Улетку 1776 года ён у складзе групы валанцёраў накіраваўся ў Паўночную Амерыку, каб падтрымаць барацьбу амерыканскіх каланістаў супраць Вялікабрытаніі. Здольнасці і заслугі Т. Касцюшкі перад ЗША былі неаднаразова адзначаны ў лістах ягоных сяброў па зброі, удзельнікаў бітваў за вызваленне Амерыкі — Н. Грына, Г. Гейтса, Дж. Армстронга. Тадэвуш Касцюшка вызначыўся як таленавіты інжынер і вайсковец, што было заўважана ды высока ацэнена будучым першым прэзідэнтам Злучаных Штатаў генералам Дж. Вашынгтонам.
Паміж 1777 і 1782 гадамі берасцейскі шляхціц актыўна ўдзельнічаў у бітвах пад Цікандэрогаю, Саратогаю, Гілфардам, Хобкірс Хілам, Найнці-Сіксам, Чарлстанам, кіраваў умацаваннем берагоў Гудзона і будаўніцтвам фартэцыі Уэст-Пойнт. Па плану, распрацаванаму палкоўнікам Т. Кас-цюшкам (званне атрымаў ад Кангрэса ЗША 18 кастрычніка 1776 года), была ўзмоцнена абарона горада Філадэльфіі, тагачаснай сталіцы Злучаных Штатаў Амерыкі [337].
13 кастрычніка 1783 года амерыканскі ўрад надаў Т. Касцюшку чарговае званне брыгаднага генерала. Ён быў у ліку тых трох чужынцаў, каго прынялі ў ганаровае “Таварыства Цынцынанта”, што складалася з самых вядомых удзельнікаў вайны за незалежнасць. З рук Дж. Вашынгтона Т. Касцюшка атрымаў ордэн Цынцынанта, упрыгожаны дэвізам: “Усё аддаў дзеля выратавання Рэспублікі” [338].
У сярэдзіне ліпеня 1784 года генерал пакінуў Амерыку, але на Радзіме ён зноў не атрымаў вайсковай пасады. Ад гэтага часу распачынаецца пяцігадовы перыяд жыцця Т. Касцюшкі, які гісторыкі назвалі “сялянкай” (ці “ідыліяй”), калі баявы генерал займаўся звычайнымі клопатамі вясковага жыхара ў сваіх родавых Сяхновічах [339].
Відавочна, што вяртанне Т. Касцюшкі да нетаропкага старасвецкага асяродку і паўсядзёнай працы па гаспадарцы выглядае на першы погляд недарэчна і бессэнсоўна. Але гады, што былі праведзеныя амерыканскім генералам у вёсцы, наклалі не меншы адбітак на ягоны характар, чым падарожжы па еўрапейскіх краінах і за акіян. Толькі зрэдку выязджаючы з Сяхновічаў, куды амаль не даляталі грымоты войнаў і рэвалюцый, Тадэвуш марыў завесці сям’ю, каб даўні род Касцюшкаў-Сяхновіцкіх не прыпыніўся. Т. Корзан лічыў, што гэты перыяд жыцця Т. Касцюшкі “належаў не сусветнай гісторыі, але справе сэрца” [340].
Сяхновіцкі маёнтак тае пары складаўся з трох двароў (фальваркаў): Малых Сяхновічаў, Сяхновічаў-Давыдаўшчыны і Жулкаўшчыны (Жулкаўшчызны), якія знаходзіліся непадалёку адно да аднаго.
Пра Малыя Сяхновічы можа даць уяўленне інвентар, які захаваўся з 60-х гадоў ХVІІІ стагоддзя [341]:
“Двор месціўся паблізу капліцы з дамавінамі Касцюшкаў, ад якой вяла да сядзібнай брамы алея з дрэваў. Для пешых былі прадугледжаныя веснічкі з паветкаю. Двор быў акружаны новымі штахетамі, сад і агарод — жардзінамі... Па правым баку знаходзіўся жылы дом з ганкам, а ад сяней — сталовы пакой з чатырма вокнамі, з камінам і зялёнай кафляной печчу. Пры ім — яшчэ пакой з трыма вокнамі. Дзверы з сенцаў вялі ў сад і на кухню, якая знаходзілася ў самым цэнтры хаты, за ўваходнымі сенцамі. Па левым баку месціўся вялікі пакой з чатырма вокнамі, камінам і невялічкай “крыжовай” печкаю з зялёнай кафлі... У прыбудове знаходзіліся камора і піўніца. Далей у двары — пякарня, шпіхлер пад дахам з дранцу і свіран з сырнікам, яшчэ далей месціліся два шпіхлеры, вазоўня, гумно, стадоля... Пры сажалцы знаходзіліся бровар, саладоўня, лазня, абора і хлявы з варотамі”.
Малымі Сяхновічамі кіраваў Юзаф Касцюшка-Сяхновіцкі. Побач — у Давыдаўшчыне — пасля вяртання з Амерыкі пасяліўся Тадэвуш. Фальварак у часы ягоных вандраванняў утрымліваўся Эсткамі і быў адразу вернуты генералу.
З сястрою Ганнаю і яе мужам Пятром Эсткам Т. Касцюшку лучылі самыя добразычлівыя адносіны. Генерал нярэдка гасціў у іх, звяртаўся па дапамогу, дасылаў надзвычай цёплыя лісты, выдадзеныя ў ХІХ стагоддзі Люцыянам Сяменьскім [342].
З допісаў генерала выразна бачна, як высока ён цаніў любоў сястры і павагу швагера, шчыра клапаціўся пра здароўе Ганны, пры набліжэнні хваробы раіў ёй неадкладна звярнуцца да вядомага брэсцкага лекара Мілера, які некалі дапамагаў яшчэ іх маці. Увесну 1787 года Тадэвуш даслаў сястры глыбокія спачуванні з нагоды раптоўнай смерці мужа, якога не стала падчас падарожжа ў Вінніцу (Украіна). Ад звычайнага жартаўлівага тону ранейшых лістоў тут няма і следу. Смерць дарагога яму Пятра Эсткі Т. Касцюшка прыняў вельмі блізка і чуйна падпусціў да свайго сэрца, ад чаго і мова ягонага паслання надзвычай стрыманая й засмучаная [343].