Адначасова з умацаваннем свайго становішча ў Сяхновічах, Тэкля Касцюшка ўсё больш губляла цікавасць да Мерачоўшчыны, якую ўжо больш не хацела дый не магла ўтрымліваць у сваіх руках. Таму скарыстала першую магчымасць, каб з выгодай для сябе пазбавіцца далёкага валодання. Тым часам Косаўская “фартуна”, якую Сапегі не хацелі ратаваць ад даўгоў, апынулася ў вельмі цяжкім стане, і ў 1761 годзе яе адкупіў літоўскі падскарбі Ежы Флемінг. Новы гаспадар пацвердзіў удаве Людвіка Касцюшкі-Сяхновіцкага права на арэнду Мерачоўшчыны. Аднак трыма гадамі пазней выплаціў ёй 54 тысячы злотых, якія сталі платаю за фальварак пад Косавам, пасля гэтага ніхто з Касцюшкаў больш ніколі не вяртаўся ў Мерачоўшчыну. Тэкля і яе сыны канчаткова звярнулі ўсю сваю ўвагу на спадчынныя Сяхновічы, што было не толькі данінаю павагі мінуламу, але і мела практычную карысць ад дзейнасці на зямлі.
Клопатам маці, зразумела, не былі абыдзены і дочкі. Спачатку ў кастрычніку 1762, а затым у студзені 1763 года ў Сяхновічах адбыліся два вяселлі. Старэйшая дачка Ганна, атрымаўшы добры пасаг, пайшла за смаленскага стольніка Пятра Антонія Эстку. Дзеля забеспячэння належным пасагам і малодшай — Кацярыны, якую ўзяў за сябе ваўкавыскі земскі суддзя Караль Жулкоўскі, — былі прададзеныя правы на Мерачоўшчыну.
Аднак найбольшую заклапочанасць у маці ўсё ж выклікаў лёс сыноў, асабліва любага Юзафа. Уладкаваўшы дачок, Тэкля Касцюшка (у прадчуванні блізкай смерці) спяшалася паклапаціцца пра юнакоў. Па дапамогу яна звярнулася да сваяка мужа падчашага пінскага Давыда (Давіда) Караля Касцюшкі-Сяхновіцкага (№ 103), які дасягнуў высокага становішча на Палессі, а на старасці перабраўся дажываць свой век у ваколіцы Сяхновічаў.
Фальварак, якім валодаў пінскі падчашы, стаў звацца Дaвыдаўшчынай (Сяхновічамі-Давыдаўшчызнай) — паводле імя ўладаль-ніка. Пані мечнікавая дамовілася пра далучэнне гэтых земляў (пасля бяздзетнага Давыда) да сваёй часткі Сяхновіцкага маёнтка. Яна планавала, што ў далейшым уладаром у Малых Сяхновічах стане “найкаханейшы сын” Юзаф, а малодшаму Тадэвушу з часам дастанецца Давыдаўшчына. 20 чэрвеня 1768 года паводле дамовы Давыд Караль перадаў сынам берасцейскага мечніка свой фальварак, у гэты час іх маці ўжо не было сярод жывых, яна памерла ўлетку 1768 года [256]. Тадэвуш, які заканчваў тады навучанне ў Варшаўскім кадэцкім корпусе, на пахаванні маці не прысутнічаў. Натуральна, што амаль усе правы на Сяхновічы перайшлі да Юзафа, удзельніка Барскай канфедэрацыі.
Частка 5
ТАДЭВУШ КАСЦЮШКА
СЯХНОВІЧЫ ЦІ МЕРАЧОЎШЧЫНА?
На працягу ХІХ — ХХ стагоддзяў пытанне пра час і месца нараджэння “Героя Двух Кантынентаў” неаднаразова абмяркоўвалася сярод навукоўцаў [257]. Яно і сёння выклікае шматлікія спрэчкі ў грамадстве, а таму патрабуе больш дэталёвага разгляду.
Гістарычна два населеныя пункты аспрэчваюць сваё права называцца малою радзімаю Тадэвуша Касцюшкі. Абодва месцяцца на Брэстчыне — гэта вёска Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага і ўрочышча Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёнаў.
Прысвечаная Т. Касцюшку бібліяграфічная літаратура, якая з’яўлялася на працягу апошніх стагоддзяў, дазваляе прасачыць гісторыю спрэчнага пытання і зрабіць некаторыя высновы.
Адным з першых, яшчэ прыжыццёвых біёграфаў Т. Касцюшкі стаў расійскі афіцэр і пісьменнік Ф.М. Глінка, які ў 1813 годзе, вяртаючыся з паходу супраць Напалеона Банапарта, наведаў “наваколлі Кобрына”, дзе апынуўся “ў месцах радзімы самога Касцюшкі і размаўляў з людзьмі, якія некалі былі да яго блізкімі” [258]. Без усялякага сумнення, Ф.М. Глінка лічыў радзімаю генерала Сяхновічы, якія месціліся на шляху падарожжа пісьменніка (той рухаўся праз Брэст-Літоўск, Пінск, Нясвіж, Мінск, Барысаў — да роднай аўтару Смаленскай губерні [259]). І гэта таксама быў аргумент на карысць “сяхновіцкай версіі”, паколькі дарога Ф.М. Глінкі праходзіла далёка ад Мерачоўшчыны і сустракацца са сведкамі жыцця Т. Касцюшкі пісьменнік мог толькі ў Сяхновічах).
Неўзабаве пасля смерці генерала (1818 год) у парыжскай майстэрні Франсуа Дзюрана быў выраблены памятны медаль, які сведчыў, што Т. Касцюшка нарадзіўся менавіта ў Сяхновічах [260].
А ў 1827 годзе выйшла першая біяграфія, напісаная па-нямецку ўраджэнцам Швейцарыі К.К. Фалькенштэйнам. Часткова інфармацыю швейцарац атрымаў непасрэдна “з вуснаў самога Касцюшкі”, з якім неаднойчы размаўляў у апошнія гады жыцця старога. Праца К.К. Фалькенштэйна вытрымала шэсць выданняў на нямецкай, польскай і французскай мовах [261]. У 1878 годзе стваральнік “Бібліяграфіі да дзеяў і жыцця Т. Касцюшкі” палкоўнік Э. Цалер скрупулёзна прааналізаваў усе гэтыя выданні і прыйшоў да высновы, што польскі перакладчык Э.В. Клінке “не трымаўся дакладна арыгінала, часта знарок адступаў ад яго, а ў другім выданні (1830 года — А.Б.) нават месца нараджэння Касцюшкі, пададзенае Фалькенштэйнам як Сяхновічы [262], змяніў на Мерачаўшчызну [263], падпарадкоўваючыся жаданню ўладальнікаў той Мерачаўшчызны і гэтым даючы падставу для памылковых паўтарэнняў і спрэчак” [264].