Выбрать главу

Памёр Т. Касцюшка беспатомным ў швейцарскім горадзе Салюр (Салатурн) а дзесятай гадзіне вечара 15 кастрычніка 1817 года ў доме свайго сябра Франца Ксаверыя Цэлтнера. Праз чатыры дні (у поўдзень 19 кастрычніка) быў пахаваны на мясцовых могілках. А 22-23 чэрвеня 1818 года парэшткі генерала былі ўрачыста перанесены ў Кракаў і перазахаваныя на Вавелі, побач з магіламі іншых выбітных людзей [356].

ТЭСТАМЕНТЫ ГЕНЕРАЛА

Пасля Тадэвуша Касцюшкі засталося некалькі пісьмовых запаветаў. Тэстаменты генерала мелі выключна важнае значэнне для вырашэння далейшага лёсу маёмаснай і зямельнай уласнасці, якую пакінуў пасля сябе Т. Касцюшка, ды непасрэдна тычыліся ягоных спадчыннікаў. Таму разгледзім гэтыя запаветы больш падрабязна.

Першы тэстамент, складзены 5 мая 1798 года ў Філадэльфіі, тычыўся грошай, якія генерал павінен быў атрымаць ад урада ЗША за шматгадовую службу ў часы Вайны за незалежнасць Амерыкі.

Выканаўцам апошняй сваёй волі Т. Касцюшка абвясціў свайго амерыканскага сябра, будучага прэзідэнта Злучаных Штатаў Томаса Джэферсана. Даследчыкі найчасцей цытуюць гэты запавет у рэдакцыі (ці, як кажуць, “стылізацыі”), выкананай самім душапрыказчыкам. Прывядзем абодва варыянты амерыканскага тэстамента [357]:

Тэкст, складзены Т. Касцюшкам

Я прасіў спадара Джэферсана, калі ў выпадку смерці не паспею выказаць астатняй сваёй волі ў тэстаменце, выкупіць за мае грошы колькі можна неграў і вызваліць іх, абы толькі пакінутай сумы гарантавана хапіла на іх навучанне і ўтрыманне. Кожны з іх павінен перад тым зведаць абавязак Грамадзяніна ў вольнай Дзяржаве, бараніць сваю Краіну супраць унутраных і знешніх ворагаў, якія жадалі б змяніць Канстытуцыю на горшую, што ў выніку зноў зрабіла б іх нявольнікамі. Кожны з іх павінен мець добрае чалавечае сэрца, чулае да пакутаў іншых. Кожны павінен быць жанатым, а таксама атрымаць 100 акраў зямлі, прылады працы і жывы інвентар для апрацоўкі палёў, ведаць, як з гэтым абыходзіцца, быць здольным весці гаспадарку, а таксама ўмець сумесна жыць з суседзямі: заўсёды заставацца добрым, гатовым на ўзаемапомач і сціплым у адносінах. Кожны павінен сваім дзецям даць добрую адукацыю, любіць свой край і выконваць грамадзянскія абавязкі, каб такім чынам захоўваць да мяне ўдзячнасць, а сябе самога адчуваць найшчаслівейшым.

Тэстамент у рэдакцыі Т. Джэферсана

Я, Тадэвуш Касцюшка, ад’язджаючы з Амерыкі, сведчу гэтым і пастанаўляю, што ў выпадку, калі не буду мець іншай магчымасці распарадзіцца ў тэстаменце маёй уласнасцю ў Злучаных Штатах, упаўнаважваю дадзеным майго сябра Томаса Джэферсана, каб цалкам яе ўжыў для выкупу неграў, якія належаць яму самому або іншым, на дараванне ім свабоды ад майго імя, на навучанне іх рамёствам ці іншым навукам, на выхаванне ў іх маральных якасцяў, якія дазволяць ім стаць добрымі суседзямі, добрымі бацькамі і добрымі маткамі, мужамі альбо жонкамі, на выхаванне ў іх сумленнага стаўлення да грамадзянскіх абавязкаў, каб былі абаронцамі сваёй вольнасці, сваёй краіны і добрага грамадскага парадку, на выхаванне іх ва ўсім тым, што можа зрабіць іх шчаслівымі і карыснымі. Я таксама прызначаю вышэйназванага Томаса Джэферсана выканаўцам гэтага духоўнага запавету.

Параўнанне абедзвюх рэдакцыяў дазваляе зразумець, што запавет генерала фактычна не меў юрыдычнай вагі і ўяўляў сабою не больш як пісьмовыя пажаданні, не замацаваныя натарыяльна. Гэта і зразумела:

Т. Касцюшка падрыхтаваў яго з дапамогаю таго ж Т. Джэферсана ў дзень свайго ад’езду, што не дазволіла стварыць юрыдычна бясхібны дакумент. Гэта дало падставу сучаснаму польскаму гісторыку і філосафу Ю. Жураву абазначыць прыведзены тэкст, выкананы Т. Джэферсанам, як “мутацыю арыгіналу ў джэферсанаўскай стылізацыі”. У пажаданні Т. Касцюшкі паведамляецца, што ён пакідае за сабою права вярнуцца да гэтай справы і, па магчымасці, скласці сапраўдны тэстамент адносна сваёй ўласнасці ў ЗША. У рэдакцыі Т. Джэферсана гэты дакумент ужо падаецца як бясспрэчная апошняя воля генерала і адкрыта названы “тэстаментам” і “духоўным запаветам”.