Найбольш нашчадкаў пакінуў Аляксандр Станіслававіч Касцюшка, які меў шасцёра дзяцей, у тым ліку Антаніну (№ 196) і Станіслава, што пасля смерці знайшлі свой апошні прытулак на старых Кобрынскіх гарадскіх могілках [186].
Пахаванні Касцюшкаў, якія месцяцца ў цэнтральнай частцы могілак, захоўваюцца ў добрым стане. Першае з іх, заснаванае ў 1890 годзе, належыць Станіславу. Надпіс на пліце сведчыць, што С.А. Касцюшка нарадзіўся 7 сакавіка 1848 года і памёр ва ўзросце 41 год (22 снежня 1889 года). Быў жанаты з Марыяй Буш, ад якой меў сына Міраслава (1887 — 1914) (№ 202). Хутка пасля смерці мужа Марыя зноў пабралася шлюбам, на гэты раз з Калікстам Людвікам Нарбутам, ад якога мела яшчэ трох дзяцей: Марыю Бянігію (1892 — ?), Нестара Марціна (1893 — 1962) і Генрыха (1894 — ?) [187].
Побач з магілай бацькі ў Кобрыне дасюль месціцца пахаванне Міраслава Касцюшкі-Сяхновіцкага (№ 202). На пліце ўсталяваная шыльдачка з наступным тэкстам: “С(ветлай) п(амяці) Міраслаў Касцюшка, апошні з рода Тадэвуша Касцюшкі. Пам(ёр) 26 лютага 1914 г. у Ментоне, пражыўшы 26 гадоў. Найлюбімейшаму і незабыўнаму брату. Дзеці Калікста Нарбута”. Заўчасны скон Міраслава, названага апошнім у родзе, быў выкліканы нейкай сур’ёзнай хваробай, ад якой малады чалавек спрабаваў беспаспяхова пазбавіцца на знакамітым французскім кліматычным курорце.
Трэцяя магіла Касцюшкаў у Кобрыне належыць Антаніне Аляксандраўне (каля 1835 — 1906), якая на шыльдзе, прымацаванай да помніка, названая “Антанінай Траўгутавай Міцкевічавай”. Першы яе муж Рамуальд Людвікавіч Траўгут (1826 — 1864) быў адным з кіраўнікоў паўстання 1863 — 1864 гадоў на Беларусі і ў Польшчы [188].
Непасрэдна перад пачаткам паўстання палкоўнік Р.Л. Траўгут атрымаў адстаўку з расійскай арміі. Прыкладна ў гэты самы час у ягонай сям’і разыгралася сапраўдная драма, калі за нейкі год памерлі жонка Ганна Пікель, двое дзяцей і бабуля. Разам з тым, як адзначаў гісторык Б.С. Клейн, менавіта тады “ён, унук паўстанца 1794 года, які заслужыў за храбрасць пахвалу Тадэвуша Касцюшкі, знаёміцца з жанчынай, чыё імя штодзённа напамінае пра гераічнае мінулае. Антаніна Касцюшка, нашчадак вялікага бунтара, стала жонкай Рамуальда Траўгута якраз тады, калі ён набліжаўся да самых крутых паваротаў свайго жыцця” [189].
Пры падаўленні збройнага чыну генерал паўстанцаў быў захоплены ў палон і 24 ліпеня (5 жніўня) 1864 года пакараны смерцю. Яго сімвалічнае пахаванне знаходзіцца ў Варшаве, на магіле дачкі Алаізы (1860 — 1907).
Пасля гібелі Р.Л. Траўгута Антаніна ў другі раз пайшла за Францішка Аляксандравіча Міцкевіча, пляменніка Адама Міцкевіча [190]. Жанчына памерла 5 кастрычніка 1906 года. А са смерцю ў 1914 годзе маладога Міраслава Станіслававіча гэтая галіна Касцюшкаўскага радаводнага дрэва перарвалася.
Частка 4
ЛІНІЯ “ФЁДАРАВІЧАЎ”
ПАЧАТКІ МАЛОДШАЙ ГАЛІНЫ
Як і Іванавічы, Касцюшкі-Фёдаравічы (малодшая галіна Касцюшкаў-Сяхновіцкіх) мелі свае валоданні ў Сяхновічах, якія з ХVІІ стагоддзя называліся Фёдараўшчына (Фёдараўшчызна), інакш Малыя Сяхновічы.
Гісторыя гэтага ўладання і сям’і, што ў ім гаспадарыла, распачалася пасля 1622 года. У той час памёр, пакінуўшы сыноў Адама (№ 26), Мікалая (№ 28) і Яраша (№ 27), Фёдар Касцюшкавіч Сяхновіцкі.
Амаль адразу, 17 ліпеня 1622 года [191], браты падпісалі дамову пра падзел Фёдараўшчыны. Гэты надзвычай важны акт амаль на стагоддзе фактычна замацаваў пазямельныя адносіны паміж рознымі прадстаўнікамі малодшай галіны Касцюшкаў.
Бацька Адама, Мікалая і Яраша пражыў доўгі век і памёр у вельмі паважаным узросце (меў больш за 80 гадоў). Да гэтага часу не стала ягонага старэйшага сына Рыгора (№ 25) (вядома, што ў 1618 годзе таго ўжо не было сярод жывых), таму ў дамове пра раздзел зямельнай спадчыны браў удзел таксама ўнук Фёдара Касцюшкавіча — Ян Рыгоравіч Касцюшка-Сяхновіцкі (№ 33), прамы продак генерала Тадэвуша Касцюшкі.
Такім чынам, у падзеле 1622 года ўдзельнічалі ўсе чатыры лініі Фёдаравічаў. Кожная з іх мела свае разгалінаванні, за выключэннем лініі Мікалая, які пакінуў толькі дачок. Затое Рыгор, Адам і Яраш паклалі пачатак тром лініям роду.
Адам Фёдаравіч неаднойчы згадваўся на старонках справаводчых актаў Вялікага княства Літоўскага ў 20 — 30-ыя гады ХVІІ стагоддзя. Так, 28 красавіка 1631 года ён атрымаў ад паноў Здзітавецкіх надзелы абапал рэчкі Нячаўніцы (правы прыток Мухаўца). Яму таксама перадаваліся ў карыстанне двор з млынам і “шмат грунтоў” ва ўрочышчы Татарынава Балота за вёскай Грыцэвічы (недалёка ад Сяхновічаў). Апроч таго, пан Адам набыў ад уласнікаў Здзітаўца надзел “прозвиском Чертеж с сельцом на том Чертежу, называемом Сенковцы” — гэтае паведамленне было першаю пісьмоваю згадкаю пра сённяшнюю вёску Сенькавічы на Жабінкаўшчыне [192].