Выбрать главу

“Малады чалавек (ён выглядаў не больш як на 25 ці 26 гадоў) быў моцнага складу, твар трохі загарэлы, са свежым румянцам, прыметна кульгаў на адну нагу, але пры гэтым быў надзвычай красамоўны, жвавы, поўны агню, а пачцівасць і шляхетнасць яго адразу чыталіся ў сапфіравых зрэнках”. Імя маладога Касцюшкі, які быў упраўляючым суседняга маёнтка, карэспандэнт не запомніў дакладна (“здаецца, зваўся Тадэвушам”).

Пры наступнай сустрэчы Касцюшка пазнаёміў аўтара допісаў са сваім швагерам Слівінскім. Той, у сваю чаргу, паведаміў, што адзін з ягоных продкаў некалі служыў у князёў Астрожскіх, тагачасных уладароў Цеціеўскага Ключа. Ад гэтых князёў продак Слівінскіх за верныя паслугі атрымаў фальварак ля самага мястэчка. Сам пан Слівінскі ажаніўся з сястрою Касцюшкі. Апроч таго, у доме Слівінскіх таксама жыла малодшая сястра — панна ўжо дарослая, вельмі падобная на брата [411].

Ужо на пачатку ХХ стагоддзя пошукі нашчадкаў Т. Касцюшкі завялі іншага даследчыка У.М. Казлоўскга нават за акіян. Збіраючы матэрыялы да біяграфіі генерала, ён трапіў у госці да нейкага Т.К. Хуткоўскага, які жыў у тагачасным прыгарадзе Нью-Йорка Брукліне [412].

Той не ведаў аніводнага слова па-польску, нават прозвішча свае вымаўляў як “Чуткоўскі”. Пры сустрэчы амерыканец паказаў лацінскамоўную метрыку шлюбу (ад 11 ліпеня 1773 года) сваёй прабабкі Малгажаты Касцюшкі са стольнікам дабжынскім Вінцэнтам Хуткоўскім.

Праз год (10 жніўня 1774 года) нарадзіўся іх першанец Каспар Хуткоўскі, які ў 1802 годзе афіцыйна атрымаў пацверджанне свайго дваранскага паходжання.

Сын Каспара Ігнацій Хуткоўскі (1809 — 1884) у нечым паўтарыў лёс генерала Тадэвуша Касцюшкі: удзельнічаў у паўстанні 1830 — 1831 гадоў на былых землях Рэчы Паспалітай, скіраваным супраць расійскага самадзяржаўя, затым вымушаны быў эміграваць, а 13 мая 1835 года пераехаў на сталае жыццё ў ЗША. Неўзабаве быў залічаны ў амерыканскую армію. Самым значным эпізодам яго вайсковай біяграфіі стаў удзел у вайне з індзейцамі племені семінолаў, якая разгарэлася ў 1837 годзе на тэрыторыі Фларыды.

Сын Ігнація Хуткоўскага, з якім і сустракаўся У.М. Казлоўскі ў Брукліне, быў названы ў гонар славутага генерала Тадзіусам Касцюшкам [413].

Бруклінскі жыхар належаў да “старой гвардыі Нью-Йорка”, з’яўляючыся сябрам таварыства “Сыны Рэвалюцыі”, якое прымала ў свае шэрагі толькі нашчадкаў тых, хто змагаўся за незалежнасць Злучаных Штатаў.

Т.К. Хуткоўскі ведаў, што ягоны знакаміты цёзка меў толькі дзве родныя сястры, з якіх ніводная не звалася Малгажатай. Чуў, аднак, ад бацькі сямейнае паданне, быццам дзяўчыну доўгі час утрымлівалі ў каталіцкім кляштары, адкуль яна збегла. Тадзіус Касцюшка меркаваў, што Малгажата была невядомаю сястрою Тадэвуша Касцюшкі. Яе, магчыма, рыхтавалі да пастрыгу, а ў сям’і з нейкай прычыны захоўвалі тайну яе існавання.

У.М. Казлоўскі, у сваю чаргу, лічыў, што Малгажата належала да той самай галіны Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, што і генерал. Ступень сваяцтва між імі, на думку даследчыка, “не была далёкаю”, магчыма, Малгажата для Тадэвуша “з’яўлялася стрыечнай сястрой” [414].

Т.К. Хуткоўскі меў адзіную дачку, якую назваў Тадэяй, таксама ў памяць пра славутага продка.

Яшчэ адзін “нашчадак” Т. Касцюшкі прыкладна ў той самы час аб’явіўся на Украіне. Нехта Мар’ян Глязярэвіч, які выконваў абавязкі натарыуса, звярнуўся з лістом у рэдакцыю “Кур’ера Львоўскага”, у якім паведамляў пра сваю сустрэчу з нашчадкам генерала. Артыкул меў назву “Радзіна Касцюшкаў у Галіцыі” (1893 год) [415] і пачынаўся словамі: “Маю абавязкам падзяліцца з чытачамі весткаю, якая, напэўна, іх жыва зацікавіць і ўзрушыць... Імя вялікага героя, сустрэтае праз столькі гадоў у нашым засцянковым павеце, нарадзіла ўва мне розныя здагадкі і дапушчэнні, якімі хочацца падзяліцца. З гэтай нагоды выклікаў я да сябе селяніна Марцэлія Касцюшку, што жыве ў Бучацкім павеце” (цяпер  частка Цярнопальскай вобласці).

Ягоны дзед Ян Касцюшка, якога Марцэлій лічыў братам генерала, перасяліўся ў Галіцыю з Літвы-Беларусі пасля Касцюшкавага паўстання. Ужо на Украіне Ян пабраўся шлюбам і нарадзіў Ваўжэнца (Лаўрына) (1799 — 1865) ды Матэвуша. Першы таксама меў двух сыноў — згаданага вышэй Марцэлія і Антонія Касцюшкаў (Антоній у 1893 годзе меў малога сына Войцеха). Як сцвярджаў М. Глязярэвіч, Марцэлій “сваімі рысамі вельмі нагадваў Тадэвуша”.

Нягледзячы на тое, што на той час у навуковым свеце ўжо было дакладна вядома, што пералічаныя асобы не маглі знаходзіцца ў той ступені сваяцтва да генерала, пра якую гаварылі, у рэдакцыі “Кур’ера Львоўскага” не выключалі магчымасці, што яны ўсё ж былі ўнукамі, а малы сын Антонія — праўнукам генерала [416]. (Пры гэтым усе сямейныя паперы нібыта згарэлі ў час паўстання 1830 — 1831 гадоў).