Частка другая. Лёгка сказаць, ды далёка дыбаць
Пачынаем мы заход
Ад Іванавых прыгод.
Ходзіць коця па балоце -
Па дзве лапы ў адным боце.
Лезуць козы ратаваць,
Котку вусы выціраць.
Прагнуць багны, ходзяць лесам,
Цеста хваліцца замесам.
Козы ногі б'юць дарма,
Коці там ужо няма.
Гэта прыказка, а потым
Пойдзе казка сваім ходам.
Вось вам мора-акіян,
Вось і востраў вам Буян.
У труне ляжыць там дзеўка,
Над труною салавейка
Свішча...
Зноўку не туды
Мы свае вядзём сляды...
Трэцім разам, лепшым часам!
Будзем цешыцца расказам...
Памятаеце? Іван
Ля цара жыве, як пан.
У канюшні царскай служыць
І ніколечкі не тужыць.
Бацьку роднага, братоў
Ён зусім забыць гатоў.
Колькі ежы, розных смакаў!
Колькі вопраткі ўсялякай!
Калі шапкі ўсе сабраць,
Кораб будзе - як падняць.
І так смачна яму спіцца -
Сам не можа пабудзіцца!
Стаў праз тыдняў гэтак пяць
Служка царскі заўважаць...
Быў з баяр ён, зваўся спальнік,
Да Івана быў начальнік
Над канюшняй у цара.
Быў! Прайшла яго пара!
То не дзіва, што злаваўся
На Івана і пакляўся:
«Жыў не буду, а прыблуд
Выжыву, не будуць тут!»
Каб намераў злых не выдаць,
Каб хутчэй Івана выгнаць,
Ён прыкінуўся нямым,
Блізарукім і глухім.
Думаў з ім рахункі звесці,
На пасаду зноў пралезці.
Дык праз тыдняў гэтак пяць
Стаў нямко той заўважаць,
Што Іван не чысціць коней.
Далей-болей, далей-болей -
І не корміць нават іх!
А яны жывей жывых,
Хвост заўсёды ў іх трубою,
Ззяюць гэткай чысцінёю -
Можна толькі ў сне сасніць.
А Іван удзень жа спіць!
Свежая пшаніца ў стойлах,
Чанішчы з сытою[3]-пойлам...
А Іван не насыпаў!
А Іван не наліваў!
«Дамавік мо памагае,
Насыпае, налівае?
Бляск наводзіць вараным,
Заплятае грывы ім...
Чарадзей Іван, няйначай!
Цэлы вывадак чарцячы
Робіць справу за яго.
Ох, прыгрэў цар не таго!..
У царкву не ходзіць Ваня,
Ён, напэўна, басурманін.
Носіць каталіцкі крыж,
Чхае на цароў прэстыж.
Пост стаіць - жарэ ён мяса,
Нарабіў сабе прыпасаў...
Царскай думе данясу,
Толькі фактаў прыпасу».
Так рашыў нямко той, спальнік,
Што ў канюшні быў начальнік.
У засек залез тайком
І засыпаўся аўсом.
Вось і поўнач наступіла,
У нямка душа заныла:
Раптам прыйдзе дамавік,
Ці сам чорт, ці чараўнік?!
Зарыпелі дзверы глуха,
Натапырыў спальнік вуха
І праз дзірачку глядзіць,
Хто ідзе, хто тупаціць.
Коні тупаюць, а той,
Што зайшоў, не з барадой.
Дзверы шчыльна зачыняе,
Шапку з галавы здымае.
На акно яе кладзе,
З шапкі скрутак дастае
І разгортвае паволі -
Бляск ляціць па наваколлі!
Спальнік ледзь не закрычаў,
Туліць да вачэй рукаў.
Як дрыжаў і варушыўся,
Ссунуўся авёс, зваліўся.
Дамавік жа штось гудзе,
У засек пяро кладзе.
Шпігуна не заўважае,
Коней чысціць пачынае.
Грыўкі звязвае ў пучок,
Грывы чэша набачок,
Косы з іх пляце старанна
І спявае ўжо, як п'яны.
«Ні вусоў, ні барады,
Хвацкі хлопец, хоць куды.
Пазументы на адзенні,
Боцікі на заглядзенне...
Чорт уводзіць мяне ў зман,
Але ж - выліты Іван!» -
Спальнік ведаць добра хоча,
З усёй моцы лупіць вочы:
Ці Іван прад ім, хітрун?
«Ён!.. Знайшоўся мне пяюн...
Ведацьме цар неўзабаве
Хітрыя твае забавы.
Я табе так не спушчу
І зраблю ўсё, як хачу».
А Іван сабе спявае,
Грывы ў косы заплятае,
Не чакае, што бяда...
Не! - бядотаў чарада
На яго ўпадзе знянацку.
І пяро Жар-птушкі, цацку,
Даўшы конікам яды
І наліўшы ім сыты,
Зноў у шапку ён хавае -
Іншай схованкі не знае.
Спаць ля конскіх задніх ног
На падушку-шапку лёг,
Бо работа прытаміла,
І захроп, як той асілак,
Як той з казкі Еруслан.
«Дурань, дурань ты, Іван...» -
Спальнік крадзецца, як ліха,
Пальцы ў шапку суне ціха,
Хоп пяро! - і след прастыў,
Быццам тут ён і не быў.