Карусь Каганец стаў перакладчыкам на беларускую мову i чыста клерыкальных рэчаў: Малітвы Божай, Анёльскага Прывітання, Знака Крыжа Святога, а таксама малітваў да Госпада i Маці Боскай.
Несучы свайму народу паходню святога Божага вучэння, Карусь Каганец узняўся да найвышэйшага культурна-філасофскага спасціжэння: ідэю беларускага адраджэння ён звязаў з ідэяй Бога, не даўшы затухнуць светачам Кірылы Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны — i своечасова ажывіўшы ix...
Роўна праз год — 26 ліпеня 1911-га — Kaзiмipy Кастравіцкаму незаўважна раніцай, баючыся дэманстрацый ягоных таварышаў, аддалі клуначак i ўпотай выпусцілі з турмы.
Адведаўшы сям’ю, ён робіць безвыніковыя спробы знайсці работу ва Украіне, у Вільні, пасля чаго вяртаецца ў Менск i жыве ў сваёй малодшай сястры Мані, «узяўшы ў рукі разец i пэндзаль». 1911-м годам пазначана i адно з найбольш удалых апавяданняў Каруся Каганца «Што кажух, то не вата», якое па праву можна аднесці да найлепшых узораў беларускай празаічнай сатыры.
…Гарадскі паніч адправіўся зімою ў госці. Ад чыгуначнай станцыі трэба было яшчэ з дзясятак вёрстаў праехаць канём, і ён пайшоў у бліжэйшую вёску па фурманку. У хаце, дзе падахвоціліся падвезці, паніч грэбуе і адмаўляецца ад гасцінна прапанаванай капусты: «Я ўжо гарбату піў». Не адважыўся ён апрануць і мужыцкага кажуха: «У мяне паліто на ваце», — аднекнуўся. Але ў дарозе, згаладаўшыся і змерзнуўшы, ганарлівец з вялікім задавальненнем грэецца сялянскай адзежынай. Мудра і павучальна гучаць у фінале апавядання дасціпныя словы мужыка — і блізяцца да народных «крылатых» выслоўяў: «Што кажух, то не вата, а што капуста, то не гарбата»…
Нарэшце, на пачатку . Карусь Каганец уладкоўваецца ўпраўляючым у фальварку Жортай, каля мястэчка Багданава, што ляжыць на шляху паміж Лепелем i Барысавам. Тут, на службе ў пана Копаця, ён i прабудзе да самай смерці.
Работа была знаёмая — больш каля лесу. Ды і сям’я (акрамя менскага гімназіста Янкі) была побач. Падрасталі дзеці. Мірон быў ужо ледзь не памочнік бацьку, Галінка і Міленка імкнуліся падтрымаць маці.
Для Каруся Каганца надышлі ці не самыя спакойныя часы. Але…
Але ці можна назваць спакойнай пару, калі праз некаторы час ад блізкага сябра Макара Богдана прыйдзе маркотны ліст, у якім будзе распаведзена і пра цяжкую долю, і пра галыцьбу-гароту, і пра тое, што ледзь не палова вёскі збіраецца выехаць у Амерыку. Казімір Карлавіч адразу ж адпісаў, і сярод дробных навін і парадаў галоўным значылася: «Мары пра Амерыку пустыя. Гэта вялікі падман, якім травяць нашага мужыка…». А яшчэ быў для сябра падарунак: Карусь Каганец выпісаў яму «Нашу Ніву», за што Макар быў вельмі ўдзячны і дзяліўся сваімі ўражаннямі аб газеце ледзь не ў кожным наступным лісце.
1914 годам датаваны апошні верш Каруся Каганца «Песня зiме», у якім аўтар прыходзіць да ўжо вядомай нам з яго іншых вершаў тэмы вольнай працы на роднай зямлі, у шчаслівай сям’і (напрошваецца параўнанне з паэмай Янкі Купалы «Яна і я»). І на ўсім — адбітак акаляючага:
Шчасліва прайшло яшчэ паўгода, а далей — летам — абрынулася бяда. Не паспелі яшчэ дайсці чуткі аб тым, што Аўстра-Венгрыя напала на Сербію, як праз чатыры дні — 19 ліпеня — Нямеччына абвесціла вайну Расіі.
І пойдуць на імя Казіміра Карлавіча — адукаванага таварыша і шчырага дарадцы — прапахлыя дымам і порахам лісты з розных кропак ваенных баталій, са сваім горам, турботамі, просьбамі прачытаць напісанае родным, перадаць паклон жонкам, — як, да прыкладу, гэты, ад Івана Матвеевіча Вашкевіча, які прасіў перадаць сваёй жонцы — Франусі — высланыя на Каганцова імя грошы — «45 рублёў, каб купіла да свята сабе і рабятам што трэба», які сам — ужо трэці месяц не еў гарачага (перапіска Каруся Каганца з франтавікамі першай сусветнай вайны захоўваюцца ў Аддзеле рэдкіх кніг і старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ф. 1, адз. зах. 21).
Захаваўся і ліст ад Аляксея Аляксандравіча Захарэвіча, салдата 2-га ўзвода 4-й роты 262-й запасной батарэі, напісаны 15 верасня ., у дзень батарэйнай прысягі. «Обука тяжёлая очень, — выкручана нязграбным сялянскім почыркам. — В этамъ гораде, где я нахожусь, одни латыши живуть. Хлебъ очень дорогъ, такъ что фунтъ булки 13 копеекъ. Чорнаго хлеба — восемъ. Всё не такъ, какъ у насъ у Борысове…».