Выбрать главу

З сям’ёю другой сястры — Кацярыны Жулкоўскай — былі больш складаныя адносіны. Калі Тадэвуш ад’язджаў у Паўночную Амерыку, ён пазычыў у Жулкоўскіх 200 дукатаў. Гэты доўг быў вернуты толькі ў 1782 годзе. Аднак вядома, што ў снежні 1791 года генерал Т. Касцюшка яшчэ заставаўся вінен значную суму грошай сваім пляменнікам, дзецям Караля і Кацярыны Жулкоўскіх [344].

Сучаснік Т. Касцюшкі Ежы Сарока лічыў, што генерал быў выдатным гаспадаром, нават у сваіх адносінах да зямлі і сялян шмат у чым мог быць прыкладам для навакольнай шляхты [345].

Аднак успамінам Е. Сарокі даследчыкі не даюць вялікай веры. Так, Т. Корзан, прааналізаваўшы інвентары тае пары. выказаў думку, што пасля смерці Юзафа Касцюшкі стан эканомікі Сяхновіцкага маёнтка яшчэ больш пагоршыўся. Але гэта здарылася, лічыў гісторык, з-за тых непадрыхтаваных рэформаў, якія спрабаваў правесці Тадэвуш Касцюшка (напрыклад, скарачэнне паншчыны, змяншэнне падаткаў, забарона прымусовых згонаў сялян на сельскагаспадарчыя работы, вызваленне жанчын ад працы на панскай гаспадарцы і інш.) [346].

Б. Шындлера гэтыя аргументы не пераканалі. Ён слушна заўважыў, што ў большасці маёнткаў, уладары якіх у канцы ХVІІІ і ў пачатку ХІХ стагоддзяў палепшылі стан сваіх прыгонных, эканамічнае становішча ўмацоўвалася [347]. Б. Шындлер бачыў галоўную прычыну пагаршэння сяхновіцкай гаспадаркі ў няздольнасці яе гаспадароў, у тым ліку і Тадэвуша Касцюшкі, паслядоўна адмовіцца ад састарэлых формаў гаспадарання. Адносна самога генерала даследчык адзначаў, што той быў прыдатны да вайсковай справы, але зусім не да плуга.

У часы “сялянкі” Т. Касцюшка падтрымліваў блізкія стасункі з іншымі суседнімі памешчыкамі. Асабліва з сям’ёю літоўскага войскага, дэпутата, адваката і мемуарыста Міхала Залескага (1744 — 1816), які трымаў у заставе ад Чартарыйскіх Вялікія Сяхновічы [348].

У бяседах, што ўзнікалі паміж суседзямі, нярэдка закраналіся пытанні палітычнага і сацыяльна-эканамічнага ўпарадкавання Рэчы Праспалітай. Захавалася багатая перапіска Т. Касцюшкі з М. Залескім, якая сведчыла пра блізкія адносіны, якія падтрымліваў генерал з вялікасяхновіцкім гаспадаром нават пасля свайго канчаткова ад’езду з краю [349].

Найвялікшую пашану амерыканскі генерал выказваў жонцы адваката Бенядзікце з Матушэвічаў Залескай, якую лічыў сапраўдным узорам жаночай дабрачыннасці. У адным са сваіх лістоў Тадэвуш Касцюшка пісаў, не хаваючы свайго захаплення: “О! Калі б толькі я меў такую жонку! Яна прыклад для тысячаў... і ў Варшаве такую не знойдзеш” [350].

Аднак мара Тадэвуша Касцюшкі знайсці сабе жонку ніколі не здзейснілася. Замест гэтага напачатку 1790 года ў Сяхновічы дайшла вестка, што Т. Касцюшка ў чыне генерал-маёра залічаны ў армію Рэчы Паспалітай.

Ён выдатна праявіў сябе ў расійска-польскай вайне 1792 года, вызначыўся ў баях пад Зелянцамі, Уладзімірам-Валынскім, Дубенкаю. За гэтую кампанію быў узнагароджаны ордэнам “Віртуці Мілітары” і атрымаў званне генерал-лейтэнанта. Аднак нязгодны з каралеўскай палітыкай, якая немінуча вяла да другога падзелу Рэчы Паспалітай, у жніўні 1792 года ў ліку многіх генералаў і афіцэраў Т. Касцюшка склаў рапарт на імя Станіслава Аўгуста, звольніўся з войска і накіраваўся ў эміграцыю. (Перад ад’ездам у Германію перадаў правы на спадчыннае валоданне Ганне Эсткавай) [351].

На працягу 1793 года генерал актыўна займаўся падрыхтоўкай будучага выступлення супраць акупацыі Радзімы. Ён наведаў Парыж, дзе беспаспяхова шукаў падтрымку з боку французскага рэвалюцыйнага ўрада, ездзіў у Італію, сустракаўся са сваімі прыхільнікамі, пасля некаторых ваганняў даў згоду ўзначаліць вызвольнае паўстанне [352].

Вясной — восенню 1794 года Тадэвуш Касцюшка з’яўляўся неабмежаваным кіраўніком (Найвышэйшым Начальнікам) узброеных сіл Рэчы Паспалітай, якія вялі барацьбу супраць інтэрвенцыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі [353].

Пасля разгрому паўстанцкіх войск генерал Т. Касцюшка, паланёны 10 кастрычніка 1794 года ў Мацяёвіцкай бітве пад Варшавай, па загадзе імператрыцы Кацярыны ІІ тайна быў перавезены ў Санкт-Пецярбург і да канца лістапада 1796 года знаходзіўся ў вязніцы [354].

Генерал быў вызвалены з Мармуровага палаца, дзе знаходзіўся ў апошнія месяцы свайго заключэння, амаль адразу пасля смерці Кацярыны новым імператарам Паўлам І і неўзабаве праз Фінляндыю, Швецыю і Вялікабрытанію перабраўся ў Злучаныя Штаты Амерыкі, якія лічыў сваёй другой радзімай [355].

Аднак знаходзіўся ў ЗША  Т. Касцюшка толькі некалькі месяцаў (1797 — 1798 гады), пасля чаго зноў вярнуўся на сталае жыццё ў Еўропу: спачатку ў Францыю, затым — у Швейцарыю.

Ён прытрымліваўся даволі аскетычнага ладу жыцця, падтрымліваў перапіску і ладзіў сустрэчы са шматлікімі знанымі асобамі свайго часу. Напярэдадні вайны 1812 года адмовіўся падтрымаць Напалеона І у барацьбе супраць Расіі, шчыра клапаціўся пра адраджэнне незалежнасці сваёй Радзімы, якая была падзеленай у 1795 годзе паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. З гэтым двойчы звяртаўся непасрэдна да імператара Аляксандра І, які абяцаў аказаць дапамогу ў вырашэнні пытанняў, звязаных з адраджэннем Рэчы Паспалітай, аднак насамрэч нічога істотнага ў гэтым накірунку не здзейсніў.