У сярэднім касмічны паляўнічы паспявае за сваё нядоўгае жыццё знішчыць двух-трох касмазаўраў, перш чым чарговы касмазаўр заспее яго знянацку.
Але гэта «ў сярэднім».
З пяці стажораў пасля першага ж палявання (часцей за ўсё беспаспяховага) у жывых застаюцца толькі трое. Радзей — чацвёра.
І толькі пасля гэтага ім урачыста надаецца званне «касмічнага паляўнічага».
Двое з кожных трох, што засталіся ў жывых, катэгарычна адмаўляюцца і ад ганаровага звання і ад усіх прывілеяў, што непасрэдна з ім звязаны.
Але затое застаюцца жыць!
Тыя ж, хто адважваюцца працягнуць паляванне, паспяваюць за нядоўгае касмічнае жыццё знішчыць аднаго ці двух (радзей — трох) касмазаўраў.
Такая вось невясёлая статыстыка!
Але няма правілаў без выключэнняў.
На маім баявым ліку, да прыкладу, ужо сямнаццаць гэтых касмічных монстраў, а я ўсё яшчэ.
Усё яшчэ жывая.
Апошні з касмазаўраў зрабіў, здавалася б, усё магчымае, каб выправіць абуральную супярэчнасць паміж мной і статыстыкай, але.
Але я ўсё роўна засталася жывой, а ён.
Ён стаў сямнаццатым маім трафеем.
Бо я — Скадзі, багіня палявання ў старажытных вікінгаў! А таксама — пагроза для ўсіх касмазаўраў і апошняя надзея чалавецтва.
Упершыню пра касмазаўраў людзі даведаліся гадоў трыццаць таму (яшчэ да майго нараджэння). На лініях знешніх планет пачалі раптам бясследна знікаць кас мічныя караблі. Дакладней, не зусім бясследна, бо экіпажы некаторых з іх паспявалі ўсё ж у апошні момант перадаць у эфір панічныя паведамленні пра гіганцкіх вогнедышных монстраў, якія іх атакавалі. На гэтым, у большасці сваёй, паведамленні і абрываліся.
На Зямлі спачатку вырашылі, што гэта чарговы (пасля зацяжнога спаду) усплёск піратскай экспансіі. Уражвала толькі незвычайная бязлітаснасць піратаў, не проста рабуючых (як здаралася і раней), але і поўнасцю знішчаючых караблі разам з людзьмі. А потым сюды прыляцелі, каб здацца ўладам, адразу некалькі дзясяткаў пірацкіх фрэгатаў з экіпажамі, перапалоханнымі да паўсмерці.
Менавіта ад іх на Зямлі і даведаліся, з якой новай навалай сутыкнулася чалавецтва.
Вучоныя да гэтага часу не высветлілі, адкуль, з якіх таямнічых касмічных глыбінь прыйшлі да нас гэтыя монстры. Яны аблюбавалі для свайго жыхарства пояс астэроідаў, што размяшчаецца, як вядома, паміж арбітамі Марса і Юпітэра. Тут, сярод тысяч і тысяч каменных астэроідаў, маюцца і жалезна-нікелевыя. Менавіта гэтыя два металы, як высветлілася, і прыцягваюць касмазаўраў. З-за іх касмазаўры на нас і нападаюць…
Іх цікавяць не самі людзі, а толькі метал іх караблёў. Праўда, людзям ад гэтага аніяк не лягчэй.
Хто такія касмазаўры? Сярод вучоных у гэтым пытанні няма адзінага меркавання. Адны з іх лічаць касмазаўраў гіганцкімі робатамі далёкай і пакуль невядомай нам цывілізацыі. І дадаюць пры гэтым, што касмазаўры не харчуюцца металам, а ўсяго толькі яго. перапрацоўваюць. А потым нейкім загадкавым чынам перапраўляюць звышчыстыя зліткі жалеза ці нікеля сваім непасрэдным гаспадарам.
Гэтыя вучоныя ўпэўнены, што гаспадары, адпраўляючы робатаў-металургаў у наш сектар Галактыкі для пошуку і распрацоўкі металічных астэроідаў, зусім не хацелі нанесці хоць нейкую шкоду людзям. І калі наладзіць сувязь з сапраўднымі гаспадарамі касмазаўраў ды ўсё ім добранька растлумачыць…
Вучоныя літаральна са скуры вылузваюцца, толькі б даказаць правільнасць свайго пункта гледжання.
На жаль, жывога (ці, як яны лічаць, спраўнага) касмазаўра вывучаць даволі праблематычна, бо добраахвотнікаў для гэтай справы пакуль што не знайшлося. Таму вучоныя мужы рупліва збіраюць усё тое, што застаецца ад чарговага касмазаўра пасля паспяховай сустрэчы з ім касмічнага паляўнічага. А потым вывучаюць мізэрныя рэшткі ў сваіх лабараторыях. Без асаблівых вынікаў, дарэчы.
Вось чаму мне больш даспадобы пункт гледжання тых вучоных, якія лічаць касмазаўраў своеасаблівай касмічнай формай жыцця. Небялковай і неразумнай, вядома ж, але ніяк ад гэтага не менш небяспечнай.
Гэтым, дарэчы, тлумачыцца і разбежка ў памерах паміж касмазаўрамі, бо сустракаюцца сярод іх асобіны амаль кіламетровай даўжыні і куды больш сціплыя экзэмпляры. Я асабіста знішчыла трох кіламетровых гігантаў, уключаючы і апошняга, які ледзьве не атрымаў перамогу ў нашым з ім паядынку. Яшчэ пяць «трафеяў» крыху не дацягвалі да гэтых памераў. А самы «мініяцюрны» мой касмазаўр і на паўкіламетра не прэтэндаваў.
Колькі касмазаўраў знаходзіцца ў раёне пояса астэроідаў? Гэта, як кажуць, пытанне з пытанняў, і адказу на яго не існуе. Ва ўсялякім разе, пакуль што не існуе. Вядома толькі, што касмазаўра, які знаходзіцца ў здранцвенні (гэта значыць, скруціўшыся ў шчыльны клубок), немагчыма адрозніць ад звычайнага астэроіда нават на мінімальна блізкай адлегласці.