Выбрать главу

У 1816 годзе Т. Касцюшка яшчэ пісьмова выказаўся наконт амерыканскага запавета. У сваім апошнім лісце, накіраваным у ЗША 15 верасня 1817 года, генерал ізноў пацвердзіў правамоцнасць тэстамента.

Пасля смерці Т. Касцюшкі вакол ягонага запавета разгарнулася сапраўдная барацьба, у якую былі ўцягнуты шматлікія спадкаемцы з Беларусі, Францыі, Швейцарыі, ЗША.

Складанасць справы прымусіла Т. Джэферсана ў рэшце рэшт адмовіцца ад права выступаць у судзе ў якасці выканаўцы апошняй волі

Т. Касцюшкі і прызначыць на гэтую ролю былога сакратара прэзідэнта

Дж. Вашынгтона Бенджамена Ліра (1819 год). Справа была перададзеная ў Федэральны суд ЗША і цягнулася з 1821 па 1845 год без бачных вынікаў. У яе вырашэнні бралі ўдзел расійскія паслы ў Вашынгтоне П.І. Палятыка (1817 — 1822 гады), Ф.В. Тэйль (1822 — 1837 гады) і А.А. Бадзіска (1837 — 1854 гады). Першы з іх паведаміў пра існаванне амерыканскага тэстамента ў Гродзенскую губерню сем’ям Эсткаў, Жулкоўскіх і Ваньковічаў. Другі прызначыў у 1822 годзе для абароны правоў беларускіх спадчыннікаў у Амерыцы адвакатаў Свана (Суона) і Сімпсана. Трэці замяніў адвакатаў на Ф. Фендала і Б. Сміта (з 1847 года замест Сміта справу прыняў

Дж. Брадлей).

Паколькі адвакаты за свой удзел патрабавалі ажно 20% ад вызначаных грошай, беларускія нашчадкі звярнуліся па дапамогу да польскага эмігранта К. Тохмана (1847 год). Да гэтага часу сума ўзрасла ў два разы і склала больш за 34 тысячы долараў ЗША. Супраць нашчадкаў вёў справу палкоўнік Бомфард, які абараняў правы неграў. Аднак у 1853 годзе гэтая справа была вырашаная на карысць Эсткаў, Жулкоўскіх, Ваньковічаў [358].

Не менш спрэчак і розгласу атрымаў і так званы Сяхновіцкі тэстамент генерала, складзены за паўгода да ягонай смерці (2 красавіка 1817 года) на нямецкай мове ў Салюры мясцовым натарыусам Ф.К. Амье-там. Сведкам гэтай справы выступалі Ф. Грым і Ф. Цэлтнер.

Дакумент тычыўся спадчыннага валодання Т. Касцюшкі — маёнтка Сяхновічы-Давыдаўшчызна. Запавет гучаў наступным чынам [359]:

“Глыбока адчуваючы, што прыгонны стан супярэчыць закону прыроды і дабрабыту народаў, гэтым сведчу, што знішчаю яго цалкам і на вечныя часы ў маёнтку маім Сяхновічы, што ляжыць у Брэст-Літоўскім ваяводстве, як ад уласнага імя, так і ад імя будучых ягоных гаспадароў. Таму абвяшчаю сялян вёскі, што належыць да маёнтка, вольнымі грамадзянамі і нічым неабмежаванымі ўласнікамі належачых ім грунтоў. Вызваляю іх ад усялякіх без выключэння падаткаў, паншчыны і асабістых павіннасцяў, якія раней па загаду ўласнікаў таго маёнтка былі абавязаны выконваць. Заклікаю іх толькі, каб дзеля ўласнага дабрабыту і карысці краю стараліся аб заснаванні школ і пашырэнні асветы. Сведчу надалей, што гэтым актам маёнтак Сяхновічы з наваколлем аддаю ў вечную ўласнасць пляменніцы маёй, спадарыне Кацярыне Эсткавай і яе дзецям у пацверджанне шчырай да іх зычлівасці”.

Такім чынам, генерал у прадчуванні блізкай смерці выказаў непахіснае жаданне цалкам і на вечныя часы скасаваць прыгонны стан сваіх сяхновіцкіх сялян, вызваляючы іх ад чыншу, паншчыны і асабістых павіннасцяў ды робячы вольнымі грамадзянамі і поўнымі гаспадарамі належных ім земляў. Сам маёнтак заставаўся ў карыстанні нашчадкаў Ганны Эсткі. Прычым яе нявестку Кацярыну з Ляховічаў Эстку, якой генерал перадаваў усе правы на Сяхновічы, Т. Касцюшка назваў пляменніцай, чым яшчэ выразней пацвердзіў яе правы на маёмасць.

Упершыню тэкст Сяхновіцкага тэстамента быў надрукаваны ў варшаўскай “Сельскай газеце” (№ 27 за 1817 год). Ужо ў маі таго ж года дакумент быў перасланы для выканання ў Сяхновічы. У 1818 годзе ўласніца маёнтка Кацярына Ляховіч, удава Тадэвуша Эсткі (пляменніка

Т. Касцюшкі), запатрабавала ад урада Расійскай імперыі скасаваць апошнюю волю генерала ў той частцы, што тычылася вызвалення сялян. Падставай для гэтага былі значныя даўгі, якія меў Т. Касцюшка перад Эсткамі, назапашаныя з 1775 года. Апроч таго, у верасні 1792 года генерал ужо выказваўся пісьмова пра неабходнасць перадачы Сяхновічаў у карыстанне нашчадкам сястры.

Гэтая справа была пададзеная на імя імператара Аляксандра І, які задаволіў просьбу спадкаемцаў. Нягледзячы на тое, Сяхновіцкі тэстамент стаў адной з першых спробаў скасавання ў Беларусі прыгоннага права. На вялікі жаль, у тых гістарычных умовах было немагчыма здзейсніць апошнюю волю вялікага рэвалюцыянера і дэмакрата. Выкананню запавета супярэчыла ўся сістэма, усталяваная на тэрыторыі Беларусі расійскім самаўладдзем [360].

Са смерцю Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі малодшая лінія старадаўняга роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх “па мячы” згасла, а ягоныя валоданні, размешчаныя на Беларусі, канчаткова перайшлі да спадчыннікаў Ганны Эсткі і Кацярыны Жулкоўскай [361].