«Іш ты, куды загнуў!..»
«А дзе такі закон, дзе, пакажы нам?!»
«Па-авел, Па-авел, а ты таксама — супакойся, а не скачы на капітана, як малы!»
Цяпер гаварыў адзін Касцевіч:
«Слухай, старэйшы Маркевіч, не чапляйся ты тут, панімаеш, за фармальныя гаплючкі, бы той — за саломінку ў вадзе! I не выкруч-вайся, калі нашкодзіў! Калісьці, панімаеш, гуляшчыя дзеўкі сваіх малых са свету зводзілі часта ў нашым горадзе і таксама, панімаеш, на іх законаў не было — рабілі, што сабе хацелі! Адная ў Гараднічанцы свайго бахура тапіла! Другая голадам, панімаеш, марыла, у каморы запіраючы! Трэцяя падушкай душыла! Шчэ былі такія, што людзям пад дзверы ранкам падкідвалі, покуль, панімаеш, і да іх не дабраліся і закон не выдалі!»
Касцевіч строга паглядзеў на братоў:
«Папрывозілі, панімаеш, з вёсак на голы асфальт сюды сваіх старых, родных бацькоў папрывалакалі супроць іхняй волі, павыдзіраўшы з роднай глебы, са сваіх гнёздаў, каб яны тут, панімаеш, на смярдзючым асфальце гібелі!.. Зойдзеш, панімаеш, у абласны аддзел судовай экспертызы, начальнік Андрэеў як пакажа табе дакументы, і ты за галаву хапаешся, калі ўбачыш, што за год у вобласці адбылося!.. А скажы яшчэ во такім, то яны за гаплючкі чапляюцца ды шчэ цябе абвінаваціць хочуць! Круцялі і махінатары!.. Маеце шчасце — для вашага злачынства покуль што, панімаеш, закона I праўда не знойдзеш, да вас яго не прыменіш, а то адгэтуль вас, Маркевічы — адзін і другі, не выпусціў бы я першы! Вы б у мяне тут за такое адказалі на ўсю жалезку! Панімаеш, такой народнай закваскі быў чалавек — на такіх зямля трымаецца! I гэтак яго змарнаваць? Ды з-за чаго?! Была б прычына як прычына, а то — з-за дурасці!.. Як вас толькі зямля на сабе носіць?!.»
Касцевіч павярнуўся ды пакрочыў па калідоры, а браты да вечара хадзілі як апляваныя.
Капітан даведаецца, напэўна, і пра халерныя скаты — ото ж будзе злараднічаць...
А цяпер шчэ гэтых усіх вядзі на памінкі, каб паздзекаваліся з цябе і яны!
Але ж, б-бляха, і адмовіцца ад заказу ў сталоўцы не выпадае. Адны адразу зарагочуць шчэ тут, на могілках,— ага, падлы, уцяклі! Іншыя прысудзяць — нават пашкадавалі, куркулі маладыя, пару рублёў, каб належным чынам і па-людску свайго роднага бацьку памянуць на апошняй вячэры, які ім, напэўна, не адну тысячу пакінуў — пакінуў без сумнення, і пакінуў многа, бо Лаўрэн быў не тратны, запаслівы...
А як запрашэння не прымуць?
Вельмі проста могуць згаварыцца, і ніхто ў тваю сталоўку не пойдзе. Яшчэ потым і хлопчыкаў падашлюць пад вокны, каб дражніліся. Як быць тады? Са Шмігельскім сядзі цэлы вечар у пустой зале ды глядзі на буфетову, як у яе «жаба на языку пячэцца». За чаркай, чаму не, можна было б пасядзець і ўтрох, але ж куды дзенеш жонак, малых? Дзе выйсце? I вырашаць трэба было Уладзіку аднаму. Трапіў ён у сітуацыю, калі, бы пры той дзіцячай гульні, яму выпала жэрабя, ткнулі ў яго пальцам ды сказалі: «Вадзіць — табе!»
...Уладзіку заўсёды здавалася, што, перабраўшыся ў горад да кватэр з ваннамі, гарачай вадой і тэлефонамі, набыўшы машыны самай апошняй маркі, яны з братам надта высока ўзняліся над людзьмі. Засталося зусім мала — адно паставіць за пяць тысяч мацеры помнік (не танней — столькі плаціла прафесарша!), і тады можна будзе глядзець на землякоў з вышыні мармуровых прыступак. А выйшла ўсё далёка не так.
Як цяпер жыць?
Відочна пакуль што адно — брату Мікалаю ды зялёнадалінцам яны з Паўлам прама ў вочы глядзець больш не змогуць. Нават прыехаць у родную вёску ў бліжэйшы час не змогуць!
Мне, апавядальніку гэтай сумнай гісторыі, хочацца аж закрычаць у яе заканчэнне:
«Ці яшчэ доўга, скажыце, так будзе на свеце весціся, што часамі, каб дзеці пасталі хоць крыху разумнейшымі, больш чалавечнымі і абладаванымі жыццёвай мудрасцю, вопытам і ведамі, бацькам абавязкова трэба касцьмі легчы?»
1984-1986