Выбрать главу

— Ха! На падлозе спаў — бо так сам захацеў! Карболкай посуд мая жонка яму нібыта выцірала, ха! Кіра, напэўно, і не ведае, што такое карболка — цяпер і на вёсцы не кожная баба чула пра карболку! Жонка выдзяляла яму пажы, відэлец, лыжкі і талеркі, спецыяльны ручнік нават, то і свайму — выдзяляла б, бо такая ўжэ брыдлівая баба ўрадзілася і ніц не зробіш! Але — каб шкадаваць чаго яму?!. Ну, не-е-е, такого не было! Я б за такое ёй!.. I вы-ыдумаюць, б-бляха, чортведамо што!

Уладзіку і на пахаванні было найгорш.

Калі працэсія збіралася вырушыць ад клуба на могілкі, ён першы і ўбачыў спушчаныя скаты ў абодвух «Жыгулях». Спачатку аж не паверыў сваім вачам, таму прыгледзеўся лепш. Не памыліўся — спушчаныя.

З Паўлам яны паставілі машыны на падворку сельсавета. Да скатаў — каб прапароць, з-за плота — падабрацца зусім проста, але ж ці яны маглі тады пра гэта і падумаць! I зараз абедзве машыны стаялі перакошаныя, бо Уладзікавы два колы левыя і абодва правыя Паўлавы — сядзелі на абадах.

Адным словам, братоў Маркевічаў землякі назаўсёды закляймілі. Яшчэ бытта і прыстукнулі пячаткай на векі вечныя — во, гіцлі гарадскія, майце за сваё ды ведайце, што за так гэта вам не прайшло! Бяссільныя цяпер што-небудзь змяніць, з адчуваннем беспаваротнай страты абодва Маркевічы, панурыўшы вінаватыя галовы, насупле-ныя, пакорна тупалі за платформай ды перажывалі.

Недалёка ад Маркевічаў тупалі жонка Крапака Хвядора і ўдава Кавальцовага Макара Тэкля. Маршчатыя бабулі — яшчэ рухавыя. Мелі на сабе бардовыя андаракі з цёмнымі і бліскучымі палоскамі з верху ў ніз ды з кароценькімі махрамі, вытканымі, мажліва, яшчэ да першай сусветнай вайны іхнімі мацяркамі, а мо і бабулямі. Абедзве кабеты трымалі сябе чынна, крочылі незалежна, не спяшаючыся і, бы ад злачынцаў, адводзілі ад братоў вочы, а на тварах ды вуснах сваіх захоўвалі выраз суровай ды сумнай зацятасці. Усё гэта, аднак, ім зусім не перашкаджала захапляцца і божым светам.

Злы Уладзік выразна чуў, як бабулі ажыўлена адна да адной гаварылі:

— Галасіць калі надумала?

— Як труну засыпаць будуць.

— Ага, тады — якраз. Але ты глядзі — нават сонцо стало ў каравул да Лаўрэна!

— До-обры дзень для пахавання, ох, фа-айны!..

Хвядора пацягнула носам:

— Бяссовесныя нівесткі нават у апошні дзень свайго свёкра ўважыць не маглі!

— Гэто не ад іх нясе! Кажуць, на бацькаво цело сын цэлую бутэлечку духоў выліў, бо кепскія пахі ўжэ ад яго пайшлі!

— А-а, хібо што! Глянь, Тэкля, у раўчак! Во-о, на левую руку глядзі, варона! Бачыш? Дальбо, трава зелянее!

— Ага-а! Шчэ якая шаўкавістая!

— I ўвогуле — ах, як на дварэ харашэ! Вясенняе сонцо — што ласкавае слоўцо!

— I ты адно падумай — толькі бліснуло пару дзён якіх-небудзь, а — маеш! Такая шчэ, здаецца, сырая зямля ўсюду, такія халодныя шчэ стаяць ночы з марозікамі, і снег месцамі унь свеціцца, бы чалавечыя косці ля прыгоркаў!

— Але шаршавы.

— На ўраджай! Напэўно — на ўраджай, так калісь старыя людзі казалі!

— Дай бог!

— Сокі ў дрэвах ужэ цякуць! Хутко на балоце і шчавей пакажацца, а там і краты зямлю скапаюць сваімі норамі.

— О-о, тады вясна ўжэ нарыхтык возьмецца — крот табе не стане брацца за работу, яе не чуючы!

— Будзе ўсё гэто, Тэклечка, напэўно будзе! А мы, галубка, з табой — бы тая трава ў жніво — і ў цяпле жывём, і ў выгодах, а — усыхаем, усыха-аем, з кожным днём сохнем! Званы — так і глядзі, зазвоняць над намі!

— Ой, дальбо, Хвядоро, праўду кажаш! Але — ніц не папішаш!

— О-о, ніхто шчэ ад гэтаго не адбрыкаўса — няма такога чалавека і не было! Макар мой, царство яму нябеснае, ТАМ унь з паўгода ўжэ — мне за ім даўно пара!..

— А дзяцей, а ўнукаў — на каго пакінеш?!

— Гэто толькі і трымае мяне шчэ на гэтым свеце, дальбо!

— Не-е, Зміцер мой — не скажу — трымаецца якось. Ноччу спіць добро і паесць можа... А пашлю куды, то хоць і пабурчыць, аднак і ў само Гродно з'егдзіць, і ў Бераставіцу ці ў Ваўкавыск нават. I ў магазін заўсёды ён у нас ходзіць. Пасядзіць, пасядзіць над сваёй Бібліяй, а скажу — за сумку і адпраўляецца! А то ў цілівізар вочы ўставіць. Калі здарыласа ГЭТО з Лаўрэнам, убіў сабе ў галаву, што і ён хутко памрэ. Як ні ўгаворуваю, а ён — сваё... Пакінула яго з малымі на падворку. На памінкі падмяню, бо выпіць, падло, любіць, але з-за ўнукаў нам абаім быць там не выпадае.