Выбрать главу

Амброжый памёр у канцы 1721 ці ў пачатку 1722 года, паколькі запіс ягонага брата Фаўсціна на родавую капліцу ад 30 лістапада 1722 года гаворыць пра яго як пра нябожчыка.

А 23 чэрвеня 1723 года ягоная ўдава Барбара з Глеўскіх Касцюшкава ўжо была замужам за берасцейскім крайчым Марцінам Касцюшкам (№ 116), які па ўзросце быў амаль аднагодкам старэйшаму сыну пані Барбары [242].

Амброжый Казімір Касцюшка быў пахаваны ў сяхновіцкай капліцы, побач з продкамі.

БАЦЬКІ

Калі восенню 1707 года стары Аляксандр Ян Касцюшка складаў свой запавет, ён быў упэўнены, што Амброжый Казімір будзе даглядаць яго да смерці, “як і належыць добраму сыну, які, да таго ж, ужо сам мае дзяцей”.

Пра старэйшых унукаў Аляксандра — Фларыяна і Вацлава — звестак не захавалася. Хутчэй за ўсё яны памёрлі задоўга да 1722 года. Апошні сын Людвік Тадэвуш нарадзіўся прыкладна ў 1700 годзе. Бартламей Шындлер лічыць, што “каля 1717 года ён увайшоў у дарослае жыццё” [243].

Амаль адразу пасля смерці бацькі Людвік сутыкнуўся са шматлікімі праблемамі: сяхновіцкая гаспадарка заняпала і амаль не прыносіла прыбыткаў, дваровыя пабудовы патрабавалі неадкладнага рамонту, акрамя таго пасля Амброжыя, які не вызначаўся талентам дбайнага гаспадара, засталіся шматлікія даўгі. У гэтых абставінах новы сяхновіцкі ўладар вырашае перадаць Малыя Сяхновічы, Сцяпанкі, Навасёлкі і Канатопы ў карыстанне свайму дзядзьку Фаўсціну Бенядзікту Касцюшку. У прадажным лісце, складзеным 18 сакавіка 1729 года, Людвік запісаў, што за 23 тысячы злотых адмаўляецца ад названых вёсак з усімі гумнамі, агародамі і падданымі. Аднак трэба зазначыць, што звычайная юрыдычная фармулёўка, ужытая ў дакуменце (“прадаю на вечныя часы”), зусім не перашкаджала вяртанню Людвіку спадчыны, як толькі здолее сабраць адпаведную суму [244].

У актавым запісе за 1729 год Людвік Тадэвуш Касцюшка-Сяхновіцкі названы “пісарэвічам земскім берасцейскім” (“пісарэвіч” тут — не назва пасады, а сведчанне таго, што ягоны бацька памёр у званні пісара). Пазней Людвік стаў мечнікам Берасцейскага ваяводства (лацінскі выраз Ensiferi Brestensis літаральна значыць “носьбіт мяча берасцейскага”: ганаровая пасада патрабавала ад Людвіка ўносіць аголены меч у памяшканне, дзе адбывалася пасяджэнне павятовага сойміка).

Упершыню Л.Т. Касцюшка выканаў абавязкі, звязаныя з гэтай пасадай, 26 сакавіка 1733 года на сойміку, скліканым у Брэст-Літоўску з нагоды смерці караля Аўгуста ІІ.

На гэтым сойміку была выпрацаваная інструкцыя дэпутатам на Варшаўскі сойм, на якім яны павінныя былі абараняць “салодкія шляхецкія вольнасці”, супрацьстаяць уціску замежных пасланцоў, сачыць, каб быў абраны каралём “сапраўдны тубылец” [245]. Аднак гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся: ужо ў снежні берасцейская шляхта вымушаная была прызнаць гаспадаром Рэчы Паспалітай сына памерлага караля, каранаванага пад імем Аўгуста ІІІ.

Трыццацігадовае панаванне (1733 — 1763 гады) гэтага манарха адзначалася далейшым сур’ёзным паглыбленнем крызісных з’яў у грамадстве, абвастрэннем барацьбы паміж найзаможнейшымі магнацкімі сем’ямі і іх паплечнікамі, стратаю працаздольнасці дзяржаўнага сойма. У выніку становішча розных сацыяльных групаў насельніцтва рэзка пагоршылася, унутры краіны і за яе межамі паступова рыхтавалася глеба да інтэрвенцыі Аўстрыі, Прусіі і Расіі. Крызіс працяў усе сферы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця. З дазволу караля шчодра раздаваліся прывілеі, “поўныя супярэчнасцяў і нязгоды”, паколькі ва ўмовах карупцыі адзін надзел нярэдка надаваўся двум і болей прэтэндэнтам. Фактычна немагчыма было ўлічваць сапраўдныя прыбыткі шляхты, бо валоданні аднаго і таго ж уласніка звычайна былі раскіданыя ў розных мясцовасцях і здаваліся ў застаў (арэнду).

Таму набыццё Людвікам Касцюшкам на падставе застаўнога права ад вяльможных Сапегаў фальварка Мерачоўшчына каля Косава (цяпер у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці) было з’яваю тыповаю ў тыя часы. Застаўны дагавор абодва зацікаўленыя бакі склалі ў 1733 годзе. Людвік энергічна заняўся фальварачнымі справамі і ў рашучым жаданні ўзняць гаспадарку чымсьці быў падобны на дзеда Аляксандра Яна, руплівага гаспадара.

Каля 1740 года Людвік Тадэвуш ажаніўся з Тэкляй Ратомскай, якая паходзіла з Аршанскага павета. Дзяўчына сірата, выхаваная ў доме цёткі, аршанскай чашнікавай, была нашмат маладзейшая за свайго мужа (нарадзілася ў 1718 годзе), аднак розніца ва ўзросце не перашкаджала ўзаемнай павазе, прыхільнасці і згодзе, якія Людвік і Тэкля пранеслі праз усё жыццё. Пра гэта сведчаць лісты Т. Ратомскай да мужа, прасякнутыя палкім каханнем. У канцы аднаго з іх пані мечнікавая пазначыла: “Цалую твае ножкі. Твая добразычлівая жонка і ў ног тваіх — слуга” [246]. Плёнам гэтага шчырага пачуцця сталі чацвёра дзяцей, што нарадзіліся ў доме Людвіка і Тэклі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх: Ганна (№ 185), Юзаф (№ 186), Кацярына (№ 187) і Тадэвуш (№ 188).