Алесь Пашкевіч
Карусь Каганец: “Кроў з крыві беларуса...”
…Уявіце сабе: у 1893-м годзе па імперска-губернскім Мінску ходзіць дзяцюк у сялянскім расхрыстаным кажуху, пад якім – падперазаная чырвоным рушніком белая нацыянальная вышыванка, на нагах – скураныя самаробныя боты, доўгі каваны нож за наваксаванай халявай… Ходзіць ён з запаленай ліхтарняй у руцэ – днём! І калі спытаць: «Што, чалавеча, ты робіш?», пачуеце ўпэўнены адказ па-беларуску: «Шукаю беларусаў!». «А нож навошта?» — пацікавіцеся вы, і пачуеце: «Ды на ўсякую прыгоду…».
А ходзіць гэта — старадаўняга шляхецкага роду прадстаўнік, прадзеды і дзяды якога былі пісарамі і скарбнікамі князёў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага ды каралёў Рэчы Паспалітай, бацька і ўсе дзядзькі якога пасля ўдзелу ў паўстанні 1863 года былі асуджаны і пазбаўлены сваёй спадчыннай маёмасці. Ходзіць стрыечны дзядзька класіка сусветнай літаратуры Гіёма Апалінэра і аўтар першага падручніка для беларускіх дзяцей. Ходзіць паэт i празаік, драматург i перакладчык, мастак i скульптар, навуковец i педагог, карыкатурыст i грамадскі дзеяч Казімір Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі, вядомы пад псеўданімамі Карусь Каганец і Будзімір. Ходзіць і будзіць насельнікаў сваёй радзімы – яшчэ з канца далёкага ХІХ стагоддзя...
Пра яго пакінулі ўдзячныя і захапляльныя згадкі і ўспаміны Вацлаў Ластоўскі, Антон Луцкевіч, Алесь Гарун, Язэп Лёсік, Янка Купала, Максім Гарэцкі, Аляксандр Уласаў, Язэп Дыла, Паўліна Мядзёлка. Яго неардынарнай постаці і арганічнаму таленту прысвячалі дзясяткі вершаў лепшыя беларускія паэты, сярод якіх – Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля, а таксама сучасныя аўтары (згадаем вершы Анатоля Сыса, Міхася Скоблы, Віктара Шніпа, эсэ з «Імёнаў Свабоды» Уладзіміра Арлова і інш.). Яго творчы лёс актыўна вывучалі Мікола Каспяровіч, Сцяпан Александровіч, Алег Лойка…
Пра светач таленту і грамадзянскага служэння гэтага чалавека, які годна і па праву называў сябе крывёй з крыві беларуса, і пойдзе гаворка ў гэтым нарысе...
Загадкавай i нераскрытай пакуль цалкам застаецца праблема мастацкіx першаштуршкоў i першапачаткаў, якія запалілі каганец пісьменніцкай думкі, таленту, якія надалі яму творча-дзейсную моцу — яркае i чыстае святло Адраджэнскае iдэi. Мала каму вядомы 25-гадовы хлопец са збяднелай сям’і, калекаваты, у вёсачцы Лici Норы Менскага павета яшчэ ў . стварае велічна-патрыятычную, узнёсла-асветніцкую «Прамову», блізкую да народных казанняў, адну з першых пропаведзяў толькі-толькі ўзрослай на свет з новай жыццёвай сілай iдэi беларускай самастойнасці i незалежнасці. У пераклічцы з Францішкам Багушэвічам Карусь Каганец узнаўляе слаўныя старонкі зацемненай i занядбанай гісторыі беларускага краю i, знітаваўшы свой твор чыстым i кранальным лірызмам, выводзіць усё тое ж пытанне-вокліч, якое яшчэ цэлае XX ст. будзе неадступна хваляваць нацыянальных творцаў: «Ці справядліва гэта — усяго, што сваё, чурацца: i мовы сваёй, i звычаю свайго, i апраткі сваёй?». А далей, у павучанне, малады пісьменнік дадае: «А ведаеце тое, што мова наша колісь слаўнай была, і быў час, калі наша мова працвітала пры дварэ каралёў польскіх. Ведайце, што спамеж нас больш, як спамеж другіх народаў славянскіх, слаўных людзей выходзіла даўней і цяпер выходзіць і розумам і ваеннымі заслугамі… Адно нядобра, што кожны славу прыносіць не сваёй старонцы, а ўсё чужым». (Каганец К. Творы. — Мн., 1979, с. 25.)
Ад чаго ўзгарэлася зорка Kaзiмipa Кастравіцкага, хто давыпеставаў укладзеныя Богам душэўныя зернейкі таленту гэтага чалавека?
Два ягоныя псеўданімы — Карусь Каганец і, меней вядомы, Будзімip — вельмі яскрава перадаюць нам змест ягонай дзейнасці i ўжо caмi па сабе кідаюць водсвет на загадку творцы. Нездарма ж частка першага, найбольш прызнанага i вядомага, — народная форма iмя бацькі, неспакойнага змагара з бунтарнага шляхецкага роду Кастравіцкіх — Карла Самуілавіча. Каганец, відавочна, загарэўся з рэштак вуголля антырасійскага вызваленчага паўстання . i ідэйным натхняльнікам меў велічную постаць Кастуся Каліноўскага (не выпадкова ў 30-ю гадавіну паўстання i была створана вышэй згаданая «Прамова»).
Кастравіцкія здаўна мелі свой родавы знак — герб «Байбуза», рэдкі i арыгінальны. З пакалення ў пакаленне перадавалася легенда аб тым, як адзін з ixнix родзічаў, што быў пры двары вялікага князя, выратаваў яго ад немінучай смерці — забіўшы з лука змяю, трапіўшы ёй акурат у галаву. I таму ўзнікла на чырвоным полі гербавага шчыта страла ды застыла на стагоддзі танклявая змейка на ёй... На шчыце маюцца яшчэ выявы белых грыбоў (гарманічна звязваючы яго сюжэт з лясным пейзажам), праз этымалогію якіх некаторыя вучоныя спрабавалі вывесці назву герба — «байбузовы», маўляў, блізкі «грыбному». (Карусь Каганец, па сведчанні яго дачкі, меў вялікую цікавасць да свайго герба.)