Выбрать главу

Калі Фёдару Касцюшкавічу не ўдалося сілаю аб’яднаць ў адных руках усю бацькаву спадчыну, ён быў вымушаны ў 1577 годзе перадаць сваю частку Ступічава ў пажыццёвае карыстанне жонцы Таміле Міхайлаўне Сасноўскай. З удавой Афанасія Навіцкага Тамілай Фёдар ажаніўся каля 1574 года. У якасці пасагу за ёй узяў маёнтак Клюкавічы (сённяшняе месцазнаходжанне невядомае). Немалаважна, што Афанасій быў пляменнікам Фёдара Касцюшкавіча, а таму гэты шлюб стаў яшчэ адною спробаю ўмацаваць сямейную спадчыну, да чаго паслядоўна на працягу ўсяго жыцця імкнуўся сяхновіцкі гаспадар [132].

Існуе меркаванне, што ў адрозненне ад праваслаўнага мужа Таміла была каталічкай, але Фёдар не патрабаваў ад яе змяніць веру [133]. Роўна праз дзвесце гадоў Касцюшкі і Сасноўскія зноў ледзь не парадніліся: у 70-ыя гады ХVІІІ стагоддзя бурна развівалася рамантычнае, але нешчаслівае каханне паміж Тадэвушам Касцюшкам і Людвікай Сасноўскай, будучай княгіняй Любамірскай [134].

Зямельныя непаразуменні ХVІ стагоддзя паміж галінамі касцюшкаўскай радзіны канчаткова былі вырашаныя праз земскі берасцейскі суд 15 студзеня 1586 года, калі Фёдар Касцюшкавіч склаў дамову з Ганнаю Фурсавай пра скасаванне ўсялякіх прэтэнзій, што ўзнікалі паміж абодвума бакамі [135].

Гэтае пагадненне аформіла канчатковы “развод” старэйшай і малодшай галінаў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.

МІКАЛАЙ ІВАНАВІЧ

У Івана і Ганны Касцюшкаў было пяцёра дзяцей.

Абедзвюх сваіх дачок яны выдалі за блізкіх суседзяў. Старэйшая — Аўдоцця (№ 20) заручылася з Дзмітрам Сямёнавічам Здзітавецкім, адным з уласнікаў блізкага Здзітаўца [136].

Другая пайшла за Рудольфа Рудніцкага, які ў канцы ХVІ стагоддзя валодаў часткамі Грыцэвічаў і Канатопаў на Жабінкаўшчыне, што дазволіла пазней Касцюшкам-Сяхновіцкім дамагацца ў гэтых мясцінах новых земляў.

Нам нічога не вядома пра малодшых сыноў Івана — Васіля (№ 23) і Андрэя (№ 24), акрамя іх імёнаў, прыведзеных Т. Корзанам. Праўда, у дзяржаўных справах 1585 года некалькі разоў згадваецца нейкі Андрэй Касцюшка, аднак вельмі сумнеўна, што ён быў сынам Івана Касцюшкавіча, паколькі пазначаўся як жыхар далёкага ад Сяхновічаў Упіцкага павета, а аднойчы нават быў названы “Мікалаевічам” [137].

Затое старэйшы сын — Мікалай Іванавіч Касцюшка-Сяхновіцкі (1560? — да 1646 гг.) (№ 22) — вельмі часта згадваецца на старонках справаводчых паміж 1586 і 1636 гадамі.

Мікалай Іванавіч стаў фактычным заснавальнікам старэйшай лініі сям’і, а тая частка Сяхновічаў, у якой ён стаў гаспадаром, ужо афіцыйна пачала звацца Іванаўшчынаю (Іванаўшчызнаю) [138].

Тройчы Мікалай Касцюшка абіраўся ад Берасцейскага ваяводства дэпутатам Галоўнага трыбунала — найвышэйшай судовай установы Вялікага княства Літоўскага: у 1605, 1613 і 1623 гадах [139].

Вясной 1632 года пан Мікалай павінен быў удзельнічаць у надзвычайным канвакацыйным Варшаўскім сойме, аднак па нейкай прычыне не з’явіўся ў польскай сталіцы. Гэта магло тлумачыцца тым, што ў той самы час М.І. Касцюшка ў складзе камісіі, прызначанай князем Альбрыхтам Уладзіславам Радзівілам, прымаў ля Пружан ад арандатара Мойзеша Лазаровіча Шарашоўскую воласць [140].

Дзейнасць Мікалая Іванавіча ў адносінах да сямейнай спадчыны таксама была даволі бурнай, асабліва вясною 1589 года, пры вырашэнні справы рабавання Сяхновічаў [141].

Сутнасць канфлікту заключалася ў наступным. 11 красавіка 1589 года ў маёнтак М.І. Касцюшкі забраўся злодзей, які выкраў скрыню з паперамі, аднак, уцякаючы, згубіў сваю чырвоную рукавіцу. Па гарачых слядах сяхновіцкі ўладар паводле тагачасных судовых традыцыяў наступнага дня склікаў копны суд, на якім спрабаваў высветліць праўду (“на гоненье следу на копи врочищом У Град”).

Самае бурнае паседжанне адбылося 16 красавіка ў прысутнасці берасцейскага вознага К.М. Непакойчыцкага. У той дзень на капу сышліся прадстаўнікі 11 навакольных вёсак. І перад усімі Мікалай Касцюшка-Сяхновіцкі абвінаваціў шляхціца Яна Мачульскага, у якога на Вялікоднае свята ў царкве бачыў падобную рукавіцу. За Я. Мачульскага ўступіўся ягоны стрыечны брат зямянін Дзмірый Здзітавецкі, а сам абвінавачаны заявіў:“То руковица моя властная, которая деи у меня украдена, коли деи матка твоя з Сехнович вывозилася” [142].

Такім чынам, справа непрыкметна перайшла ў сямейна-бытавую катэгорыю, паколькі ўсе яе галоўныя ўдзельнікі знаходзіліся ў пэўнай ступені сваяцтва: Дзмітр Здзітавецкі быў швагерам Мікалая Касцюшкі-Сяхновіцкага (у сваю чаргу, старэйшы сын Мікалая Павел пазней пабраўся шлюбам з Зоф’яй Здзітавецкай [143]). Акрамя таго, з прыведзенага выказвання Яна Мачульскага, як падаецца, вынікае, што ўдава Івана Касцюшкавіча Ганна Фурсаўна (Фурс) да вясны 1589 года пераехала з Сяхновічаў у Здзітава (хутчэй за ўсё, пасля смерці першага мужа паўторна ўзяла шлюб з нейкім Здзітавецкім, якіх на той час было ўжо багата).