Выбрать главу

Я — адна з тых, каго цяжка замяніць, бо такія трапляюцца надзвычай рэдка. Дзесьці адзін шанец на дзесяць мільёнаў. Прытым, не ўсе з патэнцыяльных кандыдатаў здольныя на гэтую д’ябальскую працу.

І не ўсе з тых, хто здольны, на яе згаджаюцца…

Так што я — адна з незаменных!

Але што зробіш, калі я зламалася!

І не толькі фізічна, хоць адных пераломаў на маім целе ўрачы налічылі больш як два дзясяткі, але і маральна. Маральна — у першую чаргу!

Гэты апошні паядынак… ён мяне даканаў!

— Ну што ж! — прамовіў шэф прымірэнча. — Не — дык не!

Пасля гэтага ён засунуў руку ў бакавую кішэню курткі, доўга там корпаўся і нарэшце выцягнуў з яе пляскатую шкляную бутэльку з такім знаёмым іскрыстым змесцівам.

Кактэйль «Зорны пыл»… любімы мой кактэйль!

— Прабач, што не прапаную! — прагаварыў шэф, зрабіўшы глыток. — Але за тваё будучае здароўе не грэх і выпіць!

Я горда прамаўчала, адчуваючы, як засмяглы рот павольна напаўняецца слінай.

— І вось яшчэ, ледзь не забыўся! — шэф на імгненне змоўк, зноў прыклаўся да бутэлькі. — Твая малодшая сястрычка, я чуў, падала заяву пра перавод на другую лінію.

— Навошта ты мне гэта кажаш? — прасіпела я, насцярожыўшыся.

Сапраўдная размова пачыналася толькі цяпер — гэта я выдатна разумела. А ўсё,

што было да гэтага — так, размінка. Прэлюдыя, як кажуць музыканты.

— На якую канкрэтна?

— На якую?

Шэф задумаўся. Ці, хутчэй, зрабіў выгляд, што задумаўся.

— Канкрэтна не ведаю, але, здаецца, на адну са знешніх. «Зямля — Тытан» ці «Зямля — Ганімед».

— Што?!

Менавіта на трасе «Зямля — Ганімед» і адбылася тая, ракавая для мяне, сустрэча з касмазаўрам. І касмазаўр, як гэта не сумна, ледзь не выйшаў з яе пераможцам.

— Вы гэта спецыяльна падстроілі, хіба не так?! Вам проста неабходна ў мінімальна сціслыя тэрміны вярнуць мяне ў строй, а для гэтага ўсе сродкі падыходзяць, так?!

Замест адказу шэф моўчкі прыклаўся да «Зорнага пылу». Здаецца, перад гэтым ён самазадаволена ўсміхнуўся, што канчаткова вывела мяне з сябе.

— Майце на ўвазе, — прасіпела я з пагрозай, — калі з маёй сястрычкай хоць што-небудзь здарыцца.

— А калі гэта здарыцца з якой-небудзь іншай сцюардэсай?! — з нечаканай злосцю выгукнуў шэф. — Тады ўсё ў парадку, так?! Дачка маёй сястры — другі пілот на трасе «Зямля — Тытан»! А мой унук праходзіць стажыроўку на адным з патрульных караблёў у поясе астэроідаў! І хачу, каб ты ведала: сястра твая сама пажадала перавесціся на знешнія лініі, нягледзячы на тое, што яе ўсяляк спрабавалі ад гэтага адгаварыць.

Шэф змоўк, так і не скончыўшы фразы, а я на яго пазірала і марна спрабавала зразумець, што гэта было? Чарговы шахматны ход. ці ўсё ж.

Часам мне вельмі цяжка зразумець шэфа.

— Добра! — прасіпела я на здзіўленне спакойна. — Твая зноў узяла! Даю згоду на паскораную тэрапію! Але сястрычку маю вы вернеце на лінію «Зямля— Венера»!

— Сёння ж вернем, як бы яна не брыкалася. Тым больш, што іх лайнер пакуль яшчэ на перазагрузцы! — паабяцаў шэф, імгненна выхопліваючы з кішэні і падносячы да майго знявечанага носу партатыўны прыбор пад сціплай назвай «Натарыус- аўтамат». — А ты, калі ласка, зноў паўтары сваю згоду на паскораную тэрапію! Толькі выразна і зразумела!

— Як умею! — агрызнулася я і сіплым голасам пачала паўтараць сваю згоду.

Згоду на яшчэ адзін год вар’яцкага жыцця, з якога я, здаецца, так ніколі і не

вырвуся!

Да самай сваёй пагібелі.

2

Спрытна манеўруючы сярод касмічных лайнераў і фрэгатаў, мой маленькі караблік павольна набліжаўся да аднаго з галоўных выхадаў з арбітальнага дока. Вядома ж, гэта быў зусім іншы караблік, бо ад яго папярэдніка застаўся толькі варты жалю камяк касмічнага смецця.

І ў той жа час галоўная частка карабля захавалася ранейшай, і гэтая частка.

Гэтая частка — я!

Я — гэта карабель, карабель — гэта я! Мы з ім — адзінае цэлае!

А яшчэ мы — самая магутная і самая дасканалая зброя з усяго, што створанага калі-небудзь чалавечым розумам.

Да прыкладу, я магу знішчыць любы з гэтых лайнераў альбо фрэгатаў усяго за некалькі імгненняў. А за некалькі хвілін — звышмагутны баявы крэйсер. Нават эскадру, калі толькі пастаўлю перед сабой падобную мэту.

Вось толькі мэты ў мяне зусім іншыя, бо я.

Я — касмічны паляўнічы на касмазаўраў!

Праўда, гэта не зусім звычайнае паляванне, бо ў той час, калі паляўнічы спрабуе высачыць чарговага касмазаўра, касмазаўр, у сваю чаргу, актыўна высочвае самога паляўнічага. І, на жаль, даволі паспяхова.