Далейшы радавод галіны Яна паспрабавалі аднавіць А.М. Нарбут і А.Т. Федарук [395]. Унук Я. Жулкоўскага — Здзіслаў Быхавец (нар. 1840) меў сыноў Льва (нар. 1876) і Адама (нар. 1878). Унучка — Аляксандра (? — 1915) пабралася шлюбам з Ксаверыем Францішкам Мельхіёрам Бутрымовічам (1820 — 1911), ад якога нарадзіла дачку Ядвігу Біруту (1863 — ?) і сыноў Вітольда Матэвуша (1865 — 1917) і Збігнева Станіслава (1868 — 1923), прадаўжальнікаў вядомага на Беларусі роду Бутрымовічаў герба “Сякера”.
У сваю чаргу Ігнацій, родны брат Яна Жулкоўскага, меў дачку Ізабелу, што выйшла замуж за Ігнація Ваньковіча, ад якога нарадзіла сыноў Уладзіслава і Іпаліта. Браты Ваньковічы нароўні з іншымі нашчадкамі Т. Касцюшкі ўдзельнічалі ў справе спадчыны генерала, якая засталася ў ЗША. Прычым старэйшы — Уладзіслаў, які атрымаў даверчы ліст (“верющее письмо”) на правядзенне гэтай справы ад памешчыкаў Ваўкавыскага павета Міхала Ігнацьевіча Шырмы і Адама Восіпавіча Быхаўца (таксама родзічаў Т. Касцюшкі па жаночай лініі), як вынікае з матэрыялаў архіўнай справы, нават лічыў, што “дзед ягоны генерал Тадэвуш Касцюшка памёр у Амерыцы”. А амерыканскія адвакаты, якія выступалі на працэсе ў абарону беларускіх спадчыннікаў, запатрабавалі, каб не толькі Эсткі, але і нашчадкі Кацярыны з Касцюшкаў Жулкоўскай атрымалі сваю долю. Пасол Расіі ў Злучаных Штатах А. Бадзіска яшчэ напачатку 1846 года ў лісце на імя міністра замежных спраў паведамляў, што раней ў якасці спадчыннікаў генерала разглядаліся выключна Эсткі, “але паколькі з ягонага радаводу бачна, што Жалкоўскія і Ваньковічы таксама ягоныя родзічы ў такой самай ступені”, тады, па прапанове адвакатаў, і ім былі дасланыя афіцыйныя паперы па справе (“для избежания возражений противной стороны и всяких других проволочек”) [396].
Фальварак Жулкаўшчызна, родавае гняздо сям’і, размешчанае ва ўрочышчы Бабій Грудок, на поўнач ад Малых Сяхновічаў, пазней быў апісаны ў інвентары 1855 года. Ад колішняй сямейнай капліцы-пахавальні да ўязной брамы цягнулася алея. Дзяцінец сядзібы быў акружаны новым штакетнікам, а сад і парк — жардзінамі. У цэнтры сядзібы месціўся дом з вокнамі ў драўлянай і алавянай рамах, камінамі і зялёнымі кафлявымі печкамі. Побач было шмат гаспадарчых пабудоў, у тым ліку пякарня, невялікі свіран з сырніцай, канюшня, вазоўня. Далей меліся бровар, лазня, абора і хлявы [397].
Жулкаўшчызна, якая пазней злучылася з Малымі Сяхновічамі, цалкам выгарэла падчас пажару, які адбыўся каля 1915 года (па ўспамінах мясцовых жыхароў, фальварак быў падпалены рускімі салдатамі, якія адыходзілі на ўсход).
Да сённяшняга дня захаваліся дзве невялічкія сажалкі, якія моцна абмялелі і зараслі. Праз дарогу, насупраць былой сядзібы (на Сяхновіцкіх вясковых могілках), месціцца цагельная капліца-пахавальня ХІХ стагоддзя, адноўленая ў 2002 годзе [398].
ПА-ЗА РАДАВОДАМ
Апроч тых Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, сямейныя сувязі якіх стала магчыма рэканструяваць, яшчэ вялікая колькасць прадстаўнікоў сям’і застаецца па-за радаводам.
Б. Шындлер наступным чынам тлумачыў прычыны праблемаў, што паўстаюць перад даследчыкамі, якія спрабуюць абнавіць генеалогію Касцюшкаў-Сяхновіцкіх: “Выводзіць іх радавод — справя нялёгкая. Асноўную цяжкасць выклікае адсутнасць многіх урадавых крыніц, што датычацца Касцюшкаў, а таксама досыць частае з’яўленне аднолькавых імён у блізкіх пакаленнях” [399].
Адам Банецкі, які ў пачатку ХХ стагоддзя падаў даволі падрабязны пералік Касцюшкаў герба “Рох-ІІІ” [400], прызнаваў, што пра частку іх не ведае дакладна, ці належаць яны сапраўды да названага герба.
У 1860 — 90-ыя гады, напрыклад, сваё шляхецкае паходжанне пацвердзілі ў Валынскай губерні наступныя Касцюшкі: “Мікалай з сынамі Янам і Тэадорам ды Ян з сынамі Паўлам і Аляксандрам, сыны Цэлесціна, унукі Ігнація, праўнукі Антонія Янавіча”. У названага Тэадора былі сыны Стэфан і Мікалай.
Даследчык прыводзіў таксама і іншы сямейны ланцужок Касцюшкаў, што засталіся па-за нашым радаводам.
У 1862 годзе браты Юзаф, Ян і Базыль Пятровічы Касцюшкі былі ўнесеныя ў дваранскія кнігі. Пры гэтым яны паказалі, што з’яўляюцца ўнукамі Яна, праўнукамі Юзафа і прапраўнукамі Канстанціна Рыгоравіча Касцюшкі.
Старэйшы з вышэйназваных братоў меў сына Лукаша, а той, у сваю чаргу, сыноў Паўла і Аляксандра.
Сярэдні брат Ян у 1872 годзе ўнёс ў родавыя кнігі ўжо свайго сына Яна, а ў 1897 годзе яшчэ і Паўла.