Выбрать главу

Пад 1528 годам у справаводстве ВКЛ Касцюшка Фёдаравіч выступае ўжо ў якасці баярына (1 мая названага года ён згадваўся сярод камянецкіх баяраў у “Перапісе войска Вялікага княства Літоўскага”) [64]. У 1537 — 1538 гадах заснавальнік роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх нядоўгі час выконваў абавязкі гаёўніка ў Белавежскай пушчы [65].

Функцыі гэтай службовай асобы, якая прызначалася ў дапамогу камянецкаму намесніку, выразна акрэслівае ліст Жыгімонта Старога [66]:

“А што перед тым, на наш приезд гаевник каменецкии давал кони, того он вже не мает давать. А з дани медовые мает братии собе третью часть, а нам мает давать две части”.

Аднак нядоўга плаціў Касцюшка Фёдаравіч сваёму гаспадару “дані мядовыя”. Ужо праз год ён быў абвінавачаны ў нейкіх хітрыках пры набыцці пасады, і за тое вялікі князь гаёўніцтва Касцюшку пазбавіў і паставіў на ягонае месца нейкага Яцка Чарнеўскага, які быў гаёўнікам яшчэ да Касцюшкі [67].

Да таго ж, Касцюшка Фёдаравіч ужо сумяшчаў пасады камянецкага суддзі і гараднічага [68]. (За ўсю шматвяковую гісторыю Камянца сяхновіцкі гаспадар быў адзіным, хто менаваўся гараднічым гэтага горада).

Апроч таго, у 1543 годзе ён быў велікакняскім камісарам пры размежаванні спрэчных земляў, а прыкладна ў той жа час (да 1549 года) удзельнічаў у замене каралеўскіх і шляхецкіх надзелаў каля Старога Сяла (Жабінкаўскі раён) на Берасцейшчыне [69].

Такім чынам, грамадская дзейнасць Касцюшкі Фёдаравіча была дастаткова актыўнаю, каб зрабіцца ўзорам для ягоных нашчадкаў. Бліскучая кар’ера (ад звычайнага баярына да фактычнага кіраўніка старажытнага памежнага горада-крэпасці) адыграла сваю ролю ў замацаванні імя Касцюшкі за ўсімі ягонымі нашчадкамі ў якасці прозвішча. Калі ягоныя сыны яшчэ карысталіся імем па бацьку (у форме “КОСТЮШКОВИЧИ” [70]), то ў далейшым нормаю стала звацца “КОСТЮШКАМИ / КАСЦЮШКАМІ”.

Імя слыннага продка стала часткаю спадчыны, якая трывала замацавалася за радзінаю.

ПРЫДОМАК

У афіцыйным справаводстве Вялікага княства Літоўскага Касцюшкі найчасцей не задавальняліся адным толькі прозвішчам, утвораным ад імя продка, і называлі сябе, паводле традыцыі, замацаванай у дваранскім асяродку, Касцюшкамі-Сяхновіцкімі. Другая частка прозвішча — гэтак званы п р ы д о м а к (польскае przydomek) [71] — паходзіла ад назвы спадчыннага маёнтка.

У заўвагах да ўласных успамінаў Фадзей Булгарын тлумачыў слова “придомок” як “родоуказание, т.е. указание, из какого рода или дома происходит фамилия” [72].

Як вядома, прыдомкі мела значная колькасць беларускіх шляхецкіх родаў, у тым ліку і найбліжэйшыя суседзі Касцюшкаў — Здзітавецкія, Каранёўскія, Непакойчыцкія ды іншыя.

Прыдомак, на думку тых, хто яго ўжываў, надаваў большую значнасць прозвішчу, своеасабліва падвойваючы яго, дазваляў адрозніваць розныя галіны аднаго роду ці ўвогуле аднафамільцаў [73].

Прыдомак Касцюшкаў паказваў на іх спадчыннае валоданне (“дваранскае гняздо”) і ўжываўся галоўным чынам у афіцыйным справаводстве, пачынаючы з ХVІ стагоддзя. (Да прыкладу, ужо сын і ўнук Касцюшкі Фёдаравіча на старонках справы 1589 года зваліся Касцюшкамі-Сяхновіцкімі [74] ).

У ХVІІ стагоддзі пад урадавымі дакументамі, у прыватнасці, пад інструкцыямі дэпутатам дзяржаўных сеймаў, Касцюшкі падпісваліся найчасцей менавіта як Касцюшкі-Сяхновіцкія. Напрыклад, 30 ліпеня 1670 года з чатырох Касцюшкаў усе назвалі сябе Касцюшкамі-Сяхновіцкімі, а 15 красавіка 1697 года з семярых — шасцёра [75].

Такая сямейная традыцыя працягвала існаваць і ў ХVІІІ стагоддзі. Сам генерал Тадэвуш Касцюшка, які звычайна карыстаўся толькі першаю часткаю радавога прозвішча, калі справа тычылася сямейных валоданняў на Берасцейшчыне, ужываў поўную форму прозвішча [76].

Нярэдка прыдомак займаў месца перад асноўным прозвішчам, а часам нават выцясняў апошняе. Дарэчы, гэта знайшло адбітак у польскай традыцыі, дзе Касцюшкаў часам завуць проста Siechnowccy (“Сяхноўцы”, у сэнсе — Сяхновіцкія).

Ужо сыны Касцюшкі ўтварылі дзве галіны сям’і, якія ў сучаснікаў (для адрознення) называліся Касцюшкамі-Іванавічамі і Касцюшкамі-Фёдаравічамі [77].

Акрамя таго, як мы адзначылі вышэй, прыдомак быў патрэбны і дзеля адрознення ад шматлікіх аднафамільцаў Касцюшкаў, якія жылі ў розных частках Вялікага княства і зваліся Касцюшкамі-Валюжанічамі, Касцюшкамі-Валюжынічамі, Касцюшкамі-Хабатоўскімі і іншымі [78].