Выбрать главу

Жонка, трымаючыся далонькамі за тое месца, куды чмокнуў муж, нясмела крутнула галавой:

– Не-а, першы раз чую.

– Нічога, нічога, праз гадзіну, а мо раней будзеш мець магчымасць пазнаёміцца з ім асабіста. Бурчалкін, цэнячы нашы ранейшыя сяброўскія адносіны, паабяцаў завітаць да нас. На агеньчык, так сказаць. Прыехаў у камандзіроўку і адразу ж мне тэлефануе: Мамкін, прывітанне! Мамкін, як жыццё? Мамкін, якія ў цябе праблемы? І гэтак далей. Абмазгуй, кажа, чым магу табе памагчы – сёння буду, перад ад’ездам ёсць пару гадзін, сустрэнемся. Тут, кажа, цягнуць у рэстараны з усіх бакоў, але я ўсё ж адбіўся: аднакурснік на сяброўскі уік-энд запрасіў, так што ... прабачце, спадары і спадарыні. Мамкін чакае. Га? Ты вось што, Нінуля, пакуль я збегаю ў гастраном, таго-сяго прыхаплю, рыхтуй на стол і думай, чым табе і мне, вядома, можа памагчы Бурчалкін. Глядзі, нічога не ўпусці. Не прамахніся. Ён чалавек слова. Ну, дзе грошы... Давай, давай, для такога сяброўскага уік-энда не шкада патраціцца.

Нінуля, ледзь стрымліваючы хваляванне, мітусліва дастала з тайнічка грошы, адлічыла неабходную суму, працягнула мужу:

– Глядзі ж там, абавязкова каньяк купі. Самы лепшы. А то, можа, ён гарэлкай грэбуе? Паўлік, і далікатэсаў якіх-небудзь прыхапі. Усё ж – з парламенту... І не баўся. А то раптам заявіцца госць, а я і не ведаю, пра што з ім гаварыць. Яшчэ не тое ляпнеш...

– Куплю ўсё, што трэба! Ды ты не хвалюйся... Чалавек ён свойскі, просты, хоць і чын высокі мае. З ім можаш пра ўсё, што душы пажадаецца, гаварыць. І гавары! Размаўляй! Ну, глядзі тут, я пабег. І думай! Думай, што нам, Мамкіным, трэба яшчэ ў гэтым жыцці? А хочаш, ён нас запраста ў Мінск перацягне? Без партфеля, вядома ж, не пакіне. Не, не такі ён, Бурчалкін, каб лепшых сяброў забываць. Ну, я пабег!

– Шчасліва,– усміхнулася ўслед Нінуля і пачала збіраць на стол.

... За вуглом дома Мамкіна чакаў Бурчалкін.

– Парадак! – перавёўшы дух, выціснуў з сябе Мамкін.– Разыграна ўсё, як па нотах. Пабеглі ў гастраном. А потым – да мяне. Глядзі, вядзі ж сябе прыстойна... на ўзроўні дэпутата. Пра палітыку больш сып, пра палітыку... Мая Нінуля не вельмі ў ёй. Пра прэзідэнта не плявузгай. Я сказаў, што ты за руку з ім вітаешся. Чуў? Пазняка, Шарэцкага можан мацюкнуць. І абяцай! Залатыя горы і адпачынак на Маямі. Рабі ўсё, як дамаўляліся. Па распрацаваным сцэнарыі. Ну, а заўтра, Бурчалкін, я ў цябе буду госцем са сталіцы. З парламенту.

І дружбакі пашыбавалі ў гастраном.

КАРАСІ НА ПЯСКУ

Усё пачалося з пісьма ад сына Міхася, які паведамляў, што прыедзе не адзін, а з дзяўчынай, будучай жонкай.

– Трэба сустракаць, – сказаў Матруне Лявон.– Запросім гасцей, сваякоў і суседзяў, каб з Міхасёвай маладзічкай пазнаёміліся, мо і вяселле справім. Рыхтавацца трэба. Паглядзі, колькі ў нас цукру, Матруна. Ці хопіць на гэтае... Ну, сама ведаеш... Гарэлка ў краме надта ж дарагая... Адным словам, будзем рыхтавацца...

Як толькі ў бочцы спынілася бульканне, Лявон сказаў сам сабе: «Час».

Назаўтра раніцай, калі вёска яшчэ спала, Матруна на плоскадонцы адвязла Лявона на востраў, а сама вярнулася дахаты. Але ўсё ж сусед Понцік убачыў, што Канапелька павалокся праз агароды да возера з такімі-сякімі прычындаламі. Понцік меў на Лявона зуб, і таму вельмі ўзрадаваўся, падцягнуў штаны і адразу ж пашкандыбаў да ўчастковага, рашуча пагрукаў у акно. Неўзабаве паказаўся заспаны твар міліцыянера Кузоўкі.

– Ну, што здарылася? – праціраючы вочы, спытаў той.

–Ты во спіш, а Лявон на востраве чымергес цісне. Штрапуй! Усіх штрапуеш, а яго што – не бачыш? Ці мо ты праз аднаго штрапу даеш? Глядзі, хоць ты мне і радня, але магу і вышэй заявіць. За Понцікам не заржавее.

Участковы толькі ўздыхнуў. Задаволены Понцік вярнуўся дамоў, злосна пачэсваючы рукі: во,ты, Лявоне, цяпер запяеш мне Лазара. Будзеш ведаць, як лезці са сваёй прасціной.

Лявон тым часам прыладкаваў апарат, расклаў цяпельца, і неўзабаве ў трохлітровы слоік капнула першая кропля...

Стары не адразу пачуў плёскат вёслаў па вадзе. Насцярожыўся – на бераг насоўвалася міліцэйская фуражка. Напалоханы Лявон адразу кінуў усё і схаваўся ў хмызняку, пачаў назіраць, што ж робіцца каля яго апарата...

– Лявон, выходзь! Твой агрэгат, адразу пазнаў,– пачуў стары голас Кузоўкі. – Не хавайся. Будзем акт складаць. Ад закону не схаваешся.

«Не, смалы... – разважаў Лявон. – Гэтак мяне не возьмеш. Яшчэ невядома, хто каго...»

Кузоўка пахадзіў-пахадзіў вакол апарата, паклікаў яшчэ Лявона, а потым заўважыў, што цяпельца прытухла, перастала капаць у слоік. Як чалавек гаспадарлівы, ён падкінуў дроў, і чымергес зноў пабег танюткім раўчуком.