28 КАСТРЫЧНІКА 1745 ГОДА
Вядома, што самым распаўсюджаным сярод імёнаў генерала, пад якім ён вядомы ўсяму свету, з’яўляецца Тадэвуш. Прычым Т. Касцюшка і сам лічыў гэтае імя галоўным: ім карыстаўся ў прыватным ліставанні і пры падпісанні афіцыйных дзяржаўных дакументаў. Таксама ў афіцыйным справаводстве Берасцейскага ваяводства яго называлі толькі імем Тадэвуш, якое спалучалі з родавым прозвішчам у формах “Сяхновіцкі Касцюшка” і “Касцюшка-Сяхновіцкі” [311].
Т. Касцюшка ніколі не браў шлюбу і не меў уласных дзяцей. Але двойчы ў жыцці ён згаджаўся на ролю хроснага бацькі.
У 1800 годзе ў Парыжы генерал ахрысціў дачку швейцарскага пасла ў Францыі Франца Пятра Іосіфа Цэлтнера. Дзяўчынцы надалі імя Тадэі Эміліі. Першае з гэтых імён было ў гонар Т. Касцюшкі [312]
А яшчэ праз некалькі гадоў амерыканскі пасол у Парыжы Джон Армстронг запрасіў Т. Касцюшку быць хросным бацькам свайго сына. Хлопчык таксама атрымаў імя свайго знакамітага “другога бацькі” і стаў звацца Тадзіусам Касцюшкам Армстронгам [313].
Імя генерала (асабліва пасля расійска-польскай вайны 1792 года і Касцюшкаўскага паўстання) набыло настолькі вялікую папулярнасць, што прадстаўнікі вядомых ліцьвінскіх і польскіх сем’яў ахвотна сталі зваць сваіх сыноў імем Тадэвуш (гэтае імя прыжылося і ў асяродку нашчадкаў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх) [314].
Дадамо да сказанага, што ў святцах дзень святога Тадэвуша адзначаецца толькі аднойчы — і гэта адбываецца 28 кастрычніка [315].
Вядомыя некалькі выпадкаў, калі Т. Касцюшка святкаваў гэты дзень як уласныя імяніны. Упершыню гэта адбылося ў 1792 годзе. У той час генерал выйшаў у адстаўку, нязгодны са здрадніцкай палітыкай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які заключыў хаўрус з расійскай імперыятрыцай Кацярынай ІІ і яе прыхільнікамі ў Рэчы Паспалітай.
Т. Касцюшка пакінуў Варшаву і 28 кастрычніка прыбыў у Сянявы — уласнасць князёў Чартарыйскіх. Там гнанаму генералу і былі наладжаныя ўрачыстыя імяніны. На ягоную галаву быў ускладзены вянок, сплецены з галінаў дуба, пасаджанага ў ХVІІ стагоддзі ўласнаручна каралём Янам Сабескім пасля перамогі над туркамі пад Венаю. Пры гэтым у гонар героя прагучаў верш “Генералу Касцюшку ў дзень ягоных імянін у Сяняве” [316].
Наступны выпадак адбыўся шмат гадоў пазней. У 1804 годзе ў Парыжы быў створаны камітэт (начале з генералам Янам Дамброўскім) для святкавання чарговай Касцюшкавай гадавіны. Сам Тадэвуш Касцюшка спачатку катэгарычна адмаўляўся ад такой ініцыятывы, але сябры пераканалі свайго былога кіраўніка. Яны лічылі, што імпрэза 28 кастрычніка атрымае шырокі водгук і паспрыяе збіранню эміграцыі вакол справы незалежнасці падзеленай Радзімы [317].
Існуе і яшчэ адно сведчанне на карысць згаданага дня. У 1833 годзе парыжскае выдавецтва выпусціла чарговы том “Універсальнай біяграфіі, ці Гістарычнага слоўніка”, дзе быў змешчаны артыкул пра Т. Касцюшку, што пачынаўся наступнымі словамі: “Касцюшка Тадэвуш нарадзіўся ў шляхецкай сям’і 28 кастрычніка 1746 года” [318]. Год быў пазначаны памылкова, паколькі атрымлівалася, што будучы генерал нарадзіўся праз восем месяцаў пасля свайго хрышчэння. У згаданым тэксце павінная была стаяць дата 28 кастрычніка 1745 года.
Нельга абмінуць увагаю і яшчэ адзін цікавы момант. Як вядома, сам Тадэвуш Корзан нарадзіўся ў Беларусі 28 кастрычніка 1839 года [319]. Дзіўна, што гісторык, атрымаўшы сваё імя таму, што з’явіўся на свет у дзень святога Тадэвуша, не разглядаў такую самую магчымасць і для
Т. Касцюшкі, усю ўвагу звярнуўшы толькі на адно з трох імёнаў свайго героя — Андрэй.
Вылучаная намі ўпершыню яшчэ ў 1996 годзе версія наконт згаданай даты ўжо набыла як сваіх праціўнікаў [320], так і прыхільнікаў [321]. Яна трапіла на старонкі інтэрнета [322] і нават знайшла літаратурнае ўвасабленне ў аповесці Ягора Конева “Срэбны арол на чырвоным полі” [323].
Паспрабуем зрабіць некаторыя высновы са сказанага.
На сённяшні дзень увогуле не існуе дакумента, у якім была б зафіксаваная дата нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. Найбольш аўтарытэтныя біёграфы генерала сыходзяцца ў адным: дакладны дзень з’яўлення героя на свет невядомы [324].
Усе пералічаныя намі версіі — ад “корзанаўскай” і да найноўшых — застаюцца вельмі прыблізнымі. Таму ў сучаснай як навуковай, так і навукова-папулярнай літаратуры лепш прытрымлівацца адзінага на сёння вядомага дакумента — метрычнай выняткі з косаўскай касцёльнай кнігі.
Найбольш узвешанай трэба лічыць пазіцыю беларускага гісторыка і філолага Генадзя Кісялёва: “Т. Касцюшка нарадзіўся ў 1746 ці 1745 г. у фальварку Марачоўшчына непадалёк ад Косава ў былым Слонімскім пав. (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобл.). Хрышчоны ў Косаўскім касцёле... (Па іншых звестках, месцам нараджэння Касцюшкі трэба лічыць в. Сяхновічы Кобрынскага пав., цяпер Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобл.)” [325].