Выбрать главу
«Добра, - думае Іван. - Пастуховы вунь будан». Там кабылку зачыняе, А зарніца ўжо іграе, Наступае новы дзень. Вартавы ў сяло ідзе І спявае - глухнуць вушы: «Эх, хадзіў-гуляў Ванюша!» Учыніў на ганку гром - Захістаўся нават дом. Пачала страха ўжо ехаць - Не да жартаў, не да смеху. Крык падняў на ўвесь базар, Быццам дзесь гарыць пажар. І браты з перапалоху Нарабілі «ахаў», «охаў»: «Ці не грукае баран?» - «Гэта я, ваш брат Іван!» Дзверы ў хату адчынілі, Дурня Ваню прапусцілі. На яго злуюць, крычаць: «Як насмеліўся пужаць?!» А Іван не распранаўся, Як стаяў, на печ падаўся. І адтуль пачаў расказ, Як у полі бавіў час, І пра ўсякія прыгоды, Дзівы, шкоды, невыгоды. «Я цалюсенькую ноч Не заплюшчыў нават воч. Аж да саменькага золку Ўсё лічыў на небе зоркі. Толькі месяц узышоў, Нехта сунецца - шорх, шорх... Д'ябал з мордаю кацечай! Вочы - зыркі вугаль з печы. Вусы ёсць і барада, Вы не бачылі - шкада. І пачаў той чорт падскокваць, Капытамі ўсё вытоптваць, Бегаць порстка напралом, Малаціць дабро хвастом. Не люблю я жартаў, сварак, Скокнуў я яму на карак. Ён цягаў мяне, цягаў, Голаў ледзь мне не сарваў. Ды сядзеў я, нібы ўшыты.
Бачу: потам чорт абліты, Бачу: вываліў язык, Чую голас чортаў, крык: «Не звядзі Іван са свету! Цэлы год табе за гэта Абяцаю ціха жыць, Праваслаўных не муціць». Я, як дурань той, паверыў, Між вушамі больш не перыў». Тут расказчык пазяхнуў, Лёг на бок і ўраз заснуў. А браты не сердавалі, Толькі доўга рагаталі. «Ну й прыдумаў! Ну й дурны! Мо пра гэта бачыў сны?» І стары не мог стрымацца, Каб да слёз не пасмяяцца. Праўда, дзеду гэты смех Мо залічыцца як грэх.
Многа дзён, а можа, мала З гэтай ночы прамільгала, Можа, больш за год праплыў, Я ніколі не лічыў. Хай бягуць і дні, і годы, Нас жа хай вядуць прыгоды. Казка хай далей ідзе, Хоць дабру быць, хоць бядзе. Ну дык вось... Сынок Даніла (Свята ў дзень той гаманіла) Выпіў нейкі дурнап'ян І забрыў у той будан. Бачыць цуд ён, бачыць дзівы - Коней двух залатагрывых. Каля іх канёк стаяў І паціхеньку іржаў. Смешны быў - з двума гарбамі І аршыннымі вушамі. «Го! Дык вось чаго Іван Бегаў спаць сюды ў будан!» - Кажа сам сабе Даніла. Хмель прапаў у здаравілы, Прыпусціўся ён бягом У стары бацькоўскі дом. «Эй, Гаўрыла! Ну і дзіва! Коней двух залатагрывых Дурань наш сабе дастаў І да часу прыхаваў!» І Даніла ды Гаўрыла Прыпусціліся штосілы Крапівою басанож, Быццам хочуць выйграць грош. Шмат разоў ляцелі потырч, Ледзь не выпаралі вочы, Гузакі і тут, і там. Адчыняюць той будан... Коні стукалі, іржалі, Вочы, нібы яхант, ззялі. З золата навіты хвост Аж струменіў на памост. Капыты былі з алмазаў, З перламі, як па заказу. На тых конях толькі цар, Іх краіны валадар, Мог сядзець. Лупілі б вочы Аж да самай да паўночы, Ды старэйшы брат сказаў: «Дзе наш дурань іх дастаў? Не даецца скарб спрадвеку Ў рукі проста чалавеку. Хоць ілбом сцяну прабі - Двух рублёў не зарабіць. Дурню ж скарб даецца скора. Возьмем коней-непакораў І ў сталіцу на кірмаш: Коні тут - і ўжо нямаш! Грошы ж роўненька падзелім. Эх, хутчэй прыйшла б нядзеля! Пагуляем, як паны. А Іван хай б'е ў званы, Толькі лопне, а не знойдзе, Коні дзе і дзе той злодзей». Рагатнуў сярэдні брат: «Пойдуць коні нарасхват!» І браты па добрай згодзе Абняліся ў асалодзе, Быццам грошы ўжо злічылі. Лбы сабе перахрысцілі І вярнуліся дамоў, Размаўляючы пра схоў, Пра тых коней незвычайных, Пра канька, пра Ваньку, тайну.