У гэты час Кіра, не падаючы і выгляду, бакавым зрокам пільна сачыла за дзецьмі.
Яе Ігар, бадзяга, каля воза паспеў ужо вымазаць аб буксу светлае футэрка ў шмаравідла, і маці зараз ламала галаву, чым бы яго пачысціць, калі вернецца дадому, чым стлуміць смурод нафты. Ці мо лепей узяць нажніцы ды запэцканыя валасінкі акуратна выстрыгчы і гэтае месца добра абліць адэкалонам? Трэба прыгледзецца да шубкі зблізку і тады ўжо вырашаць. Толькі ж невядома, што гэты вісус яшчэ выкіне тут да канца хаўтур,— мажліва, чысціць не стане чаго! I — от бяда, не пабяжыш пры такой сітуацыі да яго, на вачах народа не папрэш ад воза!..
Гэтым часам яе ўвішнага сына зацікавіла ўжо тонкая аксамітная скура рахманага гнядога, праз якую рэльефна прабівалася многа жылак — меншых і большых, бы на карце Паўднёвай Амерыкі — прытокі Амазонкі. Конь пад дубчыкам задрыгаў скурай, бытта зганяючы муху, і малы з радасным здзіўленнем закрычаў да сястры:
— Света, глядзі!
Тая з асуджэннем адводзіла вочы ўбок.
— Светка, хі-хі-хі-хі!
— Ну-у, Све-ета-а!..
Дзяўчынка шыкнула:
— Што робіш, фуліган?
— Хі-хі-хі-хі!
— Мамцы скажу!
— Хі-хі-хі-хі!
— От атрымаеш ад яе! I цябе за гэта не возьме на воз! Я паеду, а ты — не, ага!
— Мяне тата пасадзіць на коніка!
— Паба-ачым, паба-ачым!
— Ён абяца-аў!..
6
Нарэшце Лаўрэнаву дамавіну апусцілі на вяроўках паміж счарнелай ад вільгаці жончынай труной ды пясчанай сценкай. Кожны сыпануў па жменьцы зямлі. Мужчыны дружна хапілі лапаты і абедзве труны пачалі засыпаць. Тэкля толькі цяпер выскачыла з натоўпу і над магілай загаласіла:
У Тэклі гэта быў толькі ўступ. Лёгка адолеўшы яго, бабка цяпер загаласіла зычным голасам на ўсе могілкі:
Успомнілі раптам і іншыя бабы з маладзіцамі, што надарылася аказія вестку перадаць на той свет мацеры і бацьку, сыну і дачцэ, сваяку і сяброўцы, а Лаўрэн зробіць гэта сумленна і талкова, што вестку перадаць праз такога чалавека надта пачэсна. Залямантавалі і яны ды так зладжана адна за адной, бытта кіраваў імі невідочны дырыжор.
Прыбеглі заплаканыя Крапаковы хлапчукі. Кранутая кепскім прадчуваннем, Хвядора толькі глянула на ўнукаў ды паляцела дамоў, а ніхто гэта і не заўважыў.
Мужчыны ўпарта рабілі сваю справу. Засыпаўшы яму, каля Нінчынага крыжа ўкапалі ладную тумбачку з чырвонай зоркай і надпісам на бляшцы. Тады магілку абляпалі лапатамі ды старанна выгладзілі. На жоўты копчык акуратна паклалі з мірту жывыя вянкі і абвязаныя лентачкамі букеты кветак. Прыставілі да крыжа і тумбачкі з восем вянкоў металёвых — ад сыноў, ад нявестак і ўнукаў, ад калгаса, сельсавета і фермы. Затым пад сумную музыку Шапэна ней-кі час усе пастаялі з ненакрытымі галовамі і памаўчалі. Людзі думалі, як бы вырашаючы — разыходзіцца цяпер ці пасля.
Усе выразна чакалі каманды.
Сынам трэба было людзей гэтых запрашаць на памінкі ў сталовую — там даўно накрывалі ўжо сталы, над імі па-сваяцку чаравала разахвочаная Бася. Але ж варожая адчужанасць землякоў цяпер была такой выразнай, што абодва браты ўжо засумняваліся — а ці трэба гэта рабіць.
Варожасць вяскоўцаў перайшла нават на сваяка. Уладзік мімахо-дам чуў, як рыжабароды вадзіцель калгаснага грузавіка, сын настаў-ніцы і завочнік палітэхнікума Юрка за нешта гыркнуў на Франака:
«А я на тваёй праўдзе не быў і быць не хачу, зразумеў? Бо ўсім вядомо, якая з цябе цваная сволач ды махляр, як ты любіш сыпаць людзям жвір у вочы! А шчэ скажу табе, Шмігельскі, ты — надто ўрэдны! Хоць лічыш сябе разумным, як Саламонавы парткі, але запамятай назаўсёды — слухаць цябе больш не збіраюса, пайшоў ты к ядронай мацеры!»
Так цяпер павышаў голас той, хто яшчэ нядаўна маліўся на Франака.