Выбрать главу

У час паўстання Станіслаў Эстка даслужыўся да звання маёра. Пазней (1809 год) быў ва ўрадзе Люблінскага дэпартамента, створанага па загадзе Напалеона Банапарта. Пабраўся шлюбам з Тэкляй Асецкай, з якой меў сына Ігнація.

Т. Касцюшка клапаціўся і пра астатніх пляменнікаў. Падпаручнік Тадэвуш Эстка, які ў 18 гадоў далучыўся да войска ВКЛ, браў чынны ўдзел у вайне 1792 года. За перыяд паўстання стаў капітанам [376]. Тадэвуш Касцюшка, адзначаючы здольнасці цёзкі і пляменніка, згадваў, што той “любіць пачцівасць і з’яўляецца чалавекам гонару” [377].

Наймалодшы Сыкстус пачынаў сваю кар’еру з корпуса інжынераў, а затым у званні харунжага ўдзельнічаў у справе 1794 года. Праз тры гады, калі стала вядома пра ўтварэнне ў Італіі польскіх легіёнаў генерала

Я.Х. Дамброўскага, браты Тадэвуш і Сыкстус пакінулі Сяхновічы. З сабою яны везлі ліст маці, напісаны на імя Напалеона Банапарта, дзе, у прыватнасці, паведамлялася: “Спадар генерал! Мае сыны, якія перадаюць у Вашыя рукі гэты ліст, з’яўляюцца пляменнікамі Касцюшкі... Мая матчыная любоў дазваляе верыць, што пад Вашым кіраўніцтвам яны пройдуць добрую вайсковую школу” [378].

Пад канец красавіка 1798 года браты прыбылі ў Мантую. Тадэвуш быў залічаны ў І батальён 2-га легіёна ў чыне капітана, а ягоны малодшы брат прыняты ў якасці заштатнага афіцэра. (Праз пэўны час стаў падпаручнікам ІІ батальёна 1-га легіёна).

Неўзабаве Тадэвуш, паранены пад Мантуяй, трапіў у аўстрыйскі палон, дзе прабыў да 1800 года. З вязніцы выйшаў ужо вельмі хворым, папрасіў адстаўкі і больш ніколі не прымаў удзелу ні ў якіх ваенных дзеяннях.

Затое малодшы Эстка зрабіў бліскучую вайсковую кар’еру. Пасля крывавай бітвы ў чэрвені 1799 года ён таксама трапіў у палон да аўстрыякаў, з якога вярнуўся яшчэ больш загартаваным. У 1801 годзе капітан С. Эстка вызначыўся на чале жменькі храбрацоў, штурмуючы італьянскае мястэчка з аўстрыйскім гарнізонам. У 1805 годзе ён удзельнічаў у вядомай бітве пры Кастэль-Франка, у войнах з Неапалітанскім каралеўствам і ў Іспаніі.

У час сваёй іспанскай эпапеі Сыкстус пабраўся шлюбам з Вікторыяй Ла Фігуэрай. Потым быў пераведзены на радзіму, прызначаны палкоўнікам 3-га палка Надвісленскага легіёна. Атрымаў адзнаку вайсковай мужнасці “Віртуці мілітары”, стаў кавалерам ордэна Ганаровага легіёна. Служыў Напалеону І. У ліпені 1813 года атрымаў званне брыгаднага генерала, перад сваім апошнім паходам адвёз жонку ў Люблін, дзе пакінуў яе пад наглядам брата Станіслава.

18 кастрычніка 1813 года ў знакамітай “бітве народаў” пад Лейпцыгам быў паранены, ад атрыманых ран хутка памёр [379].

Звесткі пра смерць хваравітага Тадэвуша (у 1812 годзе) і гібель Сыкстуса канчаткова пахіснулі здароўе іх маці. Ганна Барбара Крысціна Эстка, любая сястра Тадэвуша Касцюшкі, таксама неўзабаве (6 лютага 1814 года) сышла ў магілу.

Яе нашчадкі, што дасюль яшчэ жывуць у Польшчы, паходзяць галоўным чынам ад сярэдняга сына. Удаве Тадэвуша Эсткі Кацярыне Ляховіч і яе дзецям тэстаментам ад 2 красавіка 1817 года Т. Касцюшка пацвердзіў правы на Сяхновіцкі маёнтак. Амаль адразу пасля гэтага генерал напісаў ліст да “мадам Кацярыны Эсткавай, праз Брэст у Сяхновічы” (згодна штэмпеляў на канверце, 8 мая гэты ліст дайшоў да Варшавы, а ўжо 11 мая быў у Брэст-Літоўску), дзе ўласнаручна запісваў Сяхновічы Кацярыне і яе нашчадкам. Менавіта яна дабілася адмены апошняй волі генерала ў той часцы, што тычылася скасавання прыгону [380].

З гэтага часу Кацярына Эстка поўнаўладна трымала Малыя Сяхновічы, у якіх налічвалася 18 двароў, дзе жылі 63 селяніна [381]. Самастойна выхоўвала чатырох дзяцей: Іпаліта (1801 — 1857), Рамана (1803 — 1858), Марціну, Людвіку (каля 1809 — ?).

Старэйшы сын Іпаліт меў дачку Уладзіславу Марыянну, народжаную 29 чэрвеня 1825 года. Ён браў актыўны ўдзел у паўстанні 1830 — 1831 гадоў (быў падпаручнікам коннай артылерыі), пасля задушэння выступлення эміграваў у аўстрыйскія валоданні, пазней амнісціраваны, вярнуўся на радзіму, уладкаваўся з сям’ёю на сталае жыццё пад Люблінам [382]. Неаднойчы па сямейных справах Іпаліт наведваўся ў Сяхновічы, дзе гаспадарыў ягоны брат. (Пра тагачасны стан маёнтка дазваляюць мець уяўленне інвентар, складзены ў 1846 годзе [383], і звесткі пра эканамічныя складаннасці навакольных земляў за 1858 год [384]).