Калі ласка, запрасі, запрасі на памінкі зараз зялёнадалінцаў. Чаму не, на дармовы пачастунак валам прываляць — калтаць змогуць. Яшчэ бацька любіў гаварыць, дзе п'юць, туды і бягуць, у каго сабакай нос нацерлі. Цяпер у калгасе работы мала — людзі больш-менш вольныя. Але ж гэта — вёска са сваімі норавамі, прынцыпамі, звычкамі і хваравітым адчуваннем справядлівасці, а не які-небудзь прафсаюзны сход на аўтабазе, дзе ўсе маўчаць, зыркаюць на гадзіннікі ды мараць аб адным — каб хутчэй скончылася гаварыльня на трыбуне.
Тут ні маўчаць, ні дыпламатнічаць не любяць, не ўмеюць і не хочуць, а што думаюць і адчуваюць, адразу і валяць.
Адзін Зміцер Крапак, падвыпіўшы, не выцерпіць, абавязкова ўспомніць чатыры скаты з дзіркамі, хіба ж праміне? Яшчэ нават нібы і паспачувае: «Ёо-о, маё-о, што якіясьці гіцлі вам, хлопчыкі, нарабілі, каб цябе ўзяла хале-ера!..» Ды галавой нават паківае ад шкадавання. А ў вачах яго прачытаеш такое, што каб і хацеў, да смерці не забудзеш.
А дзябёлая Бася? Тая — дабавіць, хоць і сваячаніцай стаць ужэ збіраецца. У буфетовай — праўду цётка Марыся казала — «жаба на языку не спячэцца» і па словы ў кішэні не палезе!
Толькі п'янчуга Амэрыканец-Рубдваццаць будзе лезці цалавацца ды плясці, што з бацькам былі вялікія сябры яшчэ за польскім часам, стане разувацца, каб паказаць, які ён ветэран, хоць вядома, што палец страціў на балоце.
Вяскоўцы пра такія памінкі потым перадаваць будуць яшчэ нават сваім унукам.
Варожасць гэтая Уладзіка нават крыўдзіла. Адначасова душу яго грызла ўжо і сумленне. Ён сябе дапытваў — а ці яны з Паўлам рабілі ўсё так, як трэба?!.
Адным словам, да сына нарэшце пачало нешта даходзіць, і ранейшай упэўненасці ён ужо цяпер не меў. Найбольш парушылі яе Уладзіку ў міліцыі.
Калі выклікалі туды братоў, каб забіралі цела свайго бацькі ды пакінулі распіску, што не маюць ніякіх прэтэнзій да міліцыі, у калідоры іх спаткаў знаёмы капітан, празваны на вёсцы мянушкай «Панімаеш», а на самай справе — Касцевіч Іван з-пад Скідэля і пляменнік таго самага Міхася Васілька, з каторым Уладзікаў бацька служыў калісьці ў польскім войску. Іван Касцевіч адзін час у Зялёнай Даліне служыў участковым, а бацька ў яго лічыўся актывістам і дапамог не ў адной справе.
«А-а, бацьказабойцы да нас з'явіліся і не запыліліся! — кпліва павітаў іх зямляк.— Ну во, свайго дамагліся вы! Што ж, цяпер — радуйцеся!»
Павел адразу ўспыліў:
«Пайшоў к чорту, начальнік тут мне знайшоўся!»
«Якім правам кідаешся тут гэткімі словамі?»
«А ты якім правам абзываеш нас бацьказабойцамі? Няма ў цябе ніякага доказу так гаварыць!»
«Няма, кажаш?!.»
«А якія, выкладвай!»
Расхваляваўся і Касцевіч:
«Былі б, панімаеш, шчэ тыя самыя доказы — ха-ха! — гутарылі з вамі не так! О-о, тады і пагавары-ылі б — пыл толькі з вас пайшоў бы!»
«Ну-ну!»
«Было б табе і «ну!». Спрабавала, панімаеш, сведчыць нешта Сонька Касіла з Масалян, але потым, баба дурная, раздумала і заяву забрала. Ці не вы ў гэтым пальцы макалі?»
«Сам ты яе шрайбаваць прымусіў! Недзе не адну гадзіну стэльмачыху так і гэтак тут угаворваў ды страшыў, але — не выйшла, ага?! Такое рабіць вы з людзьмі ўмееце!»
«Но, но, уважай на заднія скрэнты! Не забывай, дзе знаходзішся, трымай язык за зубамі! Бо, панімаеш, за такое дзела цябе можна і пад артыкул падсабачыць... Сам добра панімаеш!»
Старэйшы Маркевіч перадражніў:
«Паніма-аеш, паніма-аеш! А што — панімаеш? I што я павінен панімаць да таго, што даўно панімаю?! Гэта ты, Касцевіч, сам ні храна не панімаеш і думаеш, што ўсе людзі такія! Навучыўся тут падазраваць кожнага сустрэчнага і папярэчнага, то з гэтым і да нас прыстаеш! Толькі мы табе — не іншыя! Сам і слядзі за тым, што тут гаворыш!»
Уладзік давай іх мірыць:
«Хло-опцы, што вы счапіліся, бы якія пеўні, дальбо! Па-авел, Іва-ан, абся-ядзьце!»
«А ты чуў, што гэты Панімаеш аба мне і аб табе меле маўчаць мне, па-твойму?»
«Нахабнікамі ўжэ зусім пасталі тут, ад свае вёскі, панімаеш, адарваўшыся!»
«Касце-евіч, Ва-аня, што ты з нас якіхсьці злачынцаў робіш! Масалянка па-бабску магла наплясці сем вёрст да нябёс і ўсё лесам, а вы тут, у сваёй міліцыі, ад празмернай пільнасці, мажліва, вушы і развесілі замест таго, каб талкова разабрацца! Наш стары, павер, Іване, гэто сам з сабой зрабіў!»
«Сам з сабой, ого я-ак?!»
«А от — так! Захацеў ды зрабіў, а вы тут вінаватаго будзеце шукаць! I ведаем з чаго — з нуды ён гэто!»
«А вы дзе былі?!»
«Не там! Вядомо, не там! Усе мы цяпер паразумнелі! Каб ведаў, дзе ўпадзеш...»
Павел брату дапамог:
«I няма закону, каб нас за такое караць!»