КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЯ ВЯЛІКАГА ЧАЛАВЕКА
Жыццю і дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі прысвечана надзвычай многа даследаванняў. Асабліва шмат кніг і артыкулаў выходзіла на польскай [326], французскай, англійскай [327], а апошнім часам і на беларускай мовах [328] — менавіта ў тых краінах, дзе слынны военачальнік лічыцца ганаровым грамадзянінам і нацыянальным героем.
Пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя перыядычна публікуюцца шматлікія зборнікі дакументальных матэрыялаў, прысвечаных асобе Т. Касцюшкі, ягонаму ўдзелу ў вайне за незалежнасць ЗША і паўстанню 1794 года [329].
Усё гэта дазваляе падрабязна прасачыць жыццяпіс вялікай асобы, што выклікала павагу ўжо ў асяродку сучаснікаў і не страціла сваёй гістарычнай прыцягальнасці для сённяшніх даследчыкаў.
Пачатковае выхаванне Тадэвуш Касцюшка-Сяхновіцкі атрымаў дома. У 1755 — 1760 гадах вучыўся ў Любяшоўскім піярскім калегіуме на Валыні, дзе меў поспехі ў матэматыцы, гісторыі, замежных мовах [330]. Пра перыяд ягонага жыцця паміж 1760 і 1765 гадамі, якія юнак правёў у Сяхновіцкім спадчынным маёнтку, захаваліся толькі цьмяныя звесткі. Магчыма, малады Т. Касцюшка быў дарадцам і памочнікам маці, адначасова працягваў хатнюю адукацыю (паколькі з-за раптоўнай смерці бацькі не здолеў завершыць поўны курс навучання ў калегіуме).
З дапамогаю смаленскага ваяводы і далёкага сваяка Касцюшкаў-Сяхновіцкіх Юзафа Сасноўскага напрыканцы 1765 года Тадэвуш быў залічаны ў Варшаўскі кадэцкі корпус — Рыцарскую школу, утвораную каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам [331]. Без пратэкцыі з боку ўплывовых у дзяржаве асоб небагаты шляхціц не меў ніякай магчымасці патрапіць у гэтую элітарную навучальную ўстанову. Таму ягоныя біёграфы нярэдка прыгадваюць акрамя Ю. Сасноўскага імя князя Адама Казіміра Чартарыйскага, шэфа корпуса. Вядома, што князь меў крэўныя сувязі з Ежы Флемінгам, якому Тэкля Касцюшкава саступіла свае правы на Мерачоўшчыну. Акрамя таго, Чартарыйскія былі суседзямі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. (Згадаем, што ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя ў склад княжацкай латыфундыі Рэчыцкі Ключ з маёнткамі Каранёва, Рэчыца, Шпіталі ўваходзілі Вялікія Сяхновічы). Таму згнаёмства Т. Касцюшкі з А.К. Чартарыйскім магло распачацца яшчэ да прыезду юнака ў Варшаву, калі князь наведваўся ў свае берасцейскія маёнткі [332].
Па пратэкцыі князя Т. Касцюшка ў чыне харунжага ў канцы 1769 года быў накіраваны для працягу адукацыі ў Францыю, дзе ўдасканальваў свае веды па інжынерыі, фартыфікацыі, матэматыцы і маляванню. У замежнай вандроўцы малады афіцэр карыстаўся галоўным чынам тымі невялікімі грошамі, што дасылаў брат Юзаф з Сяхновічаў [333].
У канцы 1774 года (галоўным чынам з-за недахопу сродкаў) у званні артылерыйскага капітана Т. Касцюшка вярнуўся на радзіму. Аднак не атрымаў месца ў войску, моцна скарочаным пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Восенню 1774 года Т. Касцюшка наведаў Варшаву і гасцяваў у доме дзядзькі Яна Непамуцэна Касцюшкі-Сяхновіцкага ў Славінску пад Люблінам, а затым вярнуўся ў Сяхновічы.
За перыяд нядбалага ўладарання брата Юзафа Касцюшкі-Сяхновіцкага, абознага берасцейскага, гаспадарка значна збяднела і ўжо не прыносіла трывалага прыбытку (акрамя таго касцюшкаўскія фальваркі пацярпелі падчас Барскай канфедэрацыі, у дзейнасці якой прымаў удзел Юзаф). Пачаліся доўгія судовыя спрэчкі між братамі. У сваім лісце абозны берасцейскі даводзіў, што Тадэвуш вінен яму 39 тысяч злотых [334]. І пакуль быў жывы Юзаф (памёр увесну 1789 года), адносіны паміж братамі былі сапсаваныя бясконцымі спрэчкамі наконт сямейнага гнязда.
Неўзабаве Т. Касцюшка згадзіўся на прапанову Ю. Сасноўскага зрабіцца хатнім настаўнікам ягоных дачок. Шматлікія біёграфы Т. Кас-цюшкі распавядаюць пра няўдалае рамантычнае каханне Тадэвуша з Людвікай Сасноўскай. З-за рашучага супраціву бацькі дзяўчыны, шлюб з незаможным шляхціцам не адбыўся, і яна хутка была заручаная з раманоўскім старостам князем Юзафам Любамірскім [335].
9 і 10 кастрычніка 1775 года Т. Касцюшка, якому было катэгарычна адмоўлена знаходзіцца ў доме Сасноўскіх, распарадзіўся сваімі маёмаснымі справамі: перадаў правы на сваю частку Сяхновічаў швагеру Пятру Эстку. Той са свайго боку абавязваўся сплаціць усе даўгі крэдыторам Тадэвуша і дамагчыся ад Юзафа Сяхновічаў-Давыдаўшчызны. Позняй восенню, пазычыўшы ў сваякоў і знаёмых значную суму грошай (сучаснікі гавораць пра 500 ці нават тысячу дукатаў), Т. Касцюшка зноў накіраваўся ў Францыю [336].