Выбрать главу
Вось і горад... Конны рад Супраць каменных палат. А ў сталіцы гэткі звычай: Як не скажа гараднічы, То не можна прадаваць, Як не можна і купляць. Час абедні наступае, Гараднічы выязджае. Туфлі. Шапка з барсука. Тупат-цокат рысака. Сотня варты і вяшчальнік, Важны, нібы ён начальнік, Трубіць голасна ў трубу І крычыць на ўсю губу: «Госці[2], крамы адчыняйце, Прадавайце і купляйце! А наглядчыкам сядзець Каля крамаў і глядзець, Каб усё ішло парадкам, Ціха, мірна, згодна, гладка, Бо як змогуць ашукаць - Ветру ў полі йдзі шукаць!» Госці лаўкі адчыняюць, Люд хрышчоны заклікаюць: «Падыходзьце ўсе сюды - У гандлёвыя рады! Калі ласка, тары-бары, Ёсць усякія тавары! Ёсць кітайка і атлас, Закупляйце ўсё ў запас! Людцы добрыя, панове! Рады будзеце абнове!» Пакупцы аж валам пруць, У купцоў тавар бяруць. Тыя грошы лічаць, лічаць, Пакупцам здароўя зычаць. А той соценны атрад Прыязджае ў конны рад. Бачаць столькі тут народу - Не прабіцца да ўваходу! Людзі проста аж кішаць, І рагочуць, і крычаць. Гараднічы задзівіўся: Бач, народ развесяліўся! Даў атраду ён загад Расчышчаць дарогу ў рад. «Басаногія вы чэрці! - Вусачы крычаць. - Да смерці Можам тут вас засячы!» - І пусцілі ў ход бічы. Тут народ заварушыўся Шапкі зняў і расступіўся. Бачыць коннай сотні раць: Побач два кані стаяць. Маладыя, вараныя, Грывы ўюцца залатыя. Гараднічы аж знямеў, Потым кажа нараспеў, Вочы лупячы на грывы: «Многа ў свеце ўсякіх дзіваў. Я шмат ездзіў і хадзіў, А такіх не бачыў дзіў!» І атрад увесь здзівіўся, Расступіўся, расхіліўся. Гараднічы злез далоў, Коней ціха абышоў. Загадаў: «Каб не куплялі, Рот на іх не разяўлялі! Паскачу я да двара З навіною для цара». Частку кінуў ён атрада І паехаў для даклада.
вернуться

2

Госці - старадаўняя назва купцоў.