Выбрать главу

Зусім інакш ставіўся генерал да Сяхновічаў. Імя Т. Касцюшкі і родавага маёнтка настолькі моцна паяднаныя ў гісторыі, што ніводны біёграф пры напісанні жыццяпісу свайго героя не можа абысціся без згадак пра Сяхновічы. Сам Т. Касцюшка цераз усё жыццё пранёс клопат і любоў менавіта да гэтага месца.

Будзе нялішнім згадаць цэлы блок дакументаў за 1768 — 1775 гады, прысвечаных Сяхновічам, дзе назва сямейнага гнязда згадваецца 11, а імя Т. Касцюшкі — ажно 20 разоў (прычым тройчы ён названы поўным родавым прозвішчам: Тадэвуш Касцюшка-Сяхновіцкі ці Сяхновіцкі Касцюшка [288]).

Наступная падборка дакументаў, якая тычылася ягонага фальварка Сяхновічаў-Давыдаўшчызны, адносіцца да 1775 — 1777 гадоў і ў ёй таксама неаднойчы згадваецца імя малодшага сына Людвіка і Тэклі Касцюшкаў [289].

Генерал не толькі памятаў пра свае Сяхновіцкія валоданні, але і ганарыўся імі, што робіцца відавочным, калі прагледзець ліставанне 1791 — 1792 гадоў. У гэты час Т. Касцюшка чарговы раз спрабаваў уладкаваць сваё сямейнае жыццё. Ягонай абранніцай стала 18-гадовая Тэкля Жураўская, аднак бацька дзяўчыны не жадаў выдаваць сваю дачку за генерала. Галоўнаю прычынаю ягонай адмовы была нібы адсутнасць у Т. Касцюшкі зямельных валоданняў. На тое ў сваім лісце на імя маці каханай генерал даводзіў: “Ротмістр Патоцкі, які з таго ж ваяводства (Берасцейскага — А.Б.), што і я, можа засведчыць, што я маю спадчынную вёску і сам яе ўтрымліваю” [290].

У 1792 годзе, перад самым ад’ездам у эміграцыю, Т. Касцюшка напісаў на імя любай сястры Ганны ліст, што пачынаўся словамі пра Сяхновічы: “Дазволь мне, сястрычка, абняць Цябе і, можа, будзе гэта ўжо астатні раз... Жадаў бы, каб ведала Ты маю волю, што запісую Табе ў спадчыну Сяхновічы” [291]. Калі праз дваццаць гадоў генерал даведаўся, што ў час руска-французскай вайны 1812 года Сяхновічы-Давыдаўшчызна значна пацярпелі, ён выдаў сродкі на аднаўленне гаспадаркі [292]. Нарэшце, за паўгода да сваёй смерці, 2 красавіка 1817 года, Т. Касцюшка выдаў знакаміты Сяхновіцкі тэстамент [293].

Такім чынам, на працягу ўсяго жыцця генерал захоўваў да Сяхновічаў асаблівыя адносіны. Сюды ён вяртаўся з далёкіх заакіянскіх вандраванняў, пра гэтае месца марыў і тады, калі зноў вымушаны быў пакінуць Радзіму [294]. Пра Мерачоўшчыну, зыходзячы са сведчанняў самога Тадэвуша Касцюшкі, нічога падобнага сказаць проста немагчыма.

Нам таксама падаецца вельмі мудраю пазіцыя Б. Шындлера, які, нягледзячы на тое, што схіляўся ў 1991 годзе да “мерачоўшчынскай версіі”, заўважаў, што з часам уяўленне пра традыцыйнае месца нараджэння Т. Касцюшкі можа быць змененае, “але, зразумела, толькі з мэтаю ўсталявання праўды” [295].

ЧАС НАРАДЖЭННЯ

У 1996 годзе ў свеце шырока святкаваліся 250-ыя ўгодкі Касцюшкавых народзінаў. Асабліва ўрачыстыя мерапрыемствы праходзілі ў Беларусі і Польшчы.

Да юбілею ў Варшаве выйшаў чарговы нумар альманаха “Незалежнасць і памяць”, цалкам прысвечаны гэтай юбілейнай даце. Выданне адкрывалася змястоўным “Календаром жыцця і дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі”, складзеным вядомым касцюшказнаўцам Леанардам Ратайчыкам [296].

Як жартаўліва зазначаў у прадмове аўтар, “Каляндар” прызначаўся найперш для тых цікаўных чытачоў, што маюць жаданне і патрэбу як мага больш даведацца пра лёс Т. Касцюшкі, але самі лянуюцца корпацца ў пажоўклых архіўных паперах.

У артыкуле падрабязна распавядаецца пра ўсе моманты жыцця генерала. Зразумела, першая дата — час нараджэння героя. І тут даследчык робіцца вельмі асцярожным, калі занатоўвае: “4 лютага 1746 года — прынятая дата нараджэння Тадэвуша Касцюшкі” [297].

Аднак чаму прынятая (ці нават выдуманая, як пра тое гаворыць іншы гісторык Хенрык Масціцкі [298])? Хто першы сярод сучаснікаў, родзічаў, сведкаў жыцця генерала паведаміў нашчадкам такую дату? Можа пра гэты дзень згадвае сам Т. Касцюшка ў афіцыйных дакументах ці ўласных успамінах? На жаль, ніводная папера тае пары не называе 4 лютага 1746 года часам з’яўлення на свет нашага славутага земляка.

Згаданая дата “нарадзілася” намаганнямі Т. Корзана і з ягонай лёгкай рукі зрабілася традыцыйнаю. Рыхтуючы ў 1893 — 1894 гадах біяграфію Тадэвуша Касцюшкі, даследчык паклапаціўся пра высвятленне сапраўднай даты нараджэння свайго героя. І зрабіў гэта наступным шляхам [299]. Перадусім, узяў за аснову сваіх разлікаў акт хрышчэння (згаданая ў названым дакуменце дата — 12 лютага 1746 года — часам памылкова прымалася нават за дзень нараджэння [300]). Затым выказаў меркаванне, што дзіцяці далі імя ў гонар таго святога, у дзень якога той нарадзіўся, як гэта бывала нярэдка ў тыя часы [301].