Выходзіць, Лаўрэну даставалася яшчэ горш, але ён умеў бяду сваю хаваць.
Чалавек адчуў сябе надта ашуканым і расчараваным. Вестка так уразіла, што Зміцер цяпер не бачыў сэнсу, дзеля чаго жыць далей. Раптам з'явілася думка, што памрэ хутка і ён. (Як ні дзіўна, але праз дзень і праўда яго разбіў двухбаковы параліч. Крапака ў цяжкім стане «хуткая дапамога» завезла ў бераставіцкую бальніцу, адкуль ён жывым ужо не выйшаў.) А покуль што ад неспакою чалавек не знаходзіў сабе месца. Найлепш яму цяпер было б паштурхацца ў натоўпе аднавяскоўцаў каля труны, але ж нічога не папішаш — унукі.
А гаварыць з малымі Зміцер умеў. Гутарка лілася ў яго з дзецьмі проста, здатна і гладка. Мажліва таму ўнукі любілі яго больш за бабу, што неаднойчы было прычынай сварак у яго сям'і.
— Бог з гліны іх вылеплівае, хібо ж ты не ведаў?
— Не-а.
— Ну, во, то цяпер ведай.
— А як іх вылеплівае?
— Бы твой тато — звяроў з пласціліну.
— А чаму з гліны?
— Яна, унучак, велькую сілу надто мае.
— А якую сілу?
— Падумай сам. З яе печы лепяць. I збанкі. Падлогі калісь гліняныя мелі, ток для малацьбы. Лішаі ёю мазалі, каб зводзіліса. А ў голад, бывало, гліну нават елі. Ты не пробаваў яе хібо ніколі?
— Ага! На беразе Верацейкі, калі бліны пяклі! Поўны рот набіраў!..
— Ну, во!
— А чаму ў таты звяры і людзі, што з лтісці... пасці... пе бегаюць, не маргаюць і не гавораць?
— Бо зляпіць іх — шчэ не ўсё. Ого, каб так было ўсё просто! Яны шчэ — без душы! А твой тата, ды і я душы ім даць не можам, а толькі — бог. Ёо-о, маё-о, ты і пра гэто шчэ не ведаеш?
— Не-а.
Праз хвіліну:
— А душу як ім робіць?
— Дае.
— Ага, дае. А як?
— Вельмі просто. Ты ведаеш, для чаго ў нас з табой пупы?
— Ну, дзіркі на жываце?
— Не-а.
— О-о, унучак, штука надто патрэбная — пуп! Праз яго мы і людзьмі пасталі! Бог такого чалавечка злепіць ды паставіць у зацішак за хлеўчык, каб прасыхаў. А калі на сонцы ўжэ добро падсохне, якраз праз гэты самы пуп удыхае яму душу. I толькі тады — чалавек гатоў. Адно каленкам яму пад попку — ідзі сабе і жыві!
— А што такое бог?
— Старшыня на небе.
— Для чаго ён чалавекаў робіць?
Зміцер хвіліну прыслухаўся, прыгледзеўся ўдаль.
— Бо сумно яму, хлопец, надто на тым небе аднаму. Падумай сам — ні цілівізара, ні радзіва ўверсе няма, толькі хмары і хмары ды часамі якая варона, шуляк ці бусел праляціць! Хібо ж ты не засумаваў бы? А так — выгляне сабе з-за хмаркі, паўзіраецца на народ — усё весялей.
— А дзе цяпер чалавечкі сохнуць, за якім хлеўчыкам?
— По-ойдзем, дзеду, пакажы-ы!
— Ёо-о, маё-о, чаго захацеў! Антон, бог надто злуе, калі за яго работай падглядуваюць!
— Мы схава-аемса, дзеду, не ўба-ачыць!
— Што-о ты, уну-учак?!
— Пра-аўда! Я хавацца ўме-ею і цябе навучу!
— Ой, я баюса! Бо ведаеш, чаму ў зайцоў губа рассечаная?
— Не-а.
Зміцер цяпер з усяе сілы напружыў зрок, выглядаючы. Не, каля клуба ўсё гэтаксама было спакойна.
— Ну, то слухай. Аднойчы касы са сваімі зайчанятамі падышоў да чалавечкаў, калі тыя прасыхалі. Малыя — што? Давай адразу фігляваць! Аднаму чалавечку нос скруцілі, другому ноздры вывернулі, трэцяму валасы выдзергалі!.. А ё-о, маё-о, чаго толькі не навычаў-плялі! Бог убачыў ды надто расстроіўса. А потым шчэ — зазлаваў. Вядомо, было за што! Хібо мы на яго месцы не злавалі б? Зайцы бачаць — бяда, і — лататы ў лес! Але бог паспеў запусціць у звяркоў кульбай і зайчысе рассёк губу! З таго часу людзі на зямлі пайшлі — і крываносыя, і з вывернутымі ноздрамі, і лысыя, і лупатыя, і клышаногія, і ўсялякія... А халерныя зайцы бегаюць з рассечанымі губамі. Цяпер — ясно?
— Ага-а...
Малы хвіліну меркаваў.
— Дзеду-у, а мы чалавечкаў чапаць не бу-удзем! Мы адно пагля-адзім, дзед! Хадзе-ем!..
Убачыўшы, што ўнук з дзедам занятыя надта цікавай гутаркай, кінулі валтузню і астатнія малыя. Прыляцелі да іх, адразу падхапілі.
— Дзед, хадзе-ем!
— Вядзі-і нас, дзед!..
— З такімі насамі — да людзе-ей? Каб баба мяне са свету звяла? Вытрыце іх, недарайды!
I цяпер Зміцеру давялося забаўляць траіх. А гэта было не так проста. Бегчы на абгонкі малыя не хацелі. Што тут прыдумаць?
Дзед выламаў ім вішнёвыя кіёчкі ды пастроіў унукаў «у калону па тры». Праз хвіліну малое «войска» з «карабінамі» на плячах, старанна тупаючы, пад дзедаву каманду ўжо маршыравала. Бязбожна скажаючы польскія словы, хлопцы паўтаралі за ім: