Выбрать главу
А канёк, як толькі ўбачыў, Што Іванка ледзь не плача, Зразу перастаў скакаць І круціцца-віраваць. «Ванька, што ж ты невясёлы? Ты ж не босы і не голы, - Кажа так яму канёк, Сам жа круць-верць, як мянёк. - Шчыра мне ўсё раскажы, Што на сэрцы, на душы. Захварэў ты? Нездаровы? Палячыць цябе гатовы. Можа, нейкі ліхадзей Пад цябе падкоп вядзе?» Ён канька абняў, прылашчыў: «Чалавек я ўжо прапашчы... Цар пяро маё займеў І Жар-птушку захацеў. Не злаўлю - на кол насадзіць. Што ты можаш мне парадзіць?» І сказаў яму канёк, Даўгавухі гарбунок: «Каб мяне тады паслухаў, Не было б цяпер так туга. Але ты падняў пяро, І пайшло не на дабро. Толькі я скажу па дружбе: Гэта ўсё яшчэ не служба. Служба ўперадзе, Ванёк. Цяжкі будзе твой хлябок! Да цара ідзі, не грэбуй, І скажы, што ночвы трэба. А лепш - двое. І пшано, І заморскае віно. Каб далі ўсё па заказу Безумоўна, хутка, зразу. Выязджаем раніцой...»
З трохі ўзнятай галавой - Добрыя пачуў парады! - Ваня крочыць у палаты. «Каб было, цар, шыта-крыта, Ночвы трэба ці карыты. І чысцюткае пшано, І заморскае віно. Каб усё без тралі-валі Слугі мне павыдавалі. Заўтра рана, ледзь усход, Мы адправімся ў паход». Цар паслухаўся Івана І паслаў сваіх падданых Па заказу ўсё набраць І Ванюшку паказаць, Каб упэўніўся, што тое, Не падмена, не другое. Малайцом яго назваў І - «Шчасліва!» - пажадаў.
А назаўтра, вельмі рана, Разбудзіў канёк Івана: «Гэй, Іванка! Хопіць спаць! Трэба птушку даставаць!» Ваня наш хутчэй падняўся, У дарогу ўраз сабраўся. Двое ночваў і пшано, І заморскае віно Не забыў. Узяў і хлеба, Бо заўсёды ў ім патрэба. Жуючы на поўны рот, Скіраваў канька на ўсход. «Добра, што цяплей адзеўся!» - Наш Іван ямчэй усеўся, Лоб старанна пахрысціў І наўскач канька пусціў. Цэлы тыдзень праскакалі, Ля густога лесу сталі. І тады яму канёк, Даўгавухі гарбунок, Кажа гэтак: «Слухай, Ваня. Сярод лесу, на паляне Узвышаецца гара, Спрэс да верху з серабра. Там цячэ адна крыніца, Вельмі смачная вадзіца, І Жар-птушкі мкнуць туды, Каб напіцца той вады. Там засаду на іх зробім, Там Жар-птушку мы і зловім». Гарбунок, малы вушан, Між гарбоў сядзіць Іван, Выбягае на паляну. Заняло тут дух Івану: Што за цуд, за прыгажосць! Мора кветак-красак скрозь. А кране прывольны ветрык Каляровых красак нетры - Нібы іскры стуль ляцяць І вясёлкай зіхацяць. Пасярод жа той паляны, Нібы воблака, зіхмяна Угору мкне сама гара - Спрэс да верху з серабра! Быццам сонца там начуе, Канты ў золата фарбуе. Пішчык-верх тае гары Свечкай-полымем гарыць.
Вось канёк па касагоры З Ванькам нашым лезе ўгору. Да крыніцы дабрылі, Ля якой шчэ не былі. Гарбунок Івану кажа: «Скора ноч тут скрозь заляжа. Сып у ночвы ты пшано, Лі заморскае віно, Размяшай усё ў іх разам. А сябе сам не паказвай. Пад другія ночвы лезь І закрыйся добра ўвесь. На світанні, да зарніцы, Птушкі будуць ля крыніцы. Як пачнуць пшано кляваць Ды па-свойму гергетаць, Ухапі адну, што бліжай! Птушка Жар табе не чыжык, Моцазна ў руках трымай, Крык «Напомач!» падымай. Падбягу сюды як бачыш». - «А ў Жар-птушкі хвост гарачы? Можна рукі апячы, Як схапіць і валачы». Не сказаў канёк нічога, Бо адольвала знямога. Знік дружок з яго вачэй: Падкарміцца бег хутчэй. Ваню ж справа - як забава. «Ха... Разумнік я, мне - слава: Рукавіцы захапіў!» - І, мармычучы матыў, Ванька ўсё зрабіў як трэба. Дажаваў астаткі хлеба, Пад начоўкі ўміг залез - Меў у гэтым інтарэс. Вось паўночнаю парою Цемра знікла над гарою, Сталі птушкі падлятаць, Ды ляцяць усё, ляцяць. Стаў гармідар тут вялікі, Лопат крылаў, сварка, крыкі. «Ды іх тут дзесяткаў з пяць! Д'ябал столькі змог сабраць... Каб усіх пералавіць Ды прадаць... Эх, можна б жыць! Не, замнога... Тут няўвязка... Хараство якое!.. Казка!.. Нашым курыцам да іх Ох, далёка...» І ў той міг Папаўзлі бліжэй начоўкі. Шлях Івана быў нядоўгі - Скок з-пад схованкі наўпрост Да Жар-птушкі - цап за хвост! «Гэй, канёчак-гарбуночак! Прыбягай хутчэй, дружочак! Ёсць адна! Схапіў! Злавіў!» Закрычаў, загаласіў. А Жар-птушкі - нуль увагі, Пап'янелі з пшоннай брагі, Пачалі мацней крычаць І не хочуць уцякаць.