Выбрать главу
Толькі цар устаў, памыўся, Спальнік да яго з'явіўся. Аб падлогу грук ілбом - Аж уздрыгвае ўвесь дом. «Я з павіннай галавою, Цар, схіліўся прад табою. Гаварыць мне загадай, За дзярзоту не карай». - «Гавары без выкрунтасаў, Я не маю многа часу, - Пазяхае, хрысціць рот. - Бо не сядзеш цэлы год, Як бізун усмак паходзіць, Хоць я добры па прыродзе...» - «Злітуйся, вялікі цар! Я не нейкі там махляр. Як схлушу - Гасподзь скарае. Ад цябе Іван хавае Не каштоўнасць-серабро - Жараптушчына пяро!» - «Ах ён, злодзей распракляты! Больш, чым я, ужо багаты?! Нам відаць яго віна. Ох, заробіць бізуна!» - «І другая непрыемнасць... - Спальнік голасам таемным, Як пляткарык плеткару, Шэпча бацюхну цару: - А Іван наш... Ох, Іване! Выхваляўся, што дастане, Абы царскі меў загад, І Жар-птушку для палат». Спальнік выгнуўся дугою І ў запазуху рукою Лезе, дастае пяро - Небывалае дабро! - І кладзе цару на ложак: «Гляньце, ззяе як прыгожа!» На калені гэпнуў зноў. Цар да ложка падышоў, І глядзеў, і любаваўся, Ці то плакаў, ці смяяўся, На язык пасмакаваў І ў куфэрачак схаваў. «Гэй! Паклікаць дурня Ваню!» І пасыльныя дваране Паімчаліся барзджэй, Брык! - упалі ля дзвярэй, Ды галовамі ўсе разам Стук-грук! - нібы па заказу. Цар з іх гэтак рагатаў - Ледзь жывот не надарваў, Аж да колікаў, знямогі... Тыя ўскочылі на ногі
І, каб зноўку насмяшыць, Вырашылі паўтарыць. Добры цар з такой нагоды Шапкі даў - узнагароды. Слугі зноў гуртом пабеглі - Ды не ўпалі больш, не леглі.
Да канюшні прыбягаюць, Дзверы насцеж расчыняюць І нагамі пад бакі: «Уставай, сякі-такі!» Толькі Ваня іх не чуе, Спіць сабе, храпе-начуе. Разбудзілі, як мятла Бой з Іванам павяла.
Як прачнуўся, было злосці Аж паўнюсенькія косці: «Як вазьму вас у бічы, То расквашу ўсім лычы! Вы адкуль! І хто такія?» - «Памаўчы! Заробіш кія! Цар аддаў такі загад, Каб з'явіўся на даклад». - «Вельмі трэба - пачакае...» - Мые твар свой, выцірае, Чысціць боты і кафтан, Пояс наматаў на стан Акуратна, моцна, туга, Сунуў за яго і пугу. Не пайшоў - нібы паплыў, Выгляд горды ў Вані быў. І як толькі заявіўся, Нізка ў ногі пакланіўся. Кашлянуў і папытаў: «Ты нашто мяне падняў? Ты ж парушыў, цар, дамову...» Цар нахмурыў грозна бровы. Ён ускочыў і: «Маўчаць! - Як пачаў, пачаў крычаць. - Ты адказваць мне павінен! Я ж табе ні ў чым не вінен! Царскае схаваў дабро - Жараптушчына пяро?! Я не цар ужо - баярын?! Ах ты, нехрысць! Ах, татарын!» Тут Іван махнуў рукой: «Ціха, бацюхна! Пастой! Я ж і шапкі не паказваў, І нікому не расказваў. Як жа ў тайну ты пранік? Ты не цар, а чараўнік!» - «Мне не трэба гэта слава. Дзе пяро? Адказвай жвава!» - «Адкажу: няма пяра. Цуд не выламлю з рабра, Пра яго не чуў ніколі...» Тут як крыкне цар: «Даволі! Ты мне болей не пярэч, Бо зляціць галоўка з плеч!.. Ці згнаю цябе ў астрозе! Закатую!» - і ў знямозе Цар куфэрак адчыніў: Бляск усіх і асляпіў! «Ну, круцель, цяпер што скажаш За хлусню цябе я спляжу!» - «Ох, даруй мне, бацька цар, Перажыць мне дай удар. Больш хлусіць, табе клянуся, Нават крышку не вазьмуся». І зваліў яго спалох, Пластам на падлогу лёг. «Першым разам я дарую. Але потым, як пачую Ад цябе крутню-мутню, Галаву з плячэй сатну. Я такі! Паверыць можаш. Але ты мяне трывожыш: Ты хваліўся птушку Жар Раздабыць, прынесці ў дар, Каб аздобіць мне святліцу». - «Цар, даруй мне! Небыліца! Нехта зноў табе наплёў. Я паклясціся гатоў - Не хваліўся я нікому! Пра пяро - то тут самому Мне няёмка. А пра Жар... Што ты, што ты, валадар! Птушку гэтую не ведаў, Не хачу наклікаць бедаў». - «Ты спрачацца?! Ах, халоп! Ды табе за гэта ў лоб!.. - Аж затрос цар барадою. - На зямлі ці пад вадою Насаджу на кол цябе. Так рашаю. Не саб'е Ўбок ніхто мяне ніколі. Цар я! Не цярплю сваволю! Ды не думай, я не кат. Вось канкрэтны мой загад: Тыдні тры даю на ловы. І каб дар той адмысловы, Каб Жар-птушку мне прынёс. Сам рашаеш ты свой лёс! Вон, халоп!» Іван у слёзы: Ведаў царскія пагрозы. У адрыну да дружка Ён пайшоў, да гарбунка.