Выбрать главу

Аднак тут даследчыка чакалі новыя цяжкасці, паколькі Т. Касцюшка пры хрышчэнні атрымаў не адно, а адразу тры імені. І Т. Корзан без залішніх ваганняў узяў за аснову першае з іх — Андрэй. Далей даследчык звярнуўся да каталіцкіх святкаў. І паколькі найбліжэйшы дзень святога Андрэя (Карсіні) прыпадаў на 4 лютага, гісторык зрабіў выснову, што Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся менавіта ў гэты дзень.

Цяпер патрабавалася вызначыць год нараджэння. Т. Корзан звярнуў увагу на тое, што ў рэестры Варшаўскага кадэцкага корпуса ад 18 снежня 1765 года век маладога Т. Касцюшкі быў вызначаны 18-цю гадамі [302]. На думку даследчыка, “гэта з’явілася дастатковым доказам”, каб лічыць годам нараджэння Касцюшкі 1746.

Аднак ужо сучаснікі, якія вельмі прыхільна прынялі працу

Т. Корзана, звярнулі ўвагу на некаторыя несупадзенні, што прысутнічалі ў манаграфіі. Калі даследчык прывёў у абарону сваёй версіі згаданы рэестр, ён міжволі сам сабе запярэчыў, бо выкарыстаная ім крыніца перасоўвала дату нараджэння будучага генерала на 1747 год (падлікі простыя: 1765 — 18 = 1747).

Калі Т. Касцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 года, то 18 снежня 1765 года — у дзень з’яўлення ў сценах кадэцкага корпуса — яму было ўжо не васемнаццаць гадоў, а амаль дваццаць. А дакладней — 19 гадоў 10 месяцаў і 14 дзён. Гэтыя абставіны збянтэжылі Л. Ратайчыка, які дапусціў, што ў згаданы дакумент закралася памылка. Гісторык нават падкрэсліў: кадэту на той час “ужо было 20 гадоў” [303], чым паказаў, што не давярае канчаткова “корзанаўскай” даце.

Разам з тым, гіпотэзу Т. Корзана спрабаваў падмацаваць У.А. Дзван-коўскі. Згаджаючыся з прыведзенай датай нараджэння, ён аднак сцвярджаў, што год з’яўлення на свет Т. Касцюшкі з аднолькавай доляю верагоднасці мог прыпадаць і на 1746, і на 1745, і нават на 1744 год. А ў якасці аргумента заўважаў, што раней “неаднойчы дзяцей хрысцілі праз год, два, а часам і праз сем гадоў пасля нараджэння” [304].

З гэтай нагоды нялішне будзе згадаць: у самой сям’і Людвіка і Тэклі Касцюшкаў быў выпадак, калі дзіця, народжанае ў адным годзе, было ахрышчанае ўжо ў наступным.

Маецца на ўвазе старэйшы брат Тадэвуша. Юзаф Касцюшка-Сяхновіцкі прыняў хрышчэнне ад ксяндза Дамініка Кавецкага ў 1744 годзе, прычым ў метрыцы недвухсэнсоўна пазначалася: “infans pertinet ad annum 1743” (“дзіця, народжанае ў 1743 годзе”) [305].

Апроч таго, у каталіцкіх і праваслаўных святцах разам набіраецца ажно 24 даты, прысвечаныя розным святым, што насілі імя Андрэй [306].

Кожны з гэтых дзён, калі ісці за разважаннямі Т. Корзана, можа быць днём нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. Таму не дзіўна, што ў 1990 годзе Я.А. Юхо адзначаў: “Дакладная дата яго (Касцюшкі — А.Б.) нараджэння невядома, выказана меркаванне, што ён нарадзіўся 4 лютага 1746 года, аднак больш праўдападобным (?) трэба лічыць, што нарадзіўся ён 30 лістапада 1745 года... ёсць падставы меркаваць, што спачатку яго ахрысцілі ў праваслаўнай (?) царкве і назвалі Андрэем у гонар Андрэя Першазванага, свята якога прыпадае на 30 лістапада” [307].

Надалей беларускі гісторык неаднойчы паўтараў сваю версію ў друку [308]. Дзякуючы аўтарытэту вядомага навукоўцы, прапанаваная ім дата пачала рабіцца традыцыйнаю ў беларускай гістарыяграфіі.

Але такі шлях павінен непазбежна выклікаць з’яўленне новых версій. Бо калі абапірацца толькі на спіс Андрэевых дзён, любы даследчык можа прапанаваць свае арыгінальныя версіі наконт даты нараджэння Т. Кас-цюшкі. Нарыклад, звярнуць увагу на некаторыя супадзенні, што тычацца 13 ліпеня 1745 года.

Дапушчэнне наконт гэтай даты мае права на існаванне пры ўмове, што будучы генерал на самой справе з’явіўся на свет у дзень тых святых, у гонар якіх атрымаў свае імёны.

Як вядома, папярэднія даследчыкі (і Т. Корзан, і Я. Юхо) для доказу сваіх версій разглядалі толькі першае з трох імён, атрыманых Касцюшкам пры хрышчэнні. Разам з тым, 13 ліпеня святкуецца дзень святога Андрэя як у каталіцкіх, так і ў праваслаўных вернікаў. Акрамя таго, 13 ліпеня ў праваслаўных святцах адначасова адведзена святому Фадзею (Тадэвушу). А на 14 ліпеня ў каталіцкай царкве прыпадае адзіны дзень святога Банавентуры [309]. Тыя даследчыкі, што прымаюць гэтыя нашыя довады, робяць дапушчэнне, што Т. Касцюшка мог нарадзіцца ў ноч з 13 на 14 ліпеня 1745 года [310].

Аднак для гэтай версіі не існуе ніякіх іншых пацверджанняў, і ў гэтым, безумоўна, яе слабасць.

Значна больш аргументаў можна прывесці на карысць другой даты: 28 кастрычніка 1745 года.