Выбрать главу

Але ўсё гэта было потым, ноччу, а тады, запрашаючы на танец, новаспечаны «касмічны паляўнічы» выглядаў такім перапалоханным, што я не змагла яму адмовіць. Ну, а правесці сумесную ноч — гэта была ўжо мая ўласная ініцыятыва.

Ноч прайшла цудоўна. але раніцай я рассталася с хлопчыкам без усялякага шкадавання. Такое маё цвёрдае правіла: расставацца з партнёрам пасля першай жа сумеснай ночы. Гэтага правіла ніколі яшчэ я не парушыла.

І вось цяпер мне навязваюць гэтага жаўтароціка ў напарнікі! Мне, касмічнай багіні палявання! Падазраю, што без інтрыг глыбокапаважанага шэфа тут не абышлося.

Я не вельмі люблю напарнікаў. Калі шчыра, цярпець не магу, бо з самага першага палёту прызвычаілася дзейнічаць самастойна, ні за кога, акрамя сябе самой, не адказваючы і ні на кога, акрамя сябе, не спадзеючыся.

Не люблю напарнікаў, але калі іх усё ж навязваюць, а такое здараецца не так і часта, я не пратэстую. Проста поўнасцю іх ігнарую. Разумеючы гэта, у апошні час мне дазваляюць выходзіць у свабодны пошук у гордай адзіноце.

Таму я не стала ні злавацца, ні пратэставаць. Проста паслала выклік шэфу.

— Прывітанне, Скадзі! — амаль адразу ж адгукнуўся ён, з’явіўшыся на цэнтральным экране і шырока ўсміхаючыся. — Адразу ж спяшаюся адказаць на тваё маўклівае пытанне: я тут ні пры чым! Ён сам напрасіўся. Са слязьмі на вачах, між іншым! Калі табе гэта так непрыемна — можаш паслаць яго падалей!

У думках я паслала самога шэфа і адключыла лінію. Затым, крыху павагаўшыся, звязалася з караблікам напарніка.

— Касмічны паляўнічы К-22 на сувязі! — пачуўся з дынаміка ўсхваляваны голас хлопчыка. Ніяк не атрымлівалася ўспомніць ягонае імя, хоць хлопчык і называў яго ноччу. — Чакаю загаду!

Адказаць я не паспела. Імгненна засвяціліся, ажылі ўсе без выключэння экраны, фіксуючы з’яўленне касмазаўра. Зусім побач, на адлегласці не больш як трыста тысяч кіламетраў.

На такой адлегласці касмазаўр ужо здольны адчуць такую металічную «дробязь», як паляўнічы караблік. Тым больш, што іх тут два!

— А-3, я — К-22! — зноў пачулася з дынаміка. — Да бою гатовы! Якія будуць указанні?

— Заставацца на месцы і не рыпацца! — працадзіла я праз зубы. — І, галоўнае, не перашкаджаць мне!

Я рыхтавалася да бою. Чыста псіхалагічна. Ва ўсім астатнім мой караблік быў у поўным парадку.

Вось толькі забыцца б, з якім жудасным хрустам ламаюцца косці ўласных ног пад сплюшчаным у гармонік металам. І як непрыемна захлынацца ўласнай крывёю ў той час, калі карабельныя сцены пачынаюць прапальваць знадворку плазмай у тры мільёны градусаў.

І гэта цуд, што ў апошні момант я паспела-такі задзейнічаць лазерны меч левай рукі! Адзіную сваю зброю, якая яшчэ заставалася непашкоджанай.

Я рыхтавалася да бою, а касмазаўр па невядомай мне прычыне нападаць пакуль не спяшаўся. Больш таго, карабельныя прыборы зафіксавалі павелічэнне адлегласці паміж монстрам і маім караблікам.

Гэта было неверагодна, але касмазаўр вырашыў пазбегнуць паядынку. Ён павольна аддаляўся.

— А-3, я — К-22! Прыкрый, атакую!

Гэта было яшчэ больш неверагодна! Пакуль я вагалася і раздумвала, наваспечаны знішчальнік касмазаўраў рынуўся ў атаку!

Было ўжо занадта позна яго спыняць, і я, вылаяўшыся праз зубы, накіравалася следам. Хлопчык рухаўся даволі ўпэўнена, хуткімі кароткімі «скачкамі». і, магчыма, быў здольны самастойна расправіцца з касмічным монстрам. Таму я вырашыла даць хлопчыку такую магчымасць, тым больш, што адчувала сябе перад ім крышачку вінаватай.

Як я ўжо адзначала, тая наша ноч прайшла цудоўна, але, калі раніцай растлумачыла хлопчыку прычыну, па якой мы не павінны больш сустракацца, — ён у гэта ні кропелькі не паверыў. І ўцямяшыў сабе ў галаву, што проста не апраўдаў маіх спадзяванняў, расчараваў мяне гэтай першай і адзінай нашай ноччу. І як ні спрабавала пераканаць яго ў зваротным, хлопчык так і застаўся пры сваім меркаванні.

І вось цяпер, атакуючы ў адзіночку касмазаўра, ён, дурненькі, разлічваў такім вось рызыкоўным чынам аднавіць у маіх вачах сваё рэнамэ.

Ніколі яшчэ ні адзін касмазаўр не ўхіляўся ад схваткі з паляўнічым. А гэты з усіх сіл спрабаваў адарвацца ад паляўнічага карабліка, хоць шанцаў на гэта ў касмічнага монстра не мелася аніякіх. Яшчэ крыху — і касмазаўр апынецца ў зоне дасягальнасці дальнабойных плазменных установак карабля.

Не майго, зразумела ж. карабля хлопчыка. К-22.

І ў гэты самы момант ніадкуль, з вугальна-чорнай касмічнай пустэчы ўзнік другі касмазаўр. І ўзнік ён непадалёку ад карабля хлопчыка, які толькі што завяршыў чарговы «скачок».