Гарбунок падбег імгненна.
«Ты зрабіў усё адменна!
А цяпер хутчэй, дружок,
Пасадзі яе ў мяшок.
Толькі завяжы старанна, -
Кажа конік да Івана, -
І на шыю мне прыладзь...» -
«Пачакай, дай распужаць
Мне Жар-птушак гэтых п'яных,
Ад іх рыкаў несціханых
Галава ажно трашчыць.
Гэй, канчайце сваю сварку!
Зачыняю гаспадарку!»
І ўсё бегаў і ганяў,
Рукавіцамі шпурляў.
І нарэшце падняліся,
Кругам вогненным звіліся,
Пацягнуліся ў той бок,
Дзе была гара аблок.
Памахаў ім рукавіцай,
Напаіў канька з крыніцы.
Што ж, адклад ідзе не ў лад,
Ехаць трэба ўжо назад.
У сталіцу прыскакалі -
І ў палац, хоць не чакалі.
«Што - Жар-птушка ваша дзе?» -
Тонам грозным цар вядзе.
Сам за спальнікам цікуе -
Як на ўсё ён рэагуе?
Можа, спальнік гэты хлус?
Ці патрэбен з ім хаўрус?
З хвалявання і дакукі
Спальнік згрыз сабе ўсе рукі.
Ванька ж кажа: «Птушка тут...
Толькі вось які статут:
Вокны хай зачыняць служкі,
Раптам не ўпільнуем птушкі?»
І Ванюша свой мяшок
Да стальніцы павалок.
Слугі ўраз папрыбягалі
Вокны ўсе пазачынялі.
Мех на стол Іван падняў
І аборку развязаў.
Быў агульны выкрык: «Ах!»
Быў ва ўсіх адзіны страх.
Вочы ўсе пазатулялі,
Ад стала паадступалі.
Цар крычыць на ўвесь базар:
«Ой, ратуйце! Ой, пажар!
Вёдры ўсе хутчэй хапайце!
І тушыце! Залівайце!»
«Што ты, цар? Які пажар?
Гэта свеціць птушка Жар! -
Ледзь не ўпаў Іван ад смеху. -
Бачыш, добрую пацеху,
Бацька цар, табе здабыў...» -
«Я заўжды цябе любіў, -
Адказаў так цар Івану. -
Службу справіў беззаганна.
Чым жа аддарыць такім?
Будзеш царскім страмянным[4]».
Як пачуў такое спальнік,
Што ў канюшні быў начальнік,
Мармытнуў сабе пад нос:
«Ну, пастой, малакасос!
Пакуль казку будуць баяць,
Шмат разоў змагу абхаяць.
Зноў цябе я падвяду,
Дурань Ванька, пад бяду!»
Мо праз дзён якія дваццаць
Зборні пачалі збірацца,
Кухары і ўвесь прыдвор,
Малайцы як на падбор.
Са збана мядочак смокчуць
І як жарабцы рагочуць.
Вельмі ж цешыў Еруслан,
Хоць у сказках скрозь падман.
«Эх, - адзін слуга сказаў, -
Я сягоннячы дастаў
У суседа цуд, не кніжку,
Думаў, пачытаю крышку.
А як сеў, дык і не ўстаць,
І вачэй не адарваць.
От цікава дык цікава!» -
«Што нам гэткая заява?
Ты вазьмі, брат, удружы,
Хоць адну ды раскажы». -
«Пяць у кніжцы гэтай казак,
Дык якую ж мне расказваць?
Адна казка пра бабра,
А другая пра цара,
А для трэцяга заходу -
Пра баярыню з усходу.
А ў чацвёртай - князь Бабыл.
Казка пятая... Забыў!
От жа памяць, от жа памяць...
І не ўспомніць, і не ўцяміць.
Круціцца на языку,
Як сарока на суку». -
«Пэўна, тамака дзяўчына,
Пра яе і сказ-быліна?» -
«Праўду кажаш!.. Дзеўка там,
Праз яе ўвесь тарарам.
Прыгажуня Цар-дзяўчына,
І яна ўсяму прычына.
Дык якую збаяць вам?» -
«Пра цароў не трэба нам!» -
«Пра дзявок паслухаць люба,
Хоць яны для нас і згуба». -
«Трэба ж неяк бавіць час!»
І слуга пачаў расказ,
Для раскачкі з насалодай
Смактануў спаважна мёду.