Выбрать главу

Як і заўсёды, Хапун данёс тую рэч да паркана, перакінуў на другі бок, яна гэхнула так, быццам упаў з неба метэарыт, а тады пералез і сам.

– Вось і папаўся! – шчасліва глядзеў на Хапуна міліцыянер і ўсміхаўся, яго ж напарнік трымаў рукі напярэймы – каб не даў лататы злодзей. – Што ж, пайшлі ў аддзел. Бяры сваю рэч і тупай за намі.

– Цяпер нясіце вы, – спакойна сказаў Хапун. – Я сваё пранёс.

Міліцыянеры пераглянуліся, і малодшы сяржант кіўнуў радавому:

– Нясі, Мамонька.

Мамонька абхапіў тую рэч рукамі, нібы абцугі цвік, але і з месца не скрануў. Бездапаможна глянуў на малодшага сяржанта. Той зразумеў яго з паўслова: яны абхапілі рэч удваіх, але таксама не маглі падняць.

– Дык што, не панясеш? – зноў паглядзеў на Хапуна сяржант.

– Не панясу. Я сваё пранёс. Вам трэба – нясіце.

Міліцыянеры пераглянуліся.

– Добра, – сказаў малодшы сяржант, – давай пойдзем на кампраміс. Ты нясі сваю рэч, куды і нёс, а мы пойдзем, куды ішлі. Згодны?

– А як жа! – усміхнуўся Хапун, падхапіў адной рукой тую рэч і пакандыбаў дадому.