– Плашч – залюбуешся! Чысты кабардзін! Браць?
– Што, якраз мой памер?
– Твайго не бачу... Ах, дык гэта ж жаночы плашч! Але прыгожы. Вачэй не адарваць.
Неўзабаве Капіталіна вылазіць з новай пакупкай, аддае мужу: трымай! А сама зноў нырае ў чаргу. Не праходзіць і хвіліны, як чуваць яе шчаслівы голас:
– А шапкі, Ціханчык, ні пяром апісаць, ні ў казцы расказаць.
– Андатравыя?
– Гм, захацеў так адразу! З лебядзінага пуху. Каб узяць?
– Бяры, калі андатравых няма, – паціскае плячыма Ціханчык.
– Ціханчык, га, Ціханчык, падыдзі бліжэй, паглядзі, якое шыкоўнае паліто, – кліча Капіталіна мужа. – Возьмем? Пазней днём з агнём не знойдзеш. Ды і ўлічваць трэба – гіперінфляцыя. Каўнер, не, ты глянь, з чаго каўнер! Натуральны пясец.
– Гэта ж жаночае,– міргае вачамі Ціханчык.
– На цябе, даражэнькі, пашукаем яшчэ. Знойдзем. Павінны знайсці.
... З крамы Ціханчык нёс, ажно гнуўся, абновы для жонкі. Капіталіна забягала наперад, стараючыся зазірнуць яму ў вочы:
– Гэта ж трэба так гандляваць! – шчабятала яна. – Невукі! Як грошай няма – для мужчын рэчы выкідваюць, а калі ёсць – толькі жаночыя. Ніякага парадку ў гэтым гандлі.
Ціханчык, выціраючы насоўкай узмакрэлую лысіну, чыкільгаў за жонкай і думаў, што ён вельмі шчаслівы чалавек: няхай яшчэ хто выйграе для сваёй любай жонкі столькі трантаў!
ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ
Госці прабраліся за сталы. Сядзяць. Чакаюць. Маўчаць.
– Ну, дзе там наша імянінніца, шаноўная, паважаная Клавачка? – устаў Павел Сцяпанавіч, штатны тамада, абвёў прыдзірлівым позіркам стол, які быў густа застаўлены закускай і бутэлькамі з ліманадам і мінералкай, развёў рукамі. – Нешта... кхы-кхе-кхе... нічога не бачу...
А Клавачка трымала ў руках дзве бутэлькі гарэлкі – па адной у кожнай.
– Што ж, пачынайце, госці мае, застолле, – пявучым голасам падала каманду Клавачка. – Ліманад на стале. Мінералка. Налівайце. Ну, а хто хоча гарэлкі выпіць за маё здароўе, пажадаць мне такога горкага, як і яна, жыцця, прашу ўзняць рукі. Ну, смялей, смялей, госцейкі дарагія!
Госці сядзелі моўчкі, баючыся варухнуцца. Нават тамада. Ён толькі разінуў ад пачутага рот.
– А я і ведала, што вы ўсе жадаеце мне толькі салодкага жыцця! Дзякуй вам, даражэнькія мае! – на Клаўчыным твары запалілася ўсмешка, і неўзабаве яна гарцанула на кухню з дзвюма бутэлькаімі гарэлкі.
Той-сёй цяжка ўздыхнуў, нехта запляскаў у далоні, а тамада сядзеў усё яшчэ з разяўленым ротам...
ПРЫЗ
Сцёпчыха заўсёды лютавала, калі размова заходзіла пра Шурку – прывабную адзінокую жанчыну са шматлікімі пярсцёнкамі на пухленькіх пальцах і арыгінальным залатым ланцужком на шыі. Гэтыя жоўценькія вырабы і псавалі ёй, Сцёпчысе, настрой.
– Бач, бач, ідзе як! Х-хы! Каза-а! – амаль штодня праводзіла яна Шурку, крыўляючыся. – Зноў, зноў сёння новую сукенку апранула. І пярсцёнкі новыя начапіла-а! Пачакай, пачакай, напорашся – адарвуць з пальцамі. А што ёй! Выгуляецца на рабоце – і круць-верць азадкам. Каб быў мужык, то пакруціла б. А то што ні дзень новыя транты, з іголкі. Канечне, палюбоўнікі стараюцца. Вунь, вунь іншамарка падкаціла прама да пад’езда. І паехала, і паехала... Цьфу!
Сцёпчыха, правёўшы з балкона сваю маладую суседку на працу, пачынала гатаваць ежу, тапталася на кухні і думала, як ёй насаліць. «Пад носам капіталізм расцвіў!»– не магла супакоіцца яна. А як ушчыпнуць Шурку – не магла даўмецца. Але галава працавала. Актыўна. Напружана. Таму, як толькі Шурка вярнулася з працы на той жа іншамарцы, Сцёпчыха адразу кінулася да тэлефона і набрала «04»:
– Свішча газ! Чакаю! Іначай дом узляціць пад аблокі! Будзе, як там!..
Яна назвала Шуркін адрас і шырокая ўсмешка расплылася па твары: а заўтра «хуткую дапамогу» выклічу, потым аб’явы на слупах расклею, што Шурка быццам прадае халадзільнік... Не будзе ў яе спакойнага жыцця!
Аварыйная брыгада прыбыла даволі хутка. На званок у дзверы выглянула Шурка, а Сцёпчыха прыадчыніла свае і навастрыла вуха.
– Вось вам наш прыз – тэлевізар! – сказаў вусаты дзядзька і паказаў на свайго калегу, які трымаў прыз. -- Не здзіўляйцеся, не здзіўляйцеся – вы наш юбілейны, стотысячны, кліент.
Ад пачутага Сцёпчыха страціла прытомнасць і выкацілася на лесвічную пляцоўку...