З канца ХVІІ стагоддзя копныя суды на Берасцейшчыне збіраліся ўсё радзей, а ў наступным стагоддзі зусім выйшлі з ужытку. Таму вызначыць дакладныя месцы, дзе некалі збіраліся шматлюдныя сходы сялянскай грамады, цяпер, напачатку ХХІ стагоддзя, ужо не ўяўляецца магчымым.
ЯН-ЕВАНГЕЛІК
Вядома, найбольшую цікавасць для даследчыкаў заўсёды выклікала іншая лінія Фёдаравічаў, тая, з якой паходзіў генерал Тадэвуш Касцюшка. Фактычным заснавальнікам яе стаў унук Фёдара Касцюшкавіча Ян Рыгоравіч Касцюшка-Сяхновіцкі (каля 1600 — 1647/1648).
Няпростыя канфесійныя адносіны на тэрыторыі тагачаснай Беларусі закранулі таксама і Касцюшкаву сям’ю. Паколькі бліжэйшыя родзічы Яна былі праваслаўныя, ад нараджэння ён павінен быў быць ахрышчаны ў праваслаўе ці уніяцтва. Першая жонка сяхновіцкага ўладара Канстанцыя Ажэшка трымалася каталіцтва. Ужо ў сталым узросце сам Ян перайшоў у пратэстанства [207]. Магчыма, на такі выбар паўплывала ягоная другая жонка арыянка Зузанна Ракоўская [208].
Недалёка ад Сяхновічаў месціўся Непакойчыцкі евангелічны збор, пабудаваны напрыканцы ХVІ стагоддзя [209]. Ян Касцюшка мог быць ягоным прыхаджанінам.
Ф. Канечны выступаў з непераканаўчай здагадкай, што незадоўга да сваёй смерці Ян Рыгоравіч перахрысціўся зноў, цяпер ужо ў каталіцтва [210]. Але ягоны сын Аляксандр Ян чамусьці нічога не ведаў пра гэты хрост нябожчыка-бацькі і ў сямейных паперах упарта называў яго евангелікам [211]. Галоўная мэта польскага даследчыка падкрэсліць хуткае акаталічванне Касцюшкаў, і, у прыватнасці Яна, цалкам зразумелая, паколькі Ф. Канечны выразна праводзіў паралель і ставіў знак роўнасці між веравызваннем ды так званаю “пальшчызнаю”. Ён катэгарычна сцвярджаў: “Прыкладна ад 1600 года мы можам лічыць іх (Касцюшкаў-Сяхновіцкіх — А.Б.) польскім шляхецкім родам... Ці шмат польскіх сем’яў, нават з найбольш “радавітых”, ганарацца такою даўніною свайго паходжання? Мы павінныя зазначыць і падкрэсліць: Касцюшкі ніколі не былі іншай нацыянальнасці, як толькі палякамі. Хоць і паходзілі з кораня рускага, але ж у пачатковы перыяд сваёй сямейнай гісторыі не адчувалі рускага нацыянальнага пачуцця і не мелі нацыянальнасці, пакуль не знайшлі яе ў польскасці” [212].
З аднаго боку, услед за Тадэвушам Корзанам, гэты даследчык прызнаваў, што Касцюшкі адвечна належалі да “русінаў племені беларусінаў” (адна з назваў беларусаў) [213]. Аднак з другога боку, ён безапеляцыйна сцвярджаў, што праз “польскае выхаванне і польскую веру” продкі Т. Касцюшкі ператварыліся ў этнічных палякаў.
Згадзімся, што час, у які жыў Ян Касцюшка, быў няпростым у палітычным і рэлігійным сэнсе. Гэта сапраўды той перыяд нашай гісторыі, калі большасць беларускай шляхты масава пераходзіла ў пратэстанцкую ці каталіцкую веру. Аднак перахрышчаны ліцьвін-беларус не пазбаўляўся аўтаматычна сваёй нацыянальнай прыналежнасці і па-ранейшаму, нават праз колькі стагоддзяў захоўваў свядомасць і асобную ментальнасць ліцьвіна (пра што, дарэчы, шмат разоў на мяжы ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў сведчыў і сам генерал Тадэвуш Касцюшка) [214].
Толькі з сярэдзіны ХVІІ стагоддзя (а гэта значыць, ужо пасля смерці Яна-евангеліка) можна лічыць, што Касцюшкі сталі лічыцца каталікамі. Некаторыя з іх нават абіралі духоўную кар’еру. Aдзін з унукаў Адама Фёдаравіча — Ян (№ 67), плябан кобрынскі — у 1691 годзе займаў пасады канонніка луцкага і дэкана шарашоўскага [215]. Былі ў сям’і таксама манахі розных каталіцкіх ордэнаў (езуіты, цыстэрцыянцы, дамініканы). Езуіт Каспар Нясецкі каля 1740 года зазначаў: “Цяпер у законе нашым Міхал і Марцін (з Касцюшкаў — А.Б.) на хвалі Боскай працуюць” [216].
Паколькі ў спадчынным маёнтку Касцюшкаў не існавала каталіцкага касцёла, сяхновіцкія гаспадары на вялікія святы ездзілі да манахаў-цыстэрцыянцаў у Алізараў Стаў [217] ці ў Крупчыцы — да кармелітаў [218]. Часамі выпраўляліся яшчэ далей — у Брэст і Кобрын (пра гэта сведчаць неаднаразовыя ахвяраванні берасцейскім ды кобрынскім храмам).
Для сямейных пахаванняў каля 1620 года ў Малых Сяхновічах была заснаваная невялікая капліца, дзе амаль 150 гадоў хавалі нашчадкаў і сваякоў Яна Рыгоравіча Касцюшкі, спадчыннікаў Фёдараўшчыны.