжо і ў сталіцы! Носам рые цар - бяжыць. «Дзе пярсцёнак мой?» - крычыць. З гарбунка Іван наш злазіць І цару адразу радзіць: «Каб куфэрачак падняць, Кліч сюды, цар-бацька, раць. Хоць малы, а столькі важыць - Не падымуць слугі вашы». Цар крычыць: «Дык хай бягуць І куфэрак забяруць!» Тупаціць да Цар-дзяўчыны. «Ёсць пярсцёнак! І прычыны Не вянчацца ўжо няма! Не пярэч мне больш дарма! Заўтра з сонцам, светлым раннем Пад вянец з табою станем. У святліцы персцень твой, Паглядзела б пад настрой». - «Ёсць пярсцёнак? Не, прызнацца, Нельга, цар, яшчэ вянчацца». - «Ды чаму ж, душа мая?» - «А зірні: хто ты, хто я? Ты стары, сівы, бяззубы, Жонку давядзеш да згубы. Як пабрацца мне з табой? Кветкі не растуць зімой!» - «Я кахаю, так кахаю! Як у полымі згараю! Пашкадуй, зусім згару І да раніцы памру!» - «Будуць з нас цары смяяцца І нядобра адгукацца. Мне ўсяго пятнаццаць год, А ў цябе гады на сход. Быццам дзед узяў унучку Пад пагрозай, пад прынукай». Цар тут з гневам закрычаў, Пырскаць слінай аж пачаў: «Калі хто разявіць рот - Знішчу ўвесь ягоны род! Калі цар які што скажа - Царства я яму ўсё спляжу,
І яны як бач заткнуцца!» - «Ну, калі не пасмяюцца... Я прыгожая, а ты? Дралі, мусібыць, каты!» - «Я, як хораша ўбяруся, Хоць каму тады згаджуся, Не глядзі ты на гады, Я жаніх шчэ хоць куды!» - «Ды ўсё роўна... Ты не любы, Не пайду з табой да шлюбу!» - «Разам будзем, будзе лад, Будзе ў нас не шлюб, а клад! Не ў гадах, кажу я, справа, Не за знешнасць ліпне слава!» - «Добра! Стану пад вянцом, Як ты станеш малайцом». - «Што ты! Матухна-царыца! Нельга зноў перарадзіцца. Цуды можа Бог тварыць...» - «Цар, ты можаш свет здзівіць!» - «Дык рабіць мне што, царыца? Вельмі ж я хачу жаніцца. Ты ж, як быццам на бяду: Не пайду ды не пайду!» - «Хочаш стаць за маладога? Не шкадуй сябе старога! Загадай: хай на зары На шырокім на двары Тры катлы хутчэй паставяць. Пад двума агонь распаляць. Першы будзе з малаком, Побач - з варам-кіпятком. Трэці чан з вадой халоднай, На два першыя падобны. Давядзецца з сябе зняць, А то будуць замінаць, І абутак, і адзетак, Не зіма ж цяпер, а лета. Каб прыйшла к табе краса, Застанецца драбяза... Ты ж мо хочаш ажаніцца, Прыгажунчыкам зрабіцца? Дык нырнеш у малако, Беленькае азярко. Стуль у вар круты заскочыш, Панырцуеш, колькі схочаш. Каб ад першых двух астыць - Трэці чан яшчэ стаіць». Цар нібыта пакарыўся, Болей з дзеўкай не сварыўся. Закрычаў: «А дзе Іван?» - «Што - ізноў на акіян? - Папытаў Іван, прыйшоўшы. - Цар! Няўжо я самы горшы? Я яшчэ ад тых прыгод Астывацьму цэлы год! Дудкі! Болей не паеду Ні далёка, ні к суседу!» - «Ціха, Ваня... Заўтра ты Ўбачыш на двары катлы. Пад двума агонь распаляць. І з халоднай чан паставяць. Першы будзе з малаком, Побач - з варам-кіпятком. Малако ўскіпіць імгненна, Голенькі нырнеш у пену, А для поўнай пекнаты З малака - у вар круты. А ў халодным адпачнеш, Квасу рэзкага пап'еш». - «Цар, ты нервы мне казычаш Ці за дурня мяне лічыш? Параць толькі парасят, Качак, гусак, куранят. Я ж не тое і не гэта, І ні голы, ні адзеты Не збіраюся ныраць», - «Сціхні! Не пярэч! Маўчаць!» - «Цар, не дужа распінайся. Вельмі хочаш - сам купайся!» - «Я не буду паўтараць! Загадаю пакараць. Непакоры хутка гінуць, Іх накорм сабакам кінуць. Рукі-ногі адарвуць, На кавалкі раздзяруць! - Цар крычыць, нібы шалёны. - Вон!!!» І, сыплючы праклёны, Ваня да канька брыдзе - Надышла пара бядзе.