З самага пачатку сяхновіцкія ўладары займалі даволі сціплае становішча ў грамадстве. Пра гэта сведчаць дадзеныя так званых “Попісаў войска Вялікага княства Літоўскага”, якія складаліся ў 1528, 1565 і 1567 гадах [119].
Галоўная мэта такіх мерапрыемстваў заключалася ў праверцы баяздольнасці і мабілізацыйных магчымасцяў шляхецкага апалчэння. (Гэта было тым больш важна, што апошнія два “попісы” адбываліся ва ўмовах Інфлянцкай (Лівонскай) вайны 1558 — 1583 гадоў).
1 мая 1528 года на перапіс з’явіўся Касцюшка Фёдаравіч з трыма добраўзброенымі вершнікамі. Сучасныя даследчыкі на падставе “попісаў” па рознаму падзяляюць шляхту ВКЛ на катэгорыі. А.П. Грыцкевіч і М.Ф. Спірыдонаў лічаць шляхціцаў, падобных да Касцюшкі Фёдаравіча, “дробнымі феадаламі”, а класіфікацыя В.С. Мянжынскага дазваляе ад-несці яго нават да шляхты “сярэдняй рукі” [120].
Пасля падзелу 1561 года карціна змянілася. На попіс 1565 года браты Касцюшкавічы прыехалі 7 жніўня, адначасова, але выстаўлялі сваіх вершнікаў ужо па-асобку: Іван прывёў аднаго ваяра ў панцыры, узброенага ашчэпам, а Фёдар выставіў двух экіпіраваных слуг. Касцюшкі былі залічаныя ў Берасцейскую харугву (полк), узначаленую панам Кірдзеем Крычаўскім [121].
Праз два гады, на перапіс 1567 года, што адбываўся ля Чырвонага Сяла пад Маладзечнам, браты з’ехаліся ўжо ў розныя часы [122].
Спачатку 28 верасня з’явіўся Фёдар, які ставіў з Сяхновічаў і Ступічава свайго вершніка ў панцыры з прылбіцай і рагацінай. А 1 кастрычніка прыбыў і старэйшы Касцюшкавіч. Са сваіх частак спадчынных маёнткаў ён выдзяліў у велікакняскае войска “кони два збройно”, прычым аднаго з іх — на “ласку господарьску”, гэта значыць па сваім уласным жаданні, а не па абавязку [123].
Атрымліваецца, што пасля падзелу, у 60-ыя гады ХVІ стагоддзя, Касцюшкі ўжо залічваліся да “найдрабнейшай шляхты”.
Нягледзячы на гэтую акалічнасць, Касцюшкі-Сяхновіцкія па-ранейшаму карысталіся вялікаю пашанаю ў мясцовай шляхты, пра што сведчыць вылучэнне Івана Касцюшкавіча на берасцейскім павятовым сойміку ў дэпутаты на “вальны” (агульны) сойм, які праходзіў вясною і летам 1568 года ў Гародні [124]. На адным з апошніх соймавых пасяджэнняў (10 ліпеня 1568 года) пан Іван разам з Багданам Тумінскім былі прызначаныя “бирчими на люд служебный” (зборшчыкамі падаткаў) у Берасцейскім ваяводстве [125].
СПРОБА АБ’ЯДНАННЯ СПАДЧЫНЫ
Іван Касцюшкавіч Сяхновіцкі памёр на Вадохрышча (6 студзеня) 1571 года.
Тадэвуш Корзан зусім слушна крытыкаваў Ю. Барташэвіча і К. Вуйціцкага, якія лічылі, што Іван загінуў на Лівонскай вайне пры аблозе Дынабурга (Даўгаўпілс, Латвія) у 1577 годзе. Даследчык прыводзіў словы з дыкрэта земскага берасцейскага суда ад 15 студзеня 1586 года: “да зыходу з гэтага свету нябожчыка пана Івана на дзень Трох Каралёў, рымскага свята, у годзе семдзесят першым, як і сам пан Фёдар прызнаў, што таго дня (брат ягоны) памёр” [126].
Смерць прыйшла да старэйшага Касцюшкавіча заўчасна, калі яму было каля сарака гадоў. Такое дапушчэнне грунтуецца на пэўных ускосных аргументах. Па-першае, ягоны старэйшы сын Мікалай Іванавіч упершыню выступае ў якасці паўнамоцнага ўдзельніка юрыдычнай справы толькі праз пятнаццаць гадоў (з 1586). Па-другое, малодшы брат Івана — Фёдар Касцюшкавіч памёр толькі ў 1622 годзе [127] і, такім чынам, перажыў Івана больш чым на паўстагоддзя.
Пасля смерці Івана ў ягоных валоданнях пачала гаспадарыць удава Ганна Фурс (Фурсаўна), праз якую Касцюшкі парадніліся з вядомым палеска-валынскім родам Дастаеўскіх, які даў у ХІХ стагоддзі вялікага пісьменніка Ф.М. Дастаеўскага [128].
Ганна Фурс паказала сябе вельмі здатнаю гаспадыняю. Менавіта пры ёй, дзякуючы шматлікім пагадненням між Касцюшкамі, паспяхова ішло далейшае “збіранне” сяхновіцкай спадчыны, хоць часам гэта і выклікала спрэчкі і канфлікты паміж родзічамі.
У 1570 і 1580-ыя гады Ганне з Фурсаў Касцюшкавай нярэдка даводзілася звяртацца ў берасцейскі суд, каб бараніць уласныя правы і правы сваіх дзяцей на землі [129]. У 1577 годзе яна нават здолела пашырыць валоданні, адсудзіўшы дзве валокі ворыва ад суседняга Непакойчыцкага маёнтка (цяпер не існуе, ягоныя рэшткі месцяцца каля Жабінкі). У лютым 1580 года Ганна ледзь не страціла лес каля Сяхновіч, адтуль сілаю зброі яе спрабаваў збройна сагнаць зямянін Леў Пацей [130].
Напружаныя адносіны ў Ганны таксама захоўваліся з дзеверам. Фёдар Касцюшкавіч на пачатку чэрвеня 1577 года зрабіў спробу замацавацца ў Ступічаве, ігнаруючы дамоўленасць 1561 года.
Пазямельная спрэчка хутка перарасла ў адкрытую варожасць. Фёдар у прысутнасці судовых сведкаў аднойчы запатрабаваў ад братавай “учыніць яму справядлівасці” па справе забойства жывёлы. На тое Ганна дзёрзка адказала: “Няхай Касцюшка першы ўчыніць мне справядлівасць, тады і я ўчыню!” [131].