Выбрать главу

ЧУРЫЛАЎШЧЫЗНА І ЗЕЛЕНКАЎШЧЫЗНА

Пасля смерці Т. Касцюшкі Касцюшкі-Сяхновіцкія па мужчынскай лініі страцілі родавыя Сяхновічы, якімі валодалі цягам трохсот гадоў. За імі захаваліся толькі невялікія надзелы ў блізкіх маёнтках Чурылаўшчызна і Зеленкаўшчызна (на картах ХІХ стагоддзя апошняя пазначалася як “фальварак Касцюшкаў”) [367].

Тут гаспадарылі прадстаўнікі старэйшай лініі Касцюшкаў — Іванавічы, верагодна, нашчадкі Бруна, унука фундатара Вялікасяхновіцкай царквы пісара гродскага берасцейскага Паўла Касцюшкі-Сяхновіцкага. У 1774 годзе Бруна набыў у свайго брата харунжага Казіміра (№ 182) Чурылаўшчызну [368].

Зразумела, гэтая галіна роду мела працяг у нашчадках, але ніхто з іх не ўвайшоў у складзены намі радаводны роспіс, паколькі прасачыць дакладна іх сямейныя сувязі цяпер ужо немагчыма.

Паводле рэвізіі 1816 — 1817 гадоў, Чурылаўшчызнай валодаў Кузьма Касцюшка, уласнік аднаго “дыма” з 3 сялянамі [369].

У 1832 годзе, адразу пасля падаўлення паўстання 1830 — 1831 гадоў, калі ўлады Расійскай імперыі з новай сілай разгарнулі палітычную кампанію, вядомую ў гісторыі пад назваю “разбору шляхты”, быў складзены “Спіс навакольнай шляхты і шляхты, што не мае сваёй аселасці, але пражывае ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні”. У гэтым “Спісе”, між іншымі, былі пазначаны Казімір і Аляксандр Касцюшкі. Першы меў 9 сялянаў мужчынскага полу, другі — усяго аднаго. Нягледзячы на тое, што абодва Касцюшкі мелі пацвярджэнне з боку дэпутацкага збору свайго статусу, Герольдыя гэтыя так званыя “доказы на дваранства” не прыняла і не зацвердзіла [370]. Таму ў дакументах пачатку ХХ стагоддзя Канстанцін Касцюшка з Чурылаўшчызны быў названы мешчанінам [371].

Т. Корзан, які ў 1893 годзе наведаў Касцюшкавы родавыя мясціны, пазначыў, што на той час Сяхновічы падзяляліся на пяць маёнткаў. Акрамя Вялікіх і Малых Сяхновічаў ды Сяхновічаў-Жулкаўшчызны, былі таксама пазначаныя “Чурылаўшчызна (ці Піндзярышкі) разам з 1 сялянскай распрыгоненай хатай, што належыць Касцюшкам: Феліксу, Канстанціну і Ганне”, і “Зеленкаўшчызна — малы надзел зямлі з адной сялянскай хатай, у першай палове ХІХ стагоддзя была ва ўласнасці адваката Казіміра Касцюшкі, цяпер — у Канстанціна Касцюшкі” [372].

Зеленкаўшчызна сёння ўяўляе сабою хутар, размешчаны ў цэнтральнай частцы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Паселішча існуе прыблізна з сярэдзіны ХVІ стагоддзя. Першапачаткова яно насіла назву Здзітавец-Зеленкаўшчызна. Паводле інвентара 1770 года, была маёнткам, да якога належалі вёскі Курпічы і Ханькі. З таго часу апынулася ў руках Касцюшкаў, таму звалася Сяхновічамі-Зеленкаўшчызнай.

Перад 1939 годам яе ўласнікамі былі Тадэвуш, Антаніна і Ядвіга Касцюшкі. Сядзіба складалася з невялікага драўлянага атынкаванага дома з ганкам на дзвюх калонах, гаспадарчага двара, дзе і цяпер захаваліся амаль занядбаныя свіран, абора ды сад са стаўком. Прафесар А.Т. Федарук падкрэсліваў, што “азначаныя сядзібныя пабудовы з’яўляюцца ў Беларусі апошнімі і адзінымі збудаваннямі, узведзенымі Касцюшкамі” [373].

ЭСТКІ ГЕРБА ”ДРЫЯ”

Прадаўжальнікам слаўных вайсковых традыцый Тадэвуша Касцюшкі сталі ягоныя пляменнікі — сыны смаленскага стольніка Пятра Антонія Эсткі (1729 — 1787) і любай сястры генерала Ганны (1741 — 1814).

Паміж Эсткамі, якія пабраліся шлюбам увосень 1762 года, была даволі значная розніца ва ўзросце, але гэта зусім не перашкаджала цёплым і добразычлівым адносінам, што склаліся ў іх сям’і.

Ужо ў 1763 годзе нарадзіўся Станіслаў Тэадор (1763 — 1820), старэйшы з сыноў Эсткаў. За ім былі яшчэ Тадэвуш (1770 — 1812), названы, верагодна, у гонар славутага дзядзькі, і наймалодшы Сыкстус (1776 — 1813), самы вядомы сярод братоў Эсткаў, які шмат у чым паспрыяў, каб “не згінуў у сям’і вайсковы дух Касцюшкі” [374].

Усе дзеці Пятра і Ганны Эсткаў абралі для сябе ваенную кар’еру, прымалі ўдзел у паўстанні 1794 года, якое ўзначальваў іх дзядзька.

Пра старэйшага Станіслава Т. Касцюшка ўпершыню згадвае ў сваім лісце да сястры, напісаным перад ад’ездам у эміграцыю восенню 1792 года, дзе прасіў Ганну ад яго імя пакланіцца “Станіславу, твайму сыну”, а таксама паведамляў пра свой намер запісаць Сяхновічы ў спадчыну сястры: “А ты ўжо аднаму са сваіх сыноў альбо ўсім адразу перадаць маеш права, пры ўмове, аднак, што Зузанну (№ 183) і Фаўсціна да смерці даглядаць будуць”. (Названы Фаўсцін Касцюшка (№ 137?) ў кастрычніку 1775 годзе фінансава дапамагаў Т. Касцюшку перад ягоным падарожжам у Амерыку) [375].