Выбрать главу

У Рамана Эсткі былі дзве дачкі. Старэйшая — Марыя Віслоцкая (1846 — 1932) пражыла доўгае жыццё, захоўвала ў Лышчыцах пад Брэстам (у маёнтку мужа) значную частку сямейнага архіва Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, клапацілася пра памяць генерала Т. Касцюшкі. Памерла ў Сяхновічах 29 лістапада 1932 года, пахаваная на могілках у Ківацічах (Кобрынскі раён) 2 снежня.

Малодшая — Казіміра Раманаўна пабралася шлюбам з Аляксандрам Восіпавічам Булгакам, прынёсшы ў пасаг Малыя Сяхновічы роду Булгакаў. Апошняя ўласніца маёнтка Стэфанія Булгак, сваячка Эсткаў па жаночай лініі, жыла тут да 1939 года.

На месцы колішняй сядзібы, перад будынкам школы ў 1988 годзе быў пастаўлены адзіны пакуль на Беларусі помнік-бюст Тадэвушу Касцюшку (створаны ў 1930-ыя гады мясцовай архітэктаркай Альбінай (Бальбінай) Свіціч-Відацкай [385]).

Наймалодшая сястра Іпаліта і Рамана Эсткаў Людвіка пайшла за Караля (Карла Ігнацьевіча) Нарбута. У сям’і было, па звестках А.М. Нар-бута, чацвёра дзяцей: Тэкля (каля 1830 — 1865), Георг (каля 1835 — ?), Казімір Караль (1837 — ?) і Хрысціна (1839 — ?) [386].

Муж Людвікі трымаў маёнтак Шпіталі з часткаю Сяхновічаў. У 1849 годзе ён меў маёмасныя стасункі з Рамуальдам Траўгутам, будучым кіраўніком паўстання 1863 — 1864 гадоў, якому павінен быў сплаціць ранейшую запазычанасць коштам сялян, якімі валодаў [387].

Старэйшая дачка Карла Нарбута Тэкля мела шлюб з Ілаковічам, спадчыннікам суседніх Вялікіх Сяхновічаў. Ад іх маёнтак у 1850 годзе перайшоў у рукі Пшыбораў (Прыбораў, Пржыбораў), якія жылі тут да верасня 1939 года [388].

Нашчадкі Ганны з Касцюшкаў Эсткі жывуць і сёння. Польская пісьменніца Б. Ваховіч згадвала, як падчас інтэрв’ю на польскім радыё ў Чыкага (ЗША) у пакой убегла ўсхваляваная сакратарка з крыкам: “Звоніць унучка Касцюшкі!” Патэлефанавала Ганна Стэцкая, якая сумесна з мужам Юзафам Арчыньскім трымала “на Крупушках лепшую кнігарню ў Закапані” і сапраўды мела сваяцкія сувязі з Касцюшкамі. Па прамой лініі яна паходзіла ад “героя паўстання і легіёнаў Дамброўскага” Тадэвуша Эсткі.

Акрамя таго, у Познані і цяпер яшчэ жывуць Ратомскія — нашчадкі сям’і, з якой паходзіла Тэкля, маці Ганны, Юзафа, Кацярыны і Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкаў-Сяхновіцкіх [389].

ЖУЛКОЎСКІЯ

На поўнач ад сучаснай вёскі Малыя Сяхновічы, каля праваслаўных могілак, знаходзіцца ўрочышча Жалкоўшчына (Жулкаўшчызна), у назве якой зберагаецца памяць пра колішніх уласнікаў гэтых мясцінаў Жулкоўскіх (Жалкоўскіх),

А менавіта — ваўкавыскага харунжага Караля Жулкоўскага, які ў 1763 годзе ажаніўся з Кацярынай, малодшай дачкой Людвіка і Тэклі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.

Калі адносіны генерала Тадэвуша Касцюшкі з Эсткамі складваліся надзвычай прыхільна, дык стасункі з Жулкоўскімі, наадварот, амаль увесь час азмрочваліся судовымі канфліктамі. З 1770-ых гадоў К. Жулкоўскі быў адным з крэдытораў Т. Касцюшкі (даўгі генерала пазней сплаціў Пётр Эстка). У 1787, 1788, 1791, 1792 гадах вяліся грашовыя цяжбы між

Т. Касцюшкам і Жулкоўскімі [390].

Генерал, які ахвотна падтрымліваў сувязі з Ганнаю, быў, здаецца, зусім абыякавым да лёсу Кацярыны. Дакладная дата смерці ўласніцы Жулкаўшчызны невядомая. Т. Корзан лічыў, што гэта адбылося каля 1789 года (16 снежня 1791 года Кацярыны дакладна ўжо не было сярод жывых). Яе пахавалі на Спораўскіх могілках (адна з дачок Кацярыны была замужам за ўласнікам маёнтка Спорава на Бярозаўшчыне з роду Лях-Шырмаў [391]). Караль Жулкоўскі памёр у 1791 годзе (гэтыя даты Т. Корзан прыводзіў “па памяці, паводле акта з ХІХ стагоддзя, выняткі з якога згубіў”).

Жулкоўскія пакінулі сем дзяцей: Юзафа, Яна, Ігнація, Караліну, Брыгіту, Ганну, Алену (Хелену).

Старэйшы сын Юзаф (Іосіф Карлавіч) Жулкоўскі ў часы 7-й рэвізіі, якая адбывалася ў Расійскай імперыі ў 1816 — 1817 гадах, быў пазначаны як уласнік Сяхновічаў-Жулкаўшчызны з 43 прыгоннымі сялянскімі сем’ямі [392].

Не выклікае сумнення, што свой працяг радавод Жулкоўскіх меў ад Яна і Ігнація.

Ян (Іван Карлавіч) нарадзіўся ў 1765 годзе. У алфавітным роспісе кобрынскай шляхты за 1820 год пра яго паведамляліся наступныя звесткі: “Іван Караля сын Жалкоўскі, 55 гадоў, з дваран, вотчынны маёнтак у Ваўкавыскім павеце з 46 душамі мужчынскага полу. 1792 г. — (прызначаўся) ваўкавыскім земскім суддзёй. 1811 г. — межавым суддзёй. 9 снежня 1817 года — павятовым харунжым. 26 сакавіка 1819 г. — пасля смерці суддзі Радавіцкага дваранствам абраны межавым суддзёй” [393].

Суддзя Ян Жулкоўскі меў дачку (імя яе невядомае), якая зрабілася жонкаю суддзі ваўкавыскага апеляцыйнага суда, удзельніка паўстання 1863 — 1864 гадоў Адама Яна Віктара Быхаўца герба “Магіла”. Яны жылі на Пружаншчыне. Верагодна, у сядзібе Адамкава, якая атрымала назву паводле імя заснавальніка [394].