Выбрать главу

У апошнія гады жыцця Аляксандр Ян паклапаціўся пра адбудову каталіцкай капліцы ў Малых Сяхновічах [229]. На яе карысць 82-гадовы гаспадар 14 красавіка 1711 года склаў апошні свой тэстамент: выдаткаваў 1000 тынфаў на малебны за душы “пана Рыгора Касцюшкі, дзеда майго, і Гальшкі Мальчэўскай, жонкі ягонай, і нашчадкаў іх: пана Яна Касцюшкі, бацькі майго, пані Канстанцыі Ажэшкаўны, маці, целы якіх — у капліцы сяхновіцкай; і сястры бацькі Зоф’і Муралеўскай, маёй дабрадзейкі; а таксама пані Ганны Касцюшкаўны Ежыковіч, сястры маёй, і сына яе Мікалая Ежыковіча, а асабліва — за душу жонкі маёй пані Тэрэзы Дзенісавічоўны і тых нашых дзетак, што ўжо памерлі” [230].

Гэта ўжо была сапраўды апошняя воля Аляксандра Яна Касцюшкі-Сяхновіцкага. У хуткім часе яго не стала.

Старога пахавалі ў сямейным магільным склепе, побач з маці і бацькам, каля тых, каго ён любіў і шанаваў пры жыцці. Партрэт пана Аляксандра як фундатара капліцы быў прыбіты ля самага ўваходу, на хорах [231].

АМБРОЖЫЙ, ДЗЕД ТАДЭВУША

Амброжый Казімір Касцюшка-Сяхновіцкі, шостае дзіця ў сям’і Аляксандра ды Тэрэзы Касцюшкаў, нарадзіўся ў 1667 годзе. Ён не меў бацькавых здольнасцяў да гаспадарання. Т. Корзан папракаў яго за тое, што грошы не трымаліся ў ягоных руках [232]. Адзіны набытак Амброжыя — прыдбаныя ўвесну 1715 года ў Антонія Юзафа Касцюшкі (№ 144) патрэбныя для фундуша Сяхновіцкай капліцы 13,5 валокаў зямлі ў вёсцы Лойкі.

Затое ў адрозненне ад бацькі Амброжый меў схільнасці да грамадскіх спраў. Ягоная актыўная дзейнасць прыпадала на складаныя для гісторыі Рэчы Паспалітай часы каралявання Аўгуста ІІ, якія вызначаліся эканамічнай ды палітычнай нестабільнасцю краіны. Становішча яшчэ больш ускладнілася з пачаткам расійска-шведскай Паўночнай вайны 1700 — 1721 гадоў.

У сакавіку 1702 года для забеспячэння патрэбаў войска Рэчы Паспалітай быў скліканы чарговы фіскальны сеймік. У склад фіскальных суддзяў увайшоў і Амброжый Касцюшка. 28 кастрычніка 1706 года ён быў прызначаны камісарам па зборы 30 тысяч талераў для саксонскай арміі. У 1707 годзе, калі становішча Аўгуста ІІ пагоршылася і пазіцыі Станіслава Ляшчынскага, шведскага стаўленніка на троне Рэчы Паспалітай, узмацніліся, чарговы соймік берасцейскага дваранства загадаў Амброжыю прыпыніць збор сродкаў [233]. Аднак перамога расійскага цара Пятра І над шведамі пад Палтавай (1709 год) схіліла шалі на бок караля Аўгуста. У 1710 годзе Амброжый Касцюшка-Сяхновіцкі прысутнічаў на вальным Варшаўскім сойме, дзе Аўгуст ІІ паўторна быў абвешчаны ўладаром Польшчы і Вялікага княства Літоўскага [234].

У гэты час, як сведчаць дзяржаўныя акты, Амброжый быў падчашым оўруцкім, войтам кобрынскім і гарадзецкім [235]. Ф. Канечны лічыў, што гэты факт станоўча характарызаваў А.К. Касцюшку, які не грэбаваў сядзець на адной лаве з мяшчанамі ў Кобрынскай магдэбургіі [236].

У 1711 і 1715 гадах берасцейская шляхта абірала яго гадавым старшынёй (маршалкам) ваяводскіх соймікаў. Адначасова (з 1714 года) Амброжый стаў берасцейскім гродскім суддзёй [237]. Вяршыняй яго кар’еры, на думку Б. Шындлера, стала пасада земскага пісара (надавалася вялікім князем пажыццёва) [238]. Калі Амброжый стаў тытулавацца пісарам, не вядома. Яшчэ 15 лютага 1718 года ён падпісаў пастанову сойміка ў якасці суддзі гродскага, а праз чатыры гады яго ўжо не было сярод жывых [239].

Амброжый Казімір Касцюшка ўсё жыццё вызначаўся няўрымслівым характарам. У асяродку навакольнай шляхты быў вядомы як адданы прыхільнік Сапегаў, энергічна адстойваў іх інтарэсы на сойміках, у змаганні з палітычнымі апанентамі часам хапаўся за шаблю. На адным з пасяджэнняў Амброжый нават параніў у галаву Людвіка Канстанты Пацея (у будучым вялікага гетмана ВКЛ), калі палічыў абразлівымі словы магната [240].

Сяхновіцкі гаспадар меў ад Барбары Глеўскай пяцёра дзяцей: Фларыяна (№ 157), Вацлава (№ 158), Людвіка Тадэвуша (№ 159), Яну (№ 160) і Дароту (№ 161). Аднак бацьку перажылі толькі Людвік (бацька Тадэвуша Касцюшкі) і Яна, якая ў 1721 годзе пайшла замуж за берасцейскага скарбніка Міхала Янушкевіча [241].