Спектакль пачаўся, як і чакалася, пры перапоўненай зале. Сабраўся люд не толькі з Беражкоў – з усіх навакольных вёсак прыкандыбаў стары і малы. Месцаў не ўсім хапіла, але з нагоды такой падзеі можна і пастаяць. Ды і не паны – ад зямлі тэатралы, свае. Мясцовае начальства крыху прыпазнілася, але яму, як і ў сапраўдным тэатры, прыбераглі шостую лаўку спераду, а каб астатнія бачылі, для каго прызначаецца яна, заслалі абрусамі, таму і дурню зразумела: не займаць! Дзед Міхей на ўсялякі выпадак папярэджваў кожнага, хто касіў вачыма на прыгожыя абрусы:
– Ета, панове, не пад вашы штонікі пакладзена. Замурзаеце. Размяшчайцеся, размяшчайцеся, дзе хто можа. А другім разам і свой табурэцік не грэх прыхапіць – для пэўнасці: цопнешся ці не на дзяржаўную лаўку, а на сваё – факт, сядзеш. Майце на ўвазе. Спектакль смешны, пра нас з вамі, -- я быў запрошаны на генеральную рэпетыцыю,– таму маецца быць заўсягды, як сказаў сам Мішка Бараболька, аншлаг. Размяшчайцеся. Сядайце. Ну, стойце, стойце... Хто рана ўстае, таму і Бог дае. Так-так, вось і старшыня прыйшоў. Пачынай, Мішка, спектаклю! Можна!
Спярша зайграла музыка, потым рассунулася заслона, і на сцэне ўсе ўбачылі даярку Верку Цыганку і маладую бухгалтарку Волечку.
– Апраніся, сваты прыедуць, а ты – як лахудра! – строга сказала Волечцы Верка Цыганка.
Бухгалтарка змоўчала, але паслухалася – пачала ўпрыгожвацца перад люстэркам.
– На тое і спектакль, – шапнуў дзед Міхей сваёй Лёксе,– каб стрэльнуць па чалавеку, як з ружжа, што на сцяне вісіць... Мішка казаў... Тут, бачыш, нейкая задрыпаная даярка Верка Цыганка можа лахудрай ці іншым абы-якім словам абазваць бухгалтарку, чалавека з дыпломам. Тэатр – гэта табе, Лёкса..
– Глядзі! – варсанула ў бок старому жонка.
Пакуль бухгалтарка Волечка прыхарошвалася, у дзверы пастукалі. Заходзяць сваты. Наперадзе шнуруе вясковы каваль Сідаронак, крыху адстала ад яго арандатарка Маруся Бахцікава, а там ужо пасыпаліся – з-за сватоў не адразу і жаніха ўбачыш. Відаць, па ролі так. Мішка апошні заходзіць, крыху саромеецца, вочы то на падлогу скіруе, то на столь талопіць.
– Бач, колькі іх на дурніцу прыпёрлася выпіць,– шапнуў Лёксе дзед Міхей.–Толькі нас яшчэ там і няма...
– Добрым людзям наш добры паклон! – сказаў каваль Сідаронак, і ўсе, як па камандзе, схілілі галовы.
– Праходзьце, людцы добрыя! – зрабіла шырокі жэст рукой Верка Цыганка.
–У сваю хату яна б так дудкі запрасіла,– хехекнуў дзед Міхей. – Што значыць тэатр!.. На хаду чалавека іншым робіць. Га?
Лёкса не адказала.
– Дык, гавораць, у вас дзеўка занявесцілася,– каваль Сідаронак памкнуўся паставіць кошык, з якога вялікай грушай выпіраўся корак ад глячка, на стол, але Верка Цыганка трошкі, пэўна, разгубілася, а мо і словы раптам забылася, атрымалася паўза, і ён не ведаў, прымуць іх у гэтай хаце ці не, таму ставіць кошык не асмельваўся.
– Ды стаў, стаў кош на стол, – падказаў дзед Міхей. –Прымуць, прымуць, куды яны дзенуцца. Гэтай бухгалтарцы і ўсамдзелі замуж пара. Ёй бы толькі жаніха маладзейшага. Але ж Мішка – артыст. Ён любую зацугляе.
Пакуль тое ды сёе, дзея ў спектаклі разгортвалася, Мішка Бараболька сарваў нават першыя апладысменты: ён ашчаперыў бухгалтарку Волечку і смачна пацалаваў.
– Лідка, ты глянь, глянь! – крутнуўся на лаўцы дзед Міхей. – Пад гэтую марку і нацалуецца Мішка. Няўжо і ў цексці ёсць цалаванне? Не можа быць... Ды і на генеральнай рэпетыцыі на гэтым месцы не цалаваліся. Я б запомніў... Не-не, гэта Іішка сам прыдумаў. На тое артыст!
Лідка запунсавелася, махнула рукой:
– Абы далей не пайшло!..
– Пры такім цемпі можа і пайсці,– зарагатаў дзед Міхей.
– Глядзі! – зноў варсанула старога ў бок Лёкса.
Стол на сцэне быў накрыты шыкоўна – нават бульбачка дымілася, а ў цэнтры стаяў глячок з гарэлкай, паабапал яго пляшкі з такім жа, відаць, пітвом. Сваты, жаніх, нявеста і Верка Цыганка п’юць, ядуць і гамоняць.
– Няўжо ваду жлукцяць ці канпот які? – спытаў у Лёксы дзед Міхей.
– Ты ж усё ведаеш, навошта ў мяне пытаешся? – адмахнулася Лёкса.
– Не, ты заўваж, заўваж: Мішка сам сабе налівае і, ліха яго матары, з адной і той жа бутэлькі,– засвяціўся маршчыністы – леташняй бульбінкай – тварык дзеда Міхея. – На рэпетыцыі з глячка цадзіў. Во, во, шосты раз прыкладваецца. Там недзе ў дне кропля мо якая засталася. Хіба ж вады ён столькі мог выпіць? Яе столькі не адужаеш. Пляшка, няйначай, літровая. Анціхрыст, навідавоку ў старшыні п’е гарэліцу... не, каб і яму прапанаваць-паднесці. Мішка не дасці. Скнара. Сам дабулькае. Закусвай, закусвай, Мішка, а то разбярэ, халера!..