Выбрать главу

Дарэчы, менавіта дзякуючы такой іх асаблівасці і ўзнікла яшчэ адна тэорыя раптоўнага з’яўлення вялікай колькасці касмазаўраў на знешніх касмічных трасах. Маўляў, гэтыя монстры доўгія мільёны (а магчыма, і мільярды) гадоў знаходзіліся ў глыбокай спячцы сярод пояса астэроідаў, пакуль людзі безразважным выхадам у космас іх ад гэтай спячкі не абудзілі. Гіпотэза, што і казаць, цікавая і, вядома ж, мае сваіх гарачых прыхільнікаў. Але на галоўнае пытанне — робаты гэта ці ўсё ж своеасаблівыя жывыя істоты — гэтая тэорыя таксама адказу не дае.

3

У адкрытым космасе мой караблік можа перамяшчацца доўгімі імклівымі «скачкамі», а можа і павольна (па касмічных мерках, зразумела) баражыраваць па канкрэтна вызначаным маршруце. Вось і цяпер, здзейсніўшы цэлую серыю «скачкоў», я дабралася, нарэшце, да зыходнай пазіцыі, пра што адразу ж і паведаміла на Цэнтральную станцыю навядзення. У адказ мне параілі набрацца цярпення і, рухаючыся з мінімальна дапушчальнай хуткасцю, чакаць напарніка, а таксама далейшых указанняў.

Выказаўшы Цэнтру ўсё тое, што я думаю пра напарнікаў і ўказанні, я ўсё ж падпарадкавалася і пачала цярпліва чакаць, скінуўшы хуткасць карабліка да пяці кіламетраў у секунду. Паблізу зямной арбіты хуткасць гэтая лічыцца больш чым значнай. Тут жа, сярод касмічнай пустэчы, — не болей, чым занудлівае таптанне на месцы.

За больш чым трыццаць гадоў барацьбы з касмазаўрамі, людзі многае пераспрабавалі і шмат чаму навучыліся. Да прыкладу, пры дапамозе шматлікіх сродкаў касмічнага высочвання (як стацыянарных, так і тых, што знаходзяцца ў свабодным палёце) мы здолелі даволі дакладна засякаць месцазнаходжанне любога касмазаўра, які актыўна перамяшчаецца ў касмічнай прасторы. І не проста засякаць, а адразу ж перадаваць ягоныя каардынаты: прыблізную хуткасць і напрамак руху на экраны бліжэйшым паляўнічым. Вось толькі вучоныя, на жаль, так і не змаглі зразумець і растлумачыць дзіўную здольнасць касмічных монстраў раптоўна знікаць у адным месцы прасторы і амаль імгненна з’яўляцца ў іншым, часам на адлегласці ад першага на сотні тысяч і нават мільёны кіламетраў.

Нашы караблікі таксама могуць пранізваць прастору, «здзяйсняць скачок», але ў «скачках» касмазаўраў выкарыстоўваецца нейкі іншы прынцып, пакуль што нам невядомы.

Здольнасць касмазаўраў раптоўна выкідваць з пашчы доўгія (часам, на некалькі кіламетраў) языкі распаленай плазмы, небяспечнай нават для звыштрывалай карабельнай брані, — гэта таксама пакуль ніяк не тлумачыцца нашымі вучонымі мужамі.

У барацьбе з новай касмічнай навалай даволі добра праявілі сябе аўтаматычныя караблікі-прынады, здольныя прыцягнуць да сябе ўвагу касмазаўра і тым самым значна палегчыць паляўнічым іх пошук. Вось толькі ўсе спробы начыніць гэтыя «прынады» выбуховым рэчывам (у тым ліку і ядзерным) пацярпелі фіяска. Пасля першага (і адзінага) поспеху, з вялікай помпай адзначанага ў Цэнтры, гэтыя «нафаршыраваныя» караблікі пачалі самаадвольна ўзрывацца, як толькі да іх набліжаўся чарговы касмазаўр.

З гэтай жа прычыны тэрмінова адмянілі практыку «фаршыравання» выбуховымі рэчывамі саміх паляўнічых караблікаў.

Паглыбіўшыся ў невясёлы роздум, я не адразу заўважыла, як яшчэ адзін паляўнічы караблік вырваўся з апошняга «скачка» і завіс нерухома непадалёку ад мяне. На левым ніжнім маніторы адразу ж высвецілася ягоная павялічаная выява і нумарны знак.

Мяркуючы па нумары, маім сённяшнім напарнікам быў той самы хлопчык, з якім пазнаёмілася тыдзень таму, у першы ж вечар вяртання на базу. Тады маё вяр танне адзначылі з небывалым размахам: спачатку грандыёзны банкет, потом шыкоўны танцавальны вечар. вось тады хлопчык і асмеліўся запрасіць мяне на танец.

Вярнуўшыся з першага свайго палёту, хлопчык не толькі застаўся ў жывых, але і адчувальна дапамог свайму больш вопытнаму напарніку ў знішчэнні мацёрага кас мазаўра і вельмі тым ганарыўся. Відаць, таму і асмеліўся на гэтае запрашэнне. Справа ў тым, што я была для хлопчыка не проста кумірам, а ягоным боствам, і ў паляўнічыя ён пайшоў дзеля таго, каб хоць зрэдку, хоць здалёк бачыць мяне, як кажуць, ужывую. Калі б не банкет, дзе разнастайныя напоі ліліся ракой, і калі б не той факт, што я, па словах самога хлопчыка, аказалася прыгажэйшай, чым на стэрэавыявах, то наўрад ці асмеліўся б ён проста наблізіцца да мяне, не тое, каб.

Пра ўсё гэта я даведалася ад самога хлопчыка ўжо ноччу, калі мы ляжалі, цесна абняўшыся, у ложку. У маёй уласнай спальні, вытанчаная раскоша якой уразіла беднага хлопчыка больш, чым мая прыгажосць.